Арэхападзенне

Пачкоўская Віялета

Жанр: Поэзия  Поэзия    2013 год   Автор: Пачкоўская Віялета   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Арэхападзенне ( Пачкоўская Віялета)

Віялета Пачкоўская

Арэхападзенне

* * * твае вусны — як комін над хатай маёй бабулі толькі паліш часцей, чым яна ў печы твае вусны — як слімак на старой слівіне пяшчотныя і выкшталцоныя валасы — як халодныя макароніны звіваюцца долу, падаюць у міску ты некалі будзеш з залысінай як мой дзед, ты й зараз да яго падобны: стары грыб — худыя ногі, цыгарэта ў зубах і выключны ўнутраны свет толькі што не храпеш, але гэта прыйдзе з часам прасую твае майкі гладжу тваю скуру латаю кішэні, прышываю гузікі я кожны дзень шчаслівая бо ты штораніцы просіш есці а ноччу абдымаеш у сне я думаю, нам не будзе сумна на пенсіі пры ўмове, што я не памру раней ад смеху а ты кінеш паліць і пачнеш есці суп бо шчасце — гэта ж як два пальцы * * * каб заплюшчыць вочы не трэба нейкіх надзвычайных высілкаў толькі стома, вялізная стома калі ляжу ў цёплым ложку (лепш за ўсё дома, але неабавязкова) і фіранка здаецца ветразем вялікага карабля калі цені перастаюць пужаць і ператвараюцца ў таніраванае шкло ў незамкнёныя дзверы паміж сёння і заўтра ты яшчэ нешта мне расказваеш нейкую надзвычай цікавую гісторыю а я ўжо сама бяру ўдзел у іншай гісторыі я ўжо гартаю вялізную кнігу сноў у пошуках зместу але па звычцы замаўляю два з тваім удзелам бо і ў сне хачу быць побач ты крыўдуеш ты надзімаеш вусны бо не можаш са мной кантактаваць вербальна але выключаеш лямпу і сцеражэш маё дыханне шкарпэткі на падлозе і зубы на шафцы а я працягваю праз пакой свае народжаныя сном шчупальцы і бараню цябе ад сябе ад ценяў на сцяне ад пірацкіх караблёў і сумненняў мы з табой катаемся на санках да самага-самага ранку Віёла спадар, зайграйце на віёле дастаньце скрыпку з футарала яна без вас засумавала і вабіць вашых рук няволя спадар, зайграйце на віёле выправу, бранль у стылі рэгі вы самі гэтага хацелі струна і смык ўжо больш за ролі спадар, зайграйце на віёле і не заплюшчвайце вачэй цалуе вас віяланчэль каленьмі сціснуўшы да болю спадар, зайграйце на віёле спадар, зайграйце на віёле… * * * архітэктура тваіх касцей нашмат складанейшая за шкілет тваёй чарапахі але, напэўна, прасцейшая за формулу паху дажджлівай восеньскай ночы дзіўныя нейкія сны спрасоння працягваю руку і спрабую намацаць тваю рабрыну але ты не побач да цябе пяць прыпынкаў на падземным каўчэгу і пяць навучальных дзён ва ўніверсітэце да цябе не было людзей у цябе няма рабрыны але ёсць выйсце на правы бок з яго крыштальным паветрам гарбатай цукеркамі і саплівым носам наўзамен * * * пасялюся ў тваім заплечніку а ты нават не заўважыш буду кімсьці накшталт дамавіка шамацець сшыткамі надкусваць печыва а неяк па неасцярожнасці а мо й знарок засну ўсяродку і ты знойдзеш мяне на пары па лаціне ці міфалогіі возьмеш маленькую на рукі і панясеш далёка-далёка за самы далягляд мы будзем есці хлеб з семкамі і цалавацца сярод канваліі і сон-травы я падарую табе зялёны шарык патрэбных памераў і буду шторанку расчэсваць твае валасы самшытавым грэбнем а ты мае сваімі пальцамі заплятаючы ў іх траву і кавалкі смугі будзе вецер і драўляная мэбля ціхая музыка і раскінутыя рукі я буду заўсёды маленькая а ты будзеш заўсёды шчаслівы * * * Уцякаю ад цябе ў розныя гарады пакідаючы лужыны 37 памеруй пах парфумы на брукаваных вуліцах а яшчэ недапалкі й адбіткі пальцаў на поручнях трамваяў і метро зіма замарожвае выдыхі робіць коўзкімі ходнікі і я валюся раскідваючы ў радыусе аднаго метра гарбузовыя семкі й рыбіну луску што расце ад адзіноты у далонях і кішэнях паліто (можаш пашукаць, калі дворнік не зблытаў з меднай драбязой) ты робіш тое самае ў гарадах дзе я ніколі не з’яўлюся таропка азіраешся на паваротах і толькі засынаючы ў аўто адчуваю як прыціскаешся да мяне рэменем бяспекі і трымаеш за руку

Алфавит

Интересное

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.