Томас Ман (1875–1955) Пераклад Васіля Сёмухі Вундэркінд Вундэркінд выходзіць, у зале настае цішыня. Настае цішыня, а потым людзі пачынаюць пляскаць, бо тут сярод іх апынуўся нехта, хто нарадзіўся, каб загадваць, вадзіць чалавечы статак, — той нехта запляскаў першы. Яны пакуль што нічога не чулі, але пляскаюць усе як адзін, бо ўсемагутная рэклама выперадзіла вундэркінда, і людзі ўжо абдураныя, і невядома, ці ўсведамляюць яны гэта. Вундэркінд выходзіць з-за прыгожай шырмы, затканай вянкамі ў стылі ампір і вялікімі казачнымі кветкамі, якіх не бывае ў прыродзе, борздзенька лезе па прыступках на эстраду і ўвесь абвалокваецца воплескамі, быццам хвалямі, золка пацепваецца, абвеяны лёгкімі дрыжыкамі вусцішнасці,— і тым не меней гэта як бы яго родная, свойская стыхія. Ён падыходзіць да краю эстрады, усміхаецца, нібы каб яго фатаграфавалі, і дзякуе лёгкім, нясмелым, жаноцка-мілым паклонам, хоць ён — хлопчык.