Няшчасны выпадак

Будовіч-Барадуля Таццяна

Жанр: Прочая старинная литература  Старинная литература    Автор: Будовіч-Барадуля Таццяна   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

НЯШЧАСНЫ ВЫПАДАК

Фантастычнае апавяданне

Ідучы з працы на тралейбусны прыпынак, я зазвычай выбіраў даўжэйшы шлях: па мосце над ракой, потым па набярэжнай і цераз парк, каб прывесці да ладу думкі і пераключыцца на тое, што мусіў рабіць, вярнуўшыся дадому. Так і сёння. Але замест нейкай душэўнай палёгкі я адчуваў такую маральную стому, быццам некалькі гадоў запар працаваў без выхадных і водпускаў, хаця насамрэч апошні скончыўся пару тыдняў таму — дастаткова, каб зноў уцягнуцца ў штодзённы працэс вытворчасці, але замала, каб зноў хацелася ў адпачынак.

У галаве дакучліва круцілася апошняя размова з маім калегам, яго беспадстаўныя прыдзіркі да мяне. З пэўнага моманту той стаў канфліктаваць амаль з усімі ў нашым невялікім калектыве: ці то хвароба нейкая хранічная ў яго абвастрылася, ці то асабістае жыццё пачало расклейвацца — ніхто дакладна не ведаў. Мяне ж нахабныя выпады на мой адрас уганяюць у стан ступару, і я не магу адказаць належным чынам, што потым выліваецца ў бяссонныя ночы самаедства: крыўдныя словы суразмоўцы і ўсе мажлівыя варыянты адказаў на іх гадзінамі пракручваюцца ў маёй галаве, не даючы спакою і адхлання.

У такім прыгнечаным настроі я падышоў да прыпынку, дзе, як заўжды ў гэты час, было шматлюдна. Неўзабаве паказаўся патрэбны мне тралейбус. Ён спыніўся, і дзверы расчыніліся. Наўздзіў, з іх ніхто не выйшаў ды ніхто, акрамя мяне, i не ўвайшоў, што было вельмі нетыпова для прыпынку ў цэнтры горада, ля метро ў гадзіну пік. Гэтыя падрабязнасці я прыгадаў пазней, але на той момант, калі апынуўся ў напаўпустым салоне, я быў занадта паглыблены ў свае перажыванні, каб адчуць: штосьці тут не так.

Дзверы зачыніліся, i тралейбус крануўся. Я рушыў да свайго ўлюбёнага месца, якое гэтым разам было вольным: самага высокага, акурат над левым заднім колам ля акна. Я з дзяцінства люблю менавіта гэтае месца: можна доўга глядзець на бясконцую плынь сустрэчных і спадарожных аўто за акном, можна адлятаць у думках далёка-далёка, зачараваўшыся адлюстраваннямі агнёў на мокрай восеньскай дарозе.

Сядзенне побач не пуставала, i яго займаў нейкі дзяцюк. Яму, пэўна, было незразумелым, чаму я хачу прашчаміцца паўз яго на тое вольнае месца, калі ў салоне хапала і іншых, дзе нікога не давялося б турбаваць. Памкнуўшыся, я звярнуўся да яго са словамі: «Дазвольце, калі ласка». Той глянуў, адначасова крыху адсунуўшыся і прапускаючы мяне, і я ледзь не праваліўся ў прорву: на мяне глядзелі мае ўласныя вочы, мой уласны твар. На ватных нагах я прасунуўся, куды хацеў. Пранеслася думка: «Усё ад нерваў». Між тым твар майго суседа не выявіў ні кроплі здзіўлення. І, толькі ўладкаваўшыся, я ледзь не аблаяў сябе апошнімі словамі: забыў набыць праязны, а сёння ж першы дзень месяца. Апошні час усё спяшаўся, адкладаў, раніцай ускочыў у тралейбус ледзь не на хаду. Што ж, трэба ісці да кіроўцы па квіток, бо канфліктаваць яшчэ і з кантралёрамі, калі яны раптам аб’явяцца... гэта мяне б даканала.

Давялося зноў турбаваць майго суседа, які і на гэты раз не выявіў ніякага здзіўлення.

Калі тралейбус спыніўся на святлафоры, я падышоў да кіроўцы. У яго (ці ў яе) былі такія ж светлыя, хвалістыя, доўгія, ніжэй за лапаткі, валасы, як і ў мяне. Не магу расстацца з імі, яны для мяне як атрыбут багемнага ладу жыцця, нефармальных тусовак, нязменным удзельнікам якіх я быў у юнацтве і маладосці. Гэта ўсё, што ў мяне засталося ад тых часоў, і, здаецца, калі абрэжу валасы — не будзе лучнасці з чымсьці жывым, істотным для мяне.

Я пагрукаў у акенца кабіны, трымаючы напагатове грошы. Кіроўца (а гэта аказаўся мужчына) раўнадушна зірнуў на мяне, паківаўшы галавой. І тут у другі раз мне ледзь не стала блага: і ў яго таксама быў мой твар. Прыхінуўшыся спінай да парэнчы, я не мог зразумець, ці гэта другі запар мой двайнік у адным і тым жа месцы і як такое магчыма, ці гэта нервы канчаткова здалі. Дачакацца б бліжэйшага прыпынку, выйсці б і — пешшу да самага дома, да поўнай знямогі!

У салоне былі яшчэ пасажыры. І вось тут, калі мне «цюкнула» зазірнуць у іх твары, я адчуў сябе ў нейкім мроіве, у сне-трызненні: твары былі ва ўсіх аднолькавыя. Усе з маім тварам. Апранутыя па-рознаму, з рознымі прычоскамі, хто вусаты-барадаты, хто ў акулярах, хто з завушніцамі ў вуху, хто з пірсінгам, мяне яны нібыта не заўважалі, былі занятыя сваімі клопатамі: слухалі музыку ў навушніках, гулялі ў цацкі на мабільніку, глядзелі ў акно ці перад сабой пустымі вачыма. Мяне як не існавала.

Адно з двух. Альбо ўсё — сон, фантазія хворага ўяўлення, альбо нейкае вар’яцтва. А калі тралейбус праехаў прыпынак і не спыніўся (хаця павінен быў), я канчаткова зразумеў: так проста я адсюль не выйду. У зацятым, тупым, безнадзейным адчаі (калі няма чаго губляць) я павярнуўся да кабіны кіроўцы і з усяе моцы стаў малаціць кулакамі ў шкло. Той абыякава павярнуўся да мяне. Не цямлю, колькі працягваўся момант «двубою» вачэй, мне было пранізліва жудасна, да немагчымасці, да нерэальнасці, да нейкага душэўнага і фізічнага анямення без астатку. Апошняе, што я запомніў, — гэта віскат тармазоў, страшэнны ўдар, скрыгат металу аб метал. Я моцна выцяўся аб штосьці, мяне, мусіць, павінна было там размазаць, але болю адчуць не паспеў.

І вось цяпер, дзень пры дні лежачы пад кропельніцамі ў рэанімацыі, я пакутліва, да драбніцы намагаюся аднавіць у памяці той фатальны вечар, хаця б у галаве «намацаць» эфемерную мяжу паміж рэальным і нерэальным.

Доктар і медсёстры, якія з нуднай рэгулярнасцю зазіраюць да мяне, маімі двайнікамі не з’яўляюцца. Яны не распавядаюць мне акалічнасцей той аварыі, толькі пра тое, якое надвор’е на дварэ ды што мне нельга хвалявацца. Наведвальнікаў у мяне амаль не бывае. Пару разоў прыходзілі мае калегі, але іх не пусцілі, толькі перадачу ўзялі. А сёння мне сказалі, што прыходзіў мой брат-блізнюк, вельмі хацеў да мяне трапіць, але яму не дазволілі. Ён перадаў мне канверт. У мяне ніколі не было братоў. Але канверт я разгарнуў: там ляжаў праязны на тралейбус на гэты месяц. Але наўрад ці я адсюль выйду раней, чым скончыцца тэрмін яго дзеяння.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.