Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Жанр: Критика  Документальная литература    1984 год   Автор: Гніламёдаў Уладзімір   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Ля аднаго вогнішча ( Гніламёдаў Уладзімір)

Уступ

Развіццё літаратурнага працэсу адбываецца, можна сказаць, хвалямі: тут ёсць свае прылівы і адлівы, уздымы і спады. Помніцца, як некалі, у пачатку 50-х гадоў, крытыка трывожылася адсутнасцю маладых талентаў. У беларускай паэзіі гэтага часу называліся толькі два новыя імені: Аляксей Пысін і Пятрусь Макаль. Вядомы рускі паэт М. Луконін з уласцівым для яго гумарам шкадаваў: «Старэем, таварышы! Амаль няма каму напісаць: „іду — прыгожы дваццацідвухгадовы…“ Прыгожых шмат, а дваццацідвухгадовых не відаць…» («Литературная газета», 1954, 10 жніўня.)

У другой палавіне 50-х-60-х гадоў адбылося паскоранае станаўленне творчых індывідуальнасцей Сцяпана Гаўрусёва, Ніла Гілевіча, Міколы Арочкі, Уладзіміра Караткевіча, Еўдакіі Лось, Рыгора Барадуліна, Алега Лойкі, Кастуся Цвіркі, Івана Калесніка, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Паўлава, Сямёна Блатуна, Янкі Сіпакова, Дануты Бічэль-Загнетавай, Марка Смагаровіча, Веры Вярбы, Анатоля Вярцінскага, Генадзя Кляўко, Уладзіслава Нядзведскага, Уладзіміра Карызны, Артура Вольскага, Юрася Свіркі, Міхася Рудкоўскага, Анатоля Грачанікава, Валянціна Лукшы, Васіля Зуёнка, Рамана Тармолы і іншых.

Бачыце, колькі цікавых мастакоў, з сур’ёзнай жыццёвай школай і загартоўкай, дало гэтае пакаленне (а я ж не ўспомніў аб празаіках, драматургах, публіцыстах, крытыках — іх таксама багата) — пакаленне, якое добра запомніла словы Льва Талстога: «У мастацтве самае галоўнае — сказаць нешта сваё». Гаворка ідзе пра цэлае сузор’е таленавітых, самабытных мастакоў, якія як асобы, індывідуальнасці фарміраваліся ў ваенныя і пасляваенныя гады.

Гэта паэты майго пакалення, яны ўяўляюцца мне неяк усе разам, ля аднаго вогнішча, якое зырка гарыць, выразна высвечваючы іх абліччы. Аблічча, зразумела, у кожнага сваё, але ў многім іх аб’ядноўвае агульнасць жыццёвых дарог і чалавечага лёсу. Як жа інакш — ля кастра збіраюцца звычайна аднадумцы.

З чаго яны пачыналі тады — у 50-я гады?

Перш за ўсё кожны імкнуўся неяк асэнсаваць свой жыццёвы і эмацыянальны вопыт, набыты за час вайны і ў цяжкія для ўсёй краіны пасляваенныя гады.

Маладыя прыйшлі ў літаратуру з усім, што з’яўлялася ім блізкім і дарагім, што зведалі асабіста. А перажыла было шмат…

Адны — такія, як Аляксей Пысін, — з першага дня на фронце, другія — маладзейшыя — аказаліся ва ўмовах нямецка-фашысцкай акупацыі і ўсенароднага супраціўлення ворагу.

Час быў цяжкі.

Па працягу вайны, як вядома, фашысты спалілі 9200 беларускіх вёсак і гарадоў. Большую частку — разам з жыхарамі.

І якой толькі ў свеце бяды Не спазнала я ў тыя гады!.. Што такое бяздом’е сцюжнае, Што такое бяссонне мужнае, Што такое, як есці хочацца, Што такое, як раны сочацца… (Е. Лось)

Не суцішыўся боль, перажытае і сёння стукае ў сэрца:

Жвірам аслепіць адчаю вока Просьба малых да ката: — Не засыпай зямлёю глыбока, А то нас не знойдзе тата… (Р. Барадулін)

Гэта — праўда. Такое не прыдумаеш.

З насельніцтва рэспублікі загінуў кожны чацвёрты. А на Віцебшчыне — там яшчэ больш — кожны трэці! І ўсё ж такі душы людскія не зачарсцвелі, не вычарпалася прага дабра і прыгажосці, прага жыцця, цікавасць да яго шматстайнасці. Перажытае, выпакутаванае навучыла паважаць жыццё, цаніць мір, думаць высокімі маральнымі катэгорыямі дабра і справядлівасці. Гэта перадалося і маладзейшым, падказала лепш, больш свядома вырашаць гуманістычныя задачы, якія стаяць перад грамадствам.

К. Маркс лічыў, што «багаты чалавек — гэта ў той жа час чалавек, які мае патрэбу ва ўсёй паўнаце чалавечых праяў жыцця» Цяпер паўната «праяў жыцця» нашмат павялічылася. У 50-60-я гады ў сферу мастацтва ўваходзяць новыя бакі рэчаіснасці, узбагачаецца канцэпцыя героя. Пазнаваўчыя магчымасці паэзіі аказваюцца неаддзялімымі ад развіцця самога чалавека, звязанага з народам, з яго ідэалогіяй і мараллю. Чалавечая асоба ўбірае ў свой унутраны свет значныя праблемы эпохі і сваё «прыватнае» мысліць у арганічнай сувязі з вялікім светам народнага жыцця.

Паэты, пра якіх мы гаворым, амаль усе пасля заканчэння сярэдняй школы набылі універсітэцкую філалагічную адукацыю, аднак менш за ўсё іх можна было папракнуць у залішняй літаратурнасці. Не, да рэчаіснасці яны ставіліся з тым своеасаблівым жыцейскім «рэалізмам», які з самага дзяцінства абумоўліваў усё іх светаўспрыманне: спачатку жыць, потым пісаць.

Адным з першых заўважыў тагачасных маладых і сардэчна вітаў іх старэйшы пісьменнік Піліп Пестрак: «Гэта, можна сказаць, — пісаў ён, — выйшла на шлях літаратуры новая, свежая плеяда здольных паэтаў. І хоць у іх паэтычных галасах нямала агульнага, аднак кожны так ці інакш мае сваю адметнасць, наметкі ўласнай мастацкай манеры» (Літаратура і мастацтва, 1960, 9 студзеня).

Калыскай маладых талентаў стаў часопіс «Маладосць», які пад кіраўніцтвам П. Панчанкі і іншых пісьменнікаў вёў з імі вялікую выхаваўчую працу, пасылаў у творчыя камандзіроўкі, абмяркоўваў і друкаваў творы.

Маладыя паэты пільна ўслухоўваліся ў шматгалоссе свету. Іх таленты ў многім раскрыліся і ў першых кнігах, некаторыя з якіх з’явіліся ў сярэдзіне і другой палавіне 50-х гадоў, а таксама ў пачатку 60-х. Яны звярнуліся да жывой чалавечай споведзі, у якой асабіста перажытае аб’ядналася з грамадскім вопытам, прыпалі да жывой «ракі па імені факт». У іх творчасці рэзка ўзрасла павага да факта, дакладнасці, праўды і разнастайнасці жыцця, узятага як мага паўней, у шматмернасці грамадскіх сувязей. Моладзь плённа развівала сацыяльна актыўны верш, У сваёй паэме-рэпартажы «Будні салігорскія» У. Нядзведскі задзірыста пісаў:

Я шчыра кажу: не першы, Не першы і не апошні Налез я, сябры, па вершы У пыл і ў пясок дарожны.

На заводзе, на будоўлі, у цалінным стэпе паэзія адчувала сябе як дома, — паэты паспявалі, здаецца, усюды. Грамадзянская смеласць іх праявілася ў тым, што яны рашуча шукалі і ставілі пытанні нялёгкія, вострыя, складаныя, пытанні, адказы на якія не заўсёды былі запраграміраваны. Асабісты, індывідуальны пачатак у паэзіі многіх з іх вызначыўся вельмі ярка і выразна.

У другой палавіне 60-х гадоў гэта пакаленне разам з усёй літаратурай ідзе ўглыб, пачынае шырока звяртацца да каштоўнасцей народнага быцця. У іх — у любві да працы і міру, адзінстве чалавека і прыроды, у імкненні рабіць дабро — яно шукае процівагу ідэалогіі «атамнай смерці», разбуральным сілам імперыялістычнай рэакцыі, капіталістычнаму адчужэнню асобы.

Галоўнае ў савецкай рэчаіснасці гэтага перыяду склаў бурны рост народнай актыўнасці, прыліў творчых сіл, які ўзмацніў адчуванне глыбокіх зрухаў у грамадскай вытворчасці, навуцы, мастацтве, уяўленнях аб сусвеце і месцы чалавека ў ім. Час велічных сацыяльных і палітычных зрухаў супаў з паласой капітальных навуковых адкрыццяў, з векам атамнай энергіі і асваення космасу. Па ўсім было відаць, што ўзрастала роля суб’ектыўнага фактару — актыўнасці людзей, іх стваральнай дзейнасці. Перадавыя імкненні ўсяго грамадства дыялектычна ўзаемадзейнічаюць з асабістай ініцыятывай людзей, якая апладняе агульны рух.

У паэзіі праламляўся сам час.

А гэта быў час аднаўлення і развіцця ленінскіх дэмакратычных норм жыцця, рэзкага абнаўлення духоўнага, маральнага «клімату» савецкага грамадства, росту яго самасвядомасці, пачуцця адказнасці, гуманізму. Чалавек спраўджваў свае індывідуальныя магчымасці ва ўсіх галінах сацыяльна-грамадскага жыцця — эканоміцы, палітыцы, культуры і мастацтве.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.