Падарожжа ў XIX стагоддзе

Мальдзіс Адам

Жанр: Биографии и мемуары  Документальная литература    1969 год   Автор: Мальдзіс Адам   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Падарожжа ў XIX стагоддзе ( Мальдзіс Адам)

Адам Мальдзіс

Падарожжа ў XIX стагоддзе

З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры

Навукова-папулярныя нарысы

Падарожжа ў XIX стагоддзе

«Падарожжа ў XIX стагоддзе» з'яўляецца зборнікам нарысаў аб дзеячах беларускай літаратуры, мастацтва і культуры мінулага стагоддзя, чые імёны яшчэ недастаткова вядомы шырокаму чытачу. Гэта — пачынальнікі новай беларускай літаратуры Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Каратынскі, польска-беларускі паэт У. Сыракомля і іншыя. Асобныя нарысы прысвечаны кампазітарам М. Агінскаму, С. Манюшку і А. Абрамовічу, якія нарадзіліся або доўга жылі ў Беларусі, выкарыстоўвалі беларускія народныя мелодыі і таму адначасова належаць і польскай, і беларускай культуры. Чытач пазнаёміцца з вучонымі і падарожнікамі І. Дамейкам, А. Янушкевічам, Б. Дыбоўскім, К. Ельскім. У плане займальнага літаратуразнаўства ў асобных раздзелах расказваецца аб пошуках і знаходках архіўных дакументаў і рэдкіх кніг, звязаных з творчасцю В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Абуховіча. Аўтар уводзіць у літаратурны ўжытак некаторыя невядомыя або забытыя матэрыялы. У канцы кнігі змешчаны спіс літаратуры, якая цытуецца або ўскосна выкарыстана ў тэксце.

Кніга пашырае ўяўленне чытачоў, у першую чаргу вучняў, студэнтаў, настаўнікаў, аб беларускай літаратуры і культуры XIX стагоддзя.

ЯНЫ БЫЛІ ПЕРШЫМІ

Давайце, паважаны чытач, на некалькі гадзін адарвёмся ад паўсядзённых спраў і перанясёмся думкамі ў шматпакутнае і гераічнае XIX стагоддзе. Шматпакутнае, таму што невыносна жылося тады нашаму народу. Думаеш аб часах, калі «міласцю божай» панавалі розныя па ліку мікалаі ды аляксандры, і міжвольна на памяць прыходзяць трагічныя радкі з верша Уладзіміра Караткевіча «Паўлюк Багрым»:

А ў краіне так цяжка (Асіны ад ганьбы палаюць), І над ёй фанабэрыцца П'яны, разбэшчаны гун, Як пры князі Усяславе — Дзень вялікі, а луста малая, Як пры князі Ягайле — На кожную спіну бізун. Абжыраюць удоў, П'юць з гарэлкай сірочыя слёзы, Тлустым задам расселіся На паднявольнай зямлі, На шлагбаумы мёртвыя Пассякалі жывыя бярозы, На шпіцрутэны гнуткія Запаветныя вербы звялі.

Верш У. Караткевіча прысвечаны сялянскаму паэту-самародку Паўлюку Багрыму, які мог стаць гордасцю нашага народа, беларускім Шаўчэнкам або Бёрнсам. Мог, але не стаў. Калі Паўлюку Багрыму было 14 год, у яго родным Крошыне, што ля Баранавіч, успыхнуў сялянскі бунт. Па панскаму загаду быў «кіямі забіты» адзін з завадатараў — бацька Паўлюка, а самога юнага паэта за свабодалюбівыя вершы здалі на 25 год у салдаты. Вярнуўся ён пастарэлы і знясілены. І ўжо, відаць, не наважваўся брацца за пяро. Працаваў кавалём у Крошыне, каваў сцізорыкі, кандэлябры. І хутчэй за ўсё, нават не ведаў, што ў далёкім Лондане ў 1854 годзе навагрудскі адвакат Яцкоўскі змясціў у кнізе сваіх мемуараў яго верш «Заграй, заграй, хлопча малы». Адзіны верш Паўлюка Багрыма, які вядомы нам сёння. Верш, поўны глыбокага смутку і трагізму. Прыгадаем хаця б радкі:

Дзе я пайду? мілы божа! Пайду ў свет, у бездарожжа, У ваўкалака абярнуся, Слёзна на вас азірнуся. Будзь здарова, маці міла! Каб ты мяне не радзіла, Каб ты мяне не карміла, Шчаслівейша ты бы была! І далей: Ой, кажане, кажане! Што ж не сеў ты на мяне? Каб я большы не падрос Ды ад бацькавых калёс.

Лёс Паўлюка Багрыма — бясхлебнае дзяцінства, паншчына, рэкрутчына, адзінокая старасць — гэта тыповы лёс тысяч і тысяч яго сучаснікаў і суайчыннікаў. І сярод іх было многа самародных талентаў. Напэўна, было, бо да нас жа дайшлі дзесяткі ананімных гутарак. Такіх, як «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка пана з селянінам». Сёння нам невядомы імёны іх аўтараў, але па антыпрыгонніцкай накіраванасці, па нянавісці да прыгнятальнікаў бачна, што гэта былі людзі, кроўныя па духу Паўлюку Багрыму.

Скарга, выказаная ў вершы «Заграй, заграй, хлопча малы»,— гэта скарга ўсяго заняволенага беларускага сялянства. З аднаго боку, яго прыгнятала царскае самаўладства, розныя кручковы і пісулькіны, няшчадна высмеяныя ў камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»; з другога — гэтае ж сялянства гналі на паншчыну польскія магнаты. Нягледзячы на далучэнне Беларусі да Расіі, ім яшчэ доўга належалі і землі, і душы «тутэйшых хлопаў». У першай палавіне мінулага стагоддзя беларускі селянін працаваў на пана па пяць-шэсць дзён у тыдзень. Сабе ж заставаўся сёмы дзень — нядзеля. Вузенькага ўласнага загона хапала, бадай, толькі, каб сплаціць нядоімкі. Сям'я ж кармілася хлебам, адзін выгляд якога выклікаў жах у многіх відавочнікаў. У рэвалюцыянера-петрашэўца Мікалая Мамбелі знаходзім такія радкі: «І цяпер яшчэ па жылах прабягае халоднае трапятанне, калі прыгадаю сабе бачаны мною кавалак хлеба, якім сілкуюцца сяляне Віцебскай губерні: мукі ў ім зусім няма, складаецца ён з мякіны, саломы і яшчэ нейкай травы, не цяжэй пуху, а выглядам нагадвае перамешаны з саломай і высушаны конскі гной. Хаця я праціўнік усякага фізічнага пакарання, аднак хацеў бы любячага сваіх «дзетак» імператара на некалькі дзён пасадзіць на ежу віцебскага селяніна».

Ішлі гады. Паступова недарэчнасць і жорсткасць прыгонніцтва пачалі разумець нават ліберальныя дваране, нават найбольш дальнавідныя члены сената. Рэакцыя не ў сіле была спыніць развіццё краіны па новаму, капіталістычнаму шляху. У 1861 годзе цар падпісаў маніфест аб адмене прыгоннага права. Аднак доўгачаканая рэформа не дала селяніну ні зямлі, ні волі. Бо якая ж воля, калі зямля па-ранейшаму заставалася ў пана! «Як у Расеі, так і ў нас,— гаворыцца ў нелегальнай беларускай брашуры «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць»,— цар толькі са страху асвабадзіў мужыкоў, але ўся гэтая свабода — то толькі ашуканства. Зямлі далі так мала, што з голаду ўмрэш, як да паноў на заробак не пойдзеш, а за работу плацяць кепска, бо ведама, што на свеце галоднаму плацяць не тое, што трэба, толькі што панская ласка». «Не надта свабодна ў гэтай свабодзе»,— нібы ўторыў прыведзеным вышэй словам герой багушэвічаўскага верша «Быў у чысцы», дзе «старыя» паны супастаўляюцца з яшчэ больш шматлікімі «новымі». Перад «свабодным» ад зямлі беларускім селянінам віднеліся тры шляхі: або наймацца парабкам да пана, або за 20-30 капеек у дзень прадаваць свае мазолістыя рукі гарадскому прамыслоўцу, або, урэшце, шукаць прывіднае шчасце ў далёкай Амерыцы.

І ўсё ж XIX стагоддзе было не толькі шматпакутным, але і гераічным. Народ не мірыўся з уціскам. Стыхійна і разрознена ўспыхвалі сялянскія бунты. Больш арганізавана рыхтавалася да паўстання і паўставала дэмакратычная частка дробнай і сярэдняй шляхты, якая па свайму матэрыяльнаму стану часта зусім не адрознівалася ад сялян. І кожнае такое выступленне супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту канчалася аднолькава: розгі і вісельні, ссылка ў Сібір і катарга. Нібы эстафета, перадаваўся факел барацьбы ад пакалення да пакалення. Памяць аб грамадзянскім подзвігу членаў тайных студэнцкіх згуртаванняў філаматаў і філарэтаў, сасланых у глыбінныя губерні Расіі, натхняла паўстанцаў 1831 года, жыла ў сэрцах удзельнікаў антыцарскай змовы Ш. Канарскага. У трывожным 1848 годзе жандарам удалося раскрыць шырока разгалінаваную ў Беларусі змову, на чале якой стаялі ўраджэнцы Лідчыны браты Далеўскія. Ва ўзброенае вызваленчае паўстанне перарасла тая рэвалюцыйная сітуацыя, якая склалася ў краіне напярэдадні і пасля адмены прыгоннага права. На чале паўстання 1863 года стаў легендарны Кастусь Каліноўскі, гордасць і слава нашага народа. Палымянаму патрыёту не ўдалося ўзняць на барацьбу ўсё або хаця б большасць беларускага сялянства. Паўстанне было патоплена ў моры крыві. На беларускую зямлю ляглі цені ад мураўёўскіх вісельняў. Але памяць аб зробленым папярэднікамі — жыла! Яе збераглі беларускія нарадавольцы, якія патаемна друкавалі ў Мінску выданні «Зерно» і «Черный передел», а адзін з іх — Ігнат Грынявіцкі — кінуў бомбу ў самога «аўгусцейшага» Аляксандра ІІ, за што паплаціўся жыццём. Збераглі яе члены першых рабочых і марксісцкіх гурткоў, памнажалі ўдзельнікі першых забастовак і маніфестацый.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.