Волат

Белаяр Сяргей

Жанр: Прочая старинная литература  Старинная литература    Автор: Белаяр Сяргей   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

СЯРГЕЙ БЕЛАЯР

Волат

Прыпяцкае Палессе.

19 мая 1974 года.

Вавілонскі гармідар у самы разгар працоўнага дня не мог не прыцягнуць увагі старшыні калгаса «Чырвоны камунар» Вікенція Прохаравіча Лабудзькі.

— А гэта яшчэ што такое? — здзівіўся старшыня, «закіпаючы» ад праведнага гневу. Нядбалага стаўлення да працы Лабудзька не трываў. Як і не меў права дапусціць прастою тэхнікі. — Мікалай, давай да народа!

Шафёр паслухмяна кіўнуў, крутануў руль і накіраваў УАЗ-469 да работнікаў. Спыніўся ў некалькіх метрах ад калгаснага люду.

Вікенцій Прохаравіч выбраўся з машыны, са злосцю пляснуў дзверкай і гучна пацікавіўся:

— Што тут адбываецца?

На вялікае здзіўленне старшыні яму ніхто не адказаў. Гэта выклікала ў Лабудзькі замяшанне. Ён прывык, што падначаленыя слухаюцца яго, як пана.

— Што тут адбываецца? — паўтарыў Вікенцій Прохаравіч.

Па натоўпе пранеслася «Старшыня прыехаў!», людзі павярнулі галовы, але па-ранейшаму маўчалі, нібы не адважваючыся паведаміць начальству дрэнную навіну.

— Чаго стаім, не працуем? Ці зарплаты занадта вялікія? — з'едліва спытаў Вікенцій Прохаравіч, строга аглядаючы прысутных.

Некалькі імгненняў панавала цішыня, а затым нехта прамовіў:

— Разумееш, старшыня, тут такая справа...

— Якая яшчэ справа? — раззлаваўся Лабудзька, не даслухаўшы да канца.

— Вы павінны працаваць, а замест гэтага стаіце! Хочаце сарваць план? Ды за такое я з вас тры скуры злуплю!

— Ты не кры чы, Вікенцій Прохаравіч, — пачулася з іншага боку. — А лепш па гля дзі сам!

Старшыня калгаса «Чырвоны камунар» пачырванеў ад такога нахабства. Ледзь не задыхнуўся ад абурэння. Але галаву ўсё ж такі павярнуў.

Натоўп расступіўся.

— Маці мая! — вы ціснуў Лабудзька, гледзячы на гіганцкі, больш за чатыры метры даўжынёй шкілет, што месціўся ў балотнай жыжцы. — Гэта яшчэ што такое?..

— Ды х... гэта значыць Бог яго ведае, — адказаў трактарыст Клім Яворын, перакочваючы ў роце цыгарэту, якая сыходзіла смярдзючым дымком. — Знайшлі вось...

Ад трактарыста несла перагарам, аднак старшыня не стаў рабіць Яворыну заўвагі. Не да таго было. Узрушаны Вікенцій Прохаравіч моўчкі разглядаў знаходку. Косці маглі належаць чалавеку. Калі б не іх памеры...

— Мы пусцілі ваду па дрэнажнай канаве, — растлумачыў Радзіхін — аператар кустарэза, — і, як толькі ўзровень вады панізіўся, з балота паказалася вось гэта...

Лабудзька не чуў калгасніка. Словы даносіліся да Вікенція Прохаравіча як быццам праз тоўсты пласт ваты. З памяці нечакана ўсплыў дзіцячы ўспамін — бабулін аповед пра волатаў. Міфалагічных істот, якія адрозніваліся вялізным ростам і немалой сілай.

«Няўжо нам трапіліся рэшткі аднаго з іх? — падумаў старшыня. — Атрымліваецца, не хлусіла бабуля...»

У сэрца кальнула ледзяная іголка страху. Цела пакрылася халодным ліпкім потам. Старшыня раптам усвядоміў, чым можа абярнуцца выяўленне артэфакта. Давядзецца спыняць працу, выклікаць з горада археолагаў, паведамляць па інстанцыях. Вікенцію Прохаравічу стала невыносна жудасна ад разу­мения таго, што з-за непазбежнай паўзы план меліярацыі не будзе выкананы, што ён, Лабудзька, стане непасрэдна вінаватым у сабатажы Пастановы Пле­нума ЦК КПСС...

Аднак куды страшней было іншае. Ні выклік «на дыван», ні адхіленне ад пасады, ні страта прывілеяў, а арышт, турма, суд і этапаванне ў Сібір...

«Калі не вышэйшая мера сацыяльнага пакарання...»

Легенда, якая стала рэальнасцю, пагражала перавярнуць усю савецкую гістарычную навуку, падарваць асновы марксісцка-ленінскага вучэння, пахіснуць асновы дзяржавы...

Зямля імкліва сыходзіла з-пад ног. Перспектыва скончыць свой жыццёвы шлях ад кулі ката палохала. Да смерці старшыня гатовы не быў.

Лабудзька выцягнуў з кішэні пінжака насоўку і прамакнуў ёй лысіну і шыю. Дыханне давалася з цяжкасцю. Рукі па-здрадніцку дрыжалі.

«Чаму ўсё гэта здарылася менавіта са мной?»...

Сэрца перапаўняла горкая крыўда.

Старшыня калгаса «Чырвоны камунар» з нянавісцю і злосцю глядзеў на шкілет. Два рады зубоў нагадвалі ўсмешку. Вікенцію Прохаравічу здавалася, што нябожчык-волат насміхаецца над ім. А гэта раніла мацней за жалеза. Чаго-чаго, а здзеку над сабой Лабудзька вытрываць не мог.

— Іван! — не адрываючыся ад костак, паклікаў бульдазерыста Вікенцій Прохаравіч.

— Тут я! — адгукнуўся хлопец.

— Для цябе ёсць праца! — сказаў старшыня, павярнуўшы галаву да Пракруста. — Заводзь «сотку»! Трэба зраўняць тут усё з зямлёй!..

Бачачы нерашучасць калгасніка, Лабудзька дадаў:

— Атрымаеш падвойную прэмію!.. І прагулы спішу!

— Гэта іншая справа! — шырока ўсміхнуўся хлопец і паабяцаў: — Зраблю!

— Таварышы, разыходзьцеся па рабочых месцах! — распарадзіўся стар­шыня. — Тут няма нічога цікавага! Давайце, давайце!..

Вось толькі выконваць загад начальства ніхто не спяшаўся. Страху Лабудзькі не бачыў толькі сляпы.

— Добра!.. Будзе прэмія і вам! — скрыгатнуўшы зубамі, сказаў Вікенцій Прохаравіч.

Меліяратары сустрэлі навіну радасным гулам. Лёс дзіўнай знаходкі ўжо больш нікога не цікавіў.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.