Пагарэльцы

Макаёнак Андрэй

Жанр: Комедия  Юмор  Трагедия  Драматургия    2009 год   Автор: Макаёнак Андрэй   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Пагарэльцы ( Макаёнак Андрэй)Пралог i эпілог адной прыватнай трагікамічнай гісторыі

Дзеючыя асобы

Ухватаў Хведар Паўлавіч.

Рая — яго жонка.

Бусько Антон Сцяпанавіч.

Клёпкін Сілан Данілавіч.

Кудасаў.

Гарык.

Стэла.

Наталля Мікалаеўна.

Алёша. Потым ён — Аляксей Аляксеевіч.

Гледачы з дачуццём гумару — па 77 чалавек на кожнага адмоўнага персанажа ў спектаклі.

Ад аўтара

Кожны з нас па свайму разуменпю і добрай волі можа прышпіліць да якой-небудзь жыцейскай былі народную мудрасць: што пасееш, тое і пажнеш. Альбо: як аукнецца, так і адгукнецца. Альбо: не ў свае сані не садзіся. Альбо: не ўсё кату масленіца, бывае і вялікі пост.

А калі задумацца, які сюжэт, якая жыцейская гісторыя лягла ў аснову кожнай з гэтых прыказак?

Ёсць над чым паразмышляць… Чаму ўсё-ткі народ так часта звяртаецца па сутнасці да адной і той жа думкі? Пэўна, і ў жыцці часта страчаецца такое, пра што сказала ў прыказках.

Людскі маральны вопыт марна не прападае. Ён, канечне, у генах не перадаецца ў спадчыну, а жыве ў традыцыях, у звычаях, у расказах бывалых людзей пра былі і пебыліцы. Часта ў казках. Часта ў былінах. А бывае, і ў пратаколах, што ў архівах захаваліся. Калі іх мышы не з'елі. Яны часценька абгрызаюць гісторыю…

Вось і ў мяне чамусьці ўсплыла ў памяці даўняя прыватная гісторыя-быль — смешная, забаўная і адначасова сумная і нават жаласная. I мне падумалася, што яна можа быць і павучальнай, нягледзячы на тое, што здарылася ўсё гэта даўным-даўно. Як кажуць: было, было, дый быллём зарасло. Магчыма, толькі некаторыя дзядулькі ды бабулькі і прыгадаюць тую быль.

А соль той прыгоды вось у чым. Той, хто папіхаў слабога, дагаджаў дужаму, падлізваўся, хлусіў, крывадушнічаў, выгадваў, пагарджаючы інтарэсамі другіх дзеля ўласнай сытасці, каго адольвала фанабэрыя і славалюбства, той сам сабе праграміраваў няўхільную кару — ганьбу і ўніжэнне пад канец жыцця альбо брыдкую памяць пасля смерці. Сорам і боязь падняць вочы — вось што выпадзе на долю ўнуку за брыдкія справы свайго продка. I горка яму будзе ад бяссілля пазбавіцца такой славы і памяці.

Гісторыя гэта пачалася ў той год, калі на наш горад звалілася бяда, няшчасце, стыхія — землетрасенне. Для нас гэта было вялікае і нечаканае гора.

У другіх краінах такое паўтараецца і, кажуць, з яшчэ горшымі вынікамі. Але для нас тады гэта стыхія была жахлівай.

Усю гісторыю расказваць, хутчэй за ўсё, не варта. А вось — з чаго пачалося і чым кончылася — раскажу. Як аукнулася? I як адгукнулася?

У народных прыказках — у трох словах — сказана багата. I дагадлівы разумее — што і да чаго. «Гром не грымне, мужык не перахрысціцца».

Пралог

Пакой у камунальнай кватэры. У той даўні даваенны перыяд людзі часта жылі ў цеснаце, у камунальных кватэрах з беднай абстаноўкай. Краіна, пераадольваючы шматлікія цяжкасці і нягоды, паднімалася на ногі пасля разрухі. Ніхто нам тады не памагаў, а ворагаў было і за межамі, і ўнутры — процьма. Ох, як яны шкодзілі! А часта і свой жа паслужлівы дурань альбо шкурнік станавіўся горш за ворага. Такія задавалі клопату і сабе і іншым. Ноч канчаецца, а маладая гаспадыня Рая не спіць. З учарашняга вечара яна хвалюецца, перажывае, ахае, мітусіцца па пакоі — месца сабе не знаходзіць. I натуральна: учора не прыйшоў з работы муж. Яна часта зыркае на шырокія дзверы з бронзавай галавой ільва. У пашчы льва — колца. Пад столлю ярка гарыць лямпачка. Над лямпачкай эмаліраваны рэфлектар, які нагадвае талерку, а яшчэ больш — кітайскі саламяны капялюш. Рая не адна ў пакоі. Яе суцяшае суседка — Наталля Мікалаеўна — пажылая душэўная жанчына.

На дварэ нешта моцна грымнула, нават шыбы ў вокнах забрынчалі. Рая спалохалася і прытуліся да Наталлі Мікалаеўны.

Наталля Мікалаеўна. Рая! Ну што ты? Нельга ж так!

Рая (шкадуючы). Нешта ўдрузг… На дробныя асколкі… Гэта зноў землетрасенне? Мне страшна.

Наталля Мікалаеўна. Супакойся. У цябе ж малое дзіця. Ты хоць Святланку пашкадуй. Прападзе малако. Што тады?.. Супакойся… Гэта ўсяго толькі навальніца. Толькі гром. Супакойся.

Рая. Ну што вы гаворыце, Наталля Мікалаеўна?! Хутка раніца, а яго няма. Як я магу супакоіцца? Вы ж самі ведаеце, што ў нас у горадзе робіцца. Такая катастрофа. I зноў грыміць.

Наталля Мікалаеўна. Ці мала што магло затрымаць чалавека. Можа, таварыша сустрэў, чарку выпілі, можа, селі ў карты пагуляць.

Рая. Што вы? На руінах у карты. Такога з ім ніколі не бывала. Ён прыходзіў дадому без спазненняў. А тут…

Наталля Мікалаеўна. Я ўпэўнена, што з тваім Фёдарам нічога не здарылася.

Рая. Пасля такой катастрофы ў яго сівыя валасы паявіліся за адны суткі. Гэта што?

Наталля Мікалаеўна. Не ён жа вінаваты ў гэтай катастрофе…

Рая. Вы даруйце, Наталля Мікалаеўна. А што з вашым Віктарам Васільевічам?

Наталля Мікалаеўна. Гэта нейкае пепаразуменне. Бачыш — я не вельмі і хвалююся.

Рая. Бачу я, як вы не хвалюецеся. Не сляпая.

Наталля Мікалаеўна (страсна). Я веру — ён жывы, ён цэлы. Ён вернецца. Я ведаю свайго мужа. Ён вернецца — яму ж трэба… Ён пачаў… Перад тым вечарам ён пачаў сур'ёзную работу для журнала. Вот ён тэзісы… Пачатак. (Дастае чырвоную запісную кніжачку.) Асталася… Ды не, ён вернецца, ты не сумнявайся, Раечка.

Рая. Ну што вы! Я ж ведаю, што вы добрая і ваш Віктар Васільевіч таксама быў добрым чалавекам. Нават ён не мог перашкодзіць гэтаму землетрасенню, гэтаму катаклізму.

Наталля Мікалаеўна. Ну во, і ты верыш. Дзякую. Будзь упэўнена, за гэта нехта яшчэ адплоціць. Такія жартачкі дарма не праходзяць. Нехта ж павінен быў папярэдзіць! Такі ўрон! Столькі разбураных дамоў!

Рая. Ужо світае, а яго няма. I што мне рабіць?..

Паўза.

Наталля Мікалаеўна. Ну, Рая, мне трэба пайсці ўжо. Позна. А заўтра трэба рана ўставаць. Дык я пайду.

Рая заплакала.

Ну што ты, Рая, Рая?..

Рая (плача). Мне страшна адной…

Наталля Мікалаеўна. Ну, добра, добра, я з табой пабуду. Паплач, паплач. Слёзкі душу абмыюць, і ты супакоішся. Хутка развіднее, узыдзе сонейка. А тады і пойдзем яго шукаць, калі сам не прыйдзе. Хутка Светачка твая ўстане, званочак твой.

Рая. А ў мяне малака зусім няма. Пустыя грудзі…

Наталля Мікалаеўна. А ты кампоту выпі. Я зараз прынясу.

Рая. Не трэба, Наталля Мікалаеўна. Дзякую. У мяне ёсць. Кісель журавінавы ёсць.

Наталля Мікалаеўна. Ты і выпі. Ідзі выпі.

Рая выходзіць на кухню і хутка вяртаецца.

Рая. Наталля Мікалаеўна, няўжо бог такі несправядлівы? Мой жа Федзя быў цішэй вады, ніжэй травы. Ні з кім не сварыўся, нікому дарогу не перайшоў. Ён сам баяўся крытыкі і нікога не крытыкаваў. Былі ўсякія дыскусіі і дыспуты, дык ён жа ўцякаў ад іх. Можа, я не тое кажу пра яго… Але ж якая ад яго шкода? Калі дзе-небудзь галасавалі, ён жа ніколі першы рукі не падымаў. Прыглядаўся — як усе, так і ён. З начальствам ніколі ў дыбкі не станавіўся. Нікому не пярэчыў. Ніякай хулы ад яго не чула. Нават цяпер, калі… Уздыхае і маўчыць. Увесь пасівеў. (Па сакрэту.) Нават вошы паявіліся… Ад перажыванняў. За што ж тады?! Калі бог ёсць, ён павінен быць літасцівым.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.