Павел Капанскі жыццё з вялікай літары Ж Вокладка — Алена Медзякова Рэдактура — Паліна Маслянкова, Дар'я Вашкевіч жыццё з вялікай літары Ж Я ішоў па алкараёне з баскетбольнай пляцоўкі дадому. Алка? Я сказаў «алка»? Не, канешне, не — па спальным раёне. Быў летні вечар, было вельмі цёпла. Я ўжо думаў пра тое, як бы гэта прыняць душ, паглядзець які-небудзь серыял і заснуць, каб такім чынам лагічна завяршыць яшчэ адзін дзень свайго бязглуздага жыцця. Але на падыходзе да свайго двара я пабачыў мужчыну, які ляжаў на зямлі. Наблізіўшыся да яго, я заўважыў на ім прыспушчаныя штаны і адчуў жудасны пах спаражненняў. Не, думаю, трэ ісці дамоў. Абысці бокам гэтага алкаша і валіць адсюль. Зрабіў некалькі крокаў. Спыніўся.