Заходнікі

Далідовіч Генрых

Жанр: Советская классическая проза  Проза  Роман    1994 год   Автор: Далідовіч Генрых   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Заходнікі ( Далідовіч Генрых)

1

— Не ведаю, хлопча, добра я раблю ці не, але мушу сказаць, — прамовіў дзядзька Францішак, калі выбраліся з лесу і запыніліся каля пагонкі. — На тваю Марысю пазырквае Кураглядаў…

Гэта не была для Сцяпана навіна. Марыся расказвала яму — і ўжо не раз, — што той, за вочы Курашчуп, на пачатку года загаворваў гулліва ды непрыстойна, а цяпер пачаў нахабна заступаць дарогу, хапаць за рукі і абы-што шаптаць на вуха. Надоечы Марыся мусіла ўжо не толькі прыкрыкнуць, але нават і злосна адштурхнуць ды прыстрашыць, што паскардзіцца мужу.

Пачуўшы, што пра гэта пачалі ўжо вось гаварыць людзі, Сцяпан уздрыгнуў, але змаўчаў (як і ўсе ў радні, быў не пыхкі і не вельмі гаваркі). Сцяў губы, прыплюшчыў вочы, адвёў позірк ад недалёкай, за вярсту, сцішанай пад высокімі голымі ліпамі роднай вёскі і зірнуў убок: на блізенькі зялёна-цемнаваты акраек лесу і на цярушліва-хмарнае неба, каб, можа, туды — у сыр-бор ды ў халаднаватую высь — адпусціць свой раптоўны сардэчны боль ці адтуль, з вечнай мудрасці, узяць крыху супакаення для занылай душы.

— Я не хачу, нават баюся, каб ты, хлопча, што благое падумаў, а то, крый божа, распусціў дома рукі, — увесь светлы дзень, калі працавалі ў лесе, дзядзька амаль маўчаў, толькі зрэдку загадваў, што і як рабіць, а цяпер вось загаманіў і павёў гутарку асцярожна, не сваім гучным, цвёрдым, а нібы нясмелым ды не зусім шчырым голасам. — Каб было што, дык ужо ўсе паласкалі б зубы. Ды, кажуць, ён круціцца са сваёй сакратаркаю. Сцяпан зноў не абзыўнуўся.

— I з ім, хлопча, не гарачыся. Ён — улада… I, сам ведаеш, дурыла!

Што праўда — то праўда: гэты Кураглядаў паспеў за кароткі час уесціся ў печань усім Янкавінам. I сам, і са сваім фінагентам Клопікавым.

— Ну, не набірай абы-чаго ў галаву! Хоць ён і курашчуп, але твая Марыся лішняга не дазволіць! — усміхнуўся дзядзька, ляпнуў яго па плячах і, падперазаны пілой, з сякерай і з наламаным хваёвым памялом, пашкрэбаў на свой блізкі хутар Амшарок.

Сцяпан паглядзеў крыху ўслед высокаму, дужаму і мудраму бацькаваму брату — той, гэтак неспадзявана і балюча развярэдзіўшы душу, аддаляўся, меншаў, знікаў у прыцемках, — а потым крануў лейцамі каня і пакрочыў па тупкай ужо сцежачцы, слухаючы, як радасна фыркае, весела спяшаецца дадому Гняды, прыемна шапацяць колы па сырым жвірыстым пяску, знаёма рыпяць дуга і гужы, а заадно вабна ляжаць агромністыя валуны ўздоўж дарогі. Гэтыя камяні — а іх сем ад лесу да вёскі — тут здаўна, іх ніхто не чапае, яны быццам нейкія святыя істоты ці помнікі; калі трэба каменне на падмуроўку альбо ў склеп, дык людзі шукаюць яго на сваім альбо гуртавым полі, а калі трэба пазбавіцца ад дробнага камення, што ўсё выплывае і выплывае з зямлі, то яго падбіраюць, але не кідаюць абы-як тут, пры дарозе альбо ў лесе, а знаходзяць яму сваё месца. Раней, за палякамі, вазілі пад Налібакі, на дарогу-брукаванку, а цяпер звозяць у адно месца — вось сюды непадалёку ў лес, на Ваўкавеньку ці на Крушню.

Пасля лагчыны, на горцы, як на далоні сталі бачныя Янкавіны — з гэтага, паўночнага, крычатоўскага, боку ў адзін шнурок, уздоўж дарогі-вуліцы, пад старымі насадамі. Калі сюдой падыходзіў паджылы чалавек, то спачатку нібы бачыў старую вёску — тую, што адбудавалася пасля першай сусветнай і савецка-польскай войнаў і што была да самай нядаўняй блакады: цесную, прысадзістую, з невялікімі вокнамі, амаль спрэс саламяную, толькі сям-там, у Засценку, з высокімі аплазаванымі ці пашаляванымі дамамі, накрытымі гонтай і нават чарапіцаю, з вялікімі, хораша аздобленымі вокнамі, з верандамі. Але, апамятаўшыся ад былога малюнка, як вось цяпер Сцяпан, кожны мусіў бачыць тое, што ёсць наяве: тут і там свежыя накрытыя дахамі ці яшчэ ненакрытыя зрубы з аголенымі альбо забітымі аполкамі аконнымі прагаламі, паміж зрубамі — быццам пусткі, хоць на самай справе там — нізкія, заглыбленыя ў дол зямлянкі. I толькі зрэдку — новыя дамы з чырвонымі комінамі, з вокнамі на адну, а то ўжо і на дзве палавіны. Адным словам, пазалетась вярнуўшыся з бежанцаў і з Германіі, Янкавіны адбудоўваюцца, спрабуюць зноў, як і раней пасля ліхалецця, стаць на ногі. Што да Сцяпана, дык ён, першы яшчэ пазалетась зладзіўшы каля папялішча зямлянку, ужо здолеў абжыць домік на дзве палавіны і ўзбіцца на такую-сякую гаспадарку.

Каля плашкавай дрывотні Сцяпан падцялежыў калёсы і выкуліў з іх галлё, вярхоўе — усё тое, што можна паліць у лесе ці па дазволе леснікоў забіраць дадому, — распрог каня, уцягнуў калёсы ў гуменца, а пасля, не спяшаючыся, не заходзячы ў хату, пачаў ухаджацца ў хляве: даваў сена каню, карове, цялушачцы, авечцы з ягнятамі і з кожнай хвілінай усё больш і больш распаляўся ад незразумелай злосці. Калі выходзіў на двор, дык кідаў позірк на акно, што было каля сянец і глядзела сюды: там, на кухні, сядзела маці і трымала пад пахі яго двух-гадовага Юзіка. Сын — у мяккіх атопачках, у доўгай кашульцы і шапачцы, завязанай шнурочкамі на шыі, — як толькі бачыў яго, бацьку, імкнуўся на двор, ледзь не вырываючыся з бабчыных натруджаных рук. Тыя разы, вярнуўшыся з лесу, Сцяпан адразу ішоў да акна, гуляў-пацвельваўся са сваім першынцам-любімцам, а то заходзіў у хату і заносіў яму прыгожую шышку ці злоўленую птушачку, а сёння не пайшоў, каб не сустракацца і не бачыцца з Марысяй — тая магла выйсці альбо вызірнуць з-за сынавых і свекрывіных плячэй. Праўда, звычайна Марыся, як толькі ўгледжвала яго ў двары, адразу ж выбягала з хаты, каб сказаць якую вясковую навіну ці штосьці запытаць, з ласкай зазірнуць у вочы, а ў зацішным, схаваным ад чужога вока месцы і прытуліцца, але во сёння не паказваецца…

Пазней, калі прынёс у хату абярэмак дроў, убачыў: Марысі няма дома. Раней, калі яна выходзіла ў вёску, быў спакойны, а вось цяпер — не, у сэрца нібы кальнула стрэмка.

— Заседзелася недзе ваша маладая… — быццам вінавата сказала маці, гадамі яшчэ не старая (ёй было соракпяць гадоў, ён, Сцяпан, яе старэйшы сын), але на выгляд зусім пажылая ўжо жанчына: знясільваючая праца, чацвёра дзяцей, смерць мужа ў раннім веку, блакада і прымусовы вываз на нямецкія землі паклалі свой цяжкі адбітак.

Ён нічога не адказаў, пачаў накладаць дровы: спачатку тут, на кухні, у пліце, а пасля ў другой палавіне хаты — у стаяку. Сын — худзенькі, але пруткі, падобны і на яго, светлавалосага бацьку, і на смуглаватую маці — таптаўся побач, то намагаючыся ўхапіць паленца, то спрабуючы ўсесціся на рукі, а гаспадыня ў гэты час пачала даставаць з новай, але добра варкай печы цяжкія чорныя саганы. Што да Марысі, дык яна вярнулася дадому, калі ён з сынам на каленях сядзеў каля палаючага стаяка і задуменна пазіраў на агонь, а маці насыпала дробную бульбу ў памытыя саганы — на заўтрашні дзень.

— Загулялася… — Марыся яшчэ з парога замітусілася і кінулася да свекрыві перахапіць яе работу.

«Загулялася! — новая стрэмка цяла Сцяпанава сэрца. — Дзе? I з кім?»

ГІазней, калі пад столлю з шырокіх габляваных дошак і моцвых кантовых бэлек свяціла падвешаная на дроце лямпа, а на стале цёпла і смачна пахла ў глінянай місцы неабіраная звараная бульба, вабіў агурочны расол, запраўлены звараным яйкам, цыбуляй і смятанай, Сцяпан моўчкі сцізорыкам абіраў лушпінне — сабе і для сына, а заадно касіў позірк на жонку. Тая, вярнуўшыся з цёмнага ўжо двара і борздка скінуўшы ватовачку і хустку, вось цяпер мыла рукі над мядніцай. А калі выпрасталася, пачала гарэзна ўглядацца ва ўмураванае ў печ люстэрачка, папраўляць грэбенем чарнявыя валасы, пасміхацца сама сабе, у яго ад любасці і болю ажно зайшлася душа: якая ўсё ж вабная яна! Мае дваццаць адзін год, сярэдняга росту, пакруглелая пасля родаў — усе яе дзявочыя сукенкі, як вось і гэтая сіняя з белым гарошкам, ужо цеснаватыя, да трэску на швах напінаюцца на ладных клубах і на высокіх грудзях, і ад яе хочаш ці не хочаш, але не адвядзеш зачараваныя вочы. А яшчэ гэты падзёрзку загнуты носік на круглаватым твары, чарнявыя вочы і пышныя валасы!.. Не дзіва, што ўпадабалася таму памаўзліўцу!

Марыся, калі падабрала пад белую хустку валасы і села насупраць за стол, адразу ж перахапіла яго позірк — здаецца, і цяпер ясна, аддана, з любоўю, а ён, прыгнечаны прыкрым настроем, адводзіў вочы, моўчкі еў, але які ні быў згаладалы, а вялікага смаку сёння не адчуваў. Марыся, мусіць, душой учула вір ягоных спрэчных пачуццяў, узбудзілася: колькі разоў то недарэчы смяяла-ся, гаварыла абы-што, а то замаўкала з недаўменнем, гарэла ад чырвані, а пазней, калі папілі падсалоджанага сахарынаю ліповага і малінавага настою, кінулася прыбіраць са стала, мыць пасуду.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.