Міхал Лынькоў Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў Пра Мішкава дзяцінства і аб тым, як ён маліну любіў Калі б хто запытаў Мішку: - Што ты любіш больш за ўсё на свеце? Ён адразу б сказаў, каб умеў гаварыць: - Што люблю? Маліну люблю... Мёд люблю... Цецеруковыя яйкі люблю... - А яшчэ што? - І яшчэ маліну. Дужа любіў Мішка маліну і праз гэтую маліну вялікія непрыемнасці меў, і ўсякія праз яе няшчасці з ім здараліся і пакуты. Але цярпеў, крыўды зносіў і знявагі. Вось і сягоння напалі на яго няўдачы. Ішоў пануры, нізка схіліўшы галаву, хістаўся троху з боку на бок і час ад часу вурчаў паціху, пад нос. Тады спынялася матка на якую хвіліну і пагрозліва касіла вокам і выскаляла зубы. Мішка таксама спыняўся, кідаў вурчаць і, схіліўшы да самай зямлі галаву, хітра сачыў за маткай, а ці не дасць часам яшчэ па загрыўку. Сачыў і быў гатовы адразу ж кінуцца наўцёкі, падалей ад матчыных пачастункаў. Ну як жа тут не быць панурым і сумным.