Каласы

Цвірка Кастусь

Жанр: Поэзия  Поэзия    1975 год   Автор: Цвірка Кастусь   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Каласы ( Цвірка Кастусь)Кастусь Цвірка Каласы

Вершы

Я з той краіны...

Я з той краіны... Я з той краіны, дзе рвуцца з долу Тугія стрэлы хвой карабельных, Дзе, белагрудыя, над вадою Стаяць бярозы, як каралевы. Там пушчы — заблудзішся. Толькі па зорах. Па сцежках зубрыных знойдзеш дарогу. У рэках сонных, у цёплых азёрах Там ходзяць i сёння акунь ды стронга. Я з той краіны, дзе ўранні жанчыны Браць лён ідуць як адна, хаўрусам. Глядзі ды любуйся: воч золак сіні Ды рэчкай з-пад хуст — валасы бела-русыя. А хлопцы там — сокалы. Дзень у хлопцаў — На зрубах звонкіх, на дрогкіх машынах, А вечар — над ручкі вядуць да варотцаў Пявучых сябровак сваіх з вечарынак. Я з той краіны, што ў век беспрасветны Ясны прамень нарадзіла — Скарыну I песню для славы дала сусветнай Адаму Міцкевічу — роднаму сыну. З краіны, дзе Каліноўскага слова Лес віл ды кос на цара ўздымала, Дзе голасам чыстым у час суровы Зваў з цемры люд свой Янка Купала. Я з той краіны, што мужна сустрэла Браню прышэльца ў дні грозныя тыя, Што ўся — ад неба да неба — гарэла, Як свечка, тысячаю Хатыняў. Там месца нідзе не знаходзілі каты Ад куль партызанскіх i ад гранатаў, Былі ў партызанах там дрэвы i хаты, Была ў партызанах сама зямля там. Я з той краіны, што кранаў рукамі Узнесла з руін гарады, як вясёлкі, Што гуслямі новымі — правадамі Абвесіла ўсе бальшакі i прасёлкі. Разносяць па свеце краіны той славу Асілкі-БелАЗы — шырокі канвеер! Краіны той голас высокі па праву Гучыць паміж роўных на ўсіх асамблеях! Я з той краіны, дзе ліпень купае Зару ўсю ноч у ставах птушыных I дзе стагоддзі агнёў купалля, Чырванакрылых, не патушылі, Дзе песню новую да небакраю Нясе маладосць па шляхах вясновых I плешча мора — вечна жывая, Мая беларуская звонкая мова! * * * Mae землякі — людзі не гаваркія. Здаўна пра ix кажуць: на словы скупыя. Ды мне яны шмат пра сябе гавораць Сваімі жытамі, якім не ўстаіцца ніяк ля небасхілаў Асінава (каласоў шматгаловае веча!); Волатамі-стагамі, што да вясны наваколле духмяняць (сабралі ў ix косы ўвесь луг казяльцовы!): Слуцкімі бэрамі срэбралістымі, дзе сонца збірае мёд у пладоў яснабокіх скарбонкі; Дамамі з узорнымі ліштвамі, дзе, вылецеўшы з-пад разца гаспадара, паселі навечна — дзюба да дзюбы — галубоў неразлучныя пары. Расказваюць мне землякі пра сябе красамоўна Вяргінямі ды півонямі, што ўсё лета гараць пад вакном на высокіх сцяблінах (што паходні!); Ахапкамі маю, якім харошаць на свята ганкі i вуліцы (пахне ўся вёска тады бярозкамі ды аерам). Пра сябе землякі мне вельмі шмат гавораць Нават тады, як маўчаць, Ідучы, прыгорбіўшы плечы, За труною свайго вяскоўца, З якім увесь век аралі i сеялі, Гулялі ўлазіны i вяселлі, Спявалі i плакалі... Маім землякам Пеў ранак. Ліп прывулічных сям'я Паціху ліст пад ногі церушыла. Птах пакідаў гняздо. Быў гэтым птахам я. Пара, пара: цягнулі ў вырай крылы! Былі са мной усе мае гады, Якія тут, па ржэўніку ды стружках, Прабеглі па чарзе i назаўжды Застылі ў сцежках, нібы ў кінастужках. Крані — i загайдаюцца ў двары Арэлі ў памяці, як на экране, Ад нашых пятак жарабкі з гары Рвануцца — не ўтрымаеш на аркане... Ды не пра гэта думалася мне. Калі далей ад нашай хаты крочыў, Усё выразней чуў я на спіне Задуманыя мацерыны вочы. . . . . . . . . . . . Згарала ноч на свеце без пары, І сон дашчэнту кулямёты рвалі. Віселі скрозь пажараў ліхтары, I кулі калыханкі нам спявалі. Мы ў вёсачцы — балотным астраўку,— Нібы зайцы загнаныя, сядзелі. Між іскраў, сполахаў, між гэтых куль Жылі пад зорамі адной надзеяй. Ішла вясна тым часам з балатоў, Усё да зерня вымеўшы з каморкі. Было ж у маці — нашых пяць ратоў, Якім так абяцанкі ўсе агорклі! Адна ў пас мара шчырая была: Знайсці б дзе хлеба чэрствага — хоць трошкі. Малыя пальчыкі з пазоў стала Даўно павыкалуплівалі крошкі. На ўслоне дзежка, што карміла нас, Даўно ўжо закарэла, нібы камень, І мы дарэмна — у каторы раз! — Глядзелі ў печ галоднымі вачамі. Усё немец выбраў — яйка, млека, шпэк, Усё выграб прагавітай пяцярнёю. Як у сваё, ён лазіў у засек, Пакінуўшы нам сцены з парахнёю. За тое, што усё ж вясной крутой Мы не папухлі, дзякуй табе, шчаўе! Уратавала нас ты з «пышкай» той, Што ў полі мы знаходзілі, як шчасце! I вось (якраз у шчаўі мы былі) Данёс «ура!» нам вецер да балотца. О як мы беглі — па раллі, галлі — Да зорачкі, што ззяла на пілотцы! Мы аж не верылі, што ўжо i след Прастыў той немчуры i што шырока Перад вачамі расхінула свет Маленечкая зорачка навокал. А скрозь яшчэ гарэнілі дымы, На печышчах садзіліся вароны. І доўга выздараўлівалі мы Ад той вайны — жахлівейшай хваробы. Хоць зарабляла маці працадні, Хоць на жніве да вечара пацела. Ды толькі замест хлеба дзень пры дні Нам палачкі насіла на паперы. Мы тыя палачкі і так, і сяк Круцілі i, хоць ад бясхлеб'я млелі, Ды што не прыдумлялі, аніяк Ix, выбачайце, есці ўсё ж не ўмелі. Шукалі мы па ржышчы каласка, Альбо, сабраўшы малачаю горку, Зноў — кожны дзень — чакалі малака Ад цёлкі, што падбрыквала ў падворку. Зноў суцяшала маці нас дарма I ўсё, што здабывала дзе знячэўку, Заўжды нам аддавала, а сама Хадзіла так — аж высахла ўся ў шчэпку. I вось у хмарах заяснела сінь, Ад дум не спала маці: ёй у горы Нарэшце помач будзе — большы сын Сягоння едзе па навуку ў горад. . . . . . . . . . . З пафарбаванай торбай за спіной, У новых зрэбных портках пакачаных Ішоў я нашай вулкай травяной Ад гэтых нізкіх хат у свет нязнаны. Глядзелі ўслед мне стрэхі i платы, Глядзелі моўчкі нашай хаты вокны (Як сёння, бачу там я збан пусты), Глядзелі, як самой надзеі вочы. Шаптаў я клятву шчырую сабе Надзею маткі спраўдзіць i прывезці Ёй са стыпендыі які рубель — Хоць раз як след сястрычкам бы пад'есці. Я кляўся й вам аддзячыць, землякі, За вашу — хай зусім скупую — помач, За тое, што заўсёды ў час цяжкі Былі вы — ca сваёй спагадай — побач. Асіраціла многіх нас вайна. Я помню твар суседскае дзяўчынкі, Што нават быў блядней ад палатна, I ручкі яе — нібы чарацінкі... . . . . . . . . . . Прамчала ў зоры чарада гадоў, Знайшоў я хлеб, займеў імя паэта, Ды толькі мой, з маленства ўзяты, доўг Застаўся неаплочаным дагэтуль. Ён сёння нават большы, як калі. Усім, што ёсць, i ўсім, што яшчэ будзе, Я абавязан маці i зямлі I вам, вяскоўцы,— вечнай працы людзі. Нібы з зямлі, вы ў гэты свет ішлі, I — у сваёй глушэчы — толькі й зналі, Што рвалі пні, уходжвалі палі, Аралі, сеялі, палолі, жалі. Не бачылі вы й свету прад сабой: Еў пот вам вочы, пёк сляпень ахвоча, Ды ў поле зноў ішлі — з кляцьбой, з мальбой — Ад веку ў век, ад ночы i да ночы. Вас, ціхіх, вас, даверлівых, сляпых, Заўсёды толькі ёрмы i чакалі, Шмат ездзіў хто па вас — цярпі, цярпі! — I ўсюды пасвіў вас бізун вякамі. Вы моўчкі неслі сваю скаргу ў дол — Мой край, ты быў, як камень, безгалосы. Скрыпелі толькі сохі навакол, Званілі толькі ў балацінах косы. Ступіў цяпер век іншы да сяла — Даўно струхнелі сохі, i прасторы Ад краю i да краю заняла Сягоння песня новая — маторы. Ёсць хлеб у вас — яго вам даў не бог! Ды жывяце вы ўжо не толькі хлебам. Вам трэба песня, шырыня дарог Ды вольнае, без бамбавозаў неба... Да вас, ледзь хвіля вольная, бягуць Мае сцяжыны — жытам, верасамі. Як хораша ізноў тут сэрцам чуць Мне вашу мову — простую, як самі. Прысяду каля цётак i дзядзькоў — Пальецца рэчкай вольнаю гаворка. Усё, што на душы ў землякоў, Вазьму да сэрца — горка ці не горка. I тое, што ў Падзерах паплавы Ўзараны «Сельгастэхнікай» не ўзорна, I што ад хіміі, замест травы, Пчол гіне цьма — «унь ля вуллёў аж чорна», Я слова кожнае злавіць спяшу, Каб знаць, вяскоўцы, клопат ваш i жыцце. Той клопат — ён i мой, i я прашу: Кажыце мне пра ўсё, як ёсць, кажыце. Запомню ўсё, нічога не міну: Праслаўлю дзень наш — сонечную птушку, A раўнадушша, подласць i ману Вазьму я на пяро, нібы на мушку. Для праўды чыстай, што без пазалот, Я адчыню ў радках шырока дзверы. Адно мне трэба: думак вашых лёт Адбіць, як ёсць, вяскоўцы, на паперы. Любое мае слова, кожны зык — Усё ад вас i ў вашу абарону. Я — гэта ваша мова, ваш язык, Нягучны хай, ды верны вам да скону.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.