Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Жанр: Биографии и мемуары  Документальная литература    2004 год   Автор: Быкаў Васіль   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Доўгая дарога дадому ( Быкаў Васіль)

Кароткае прадмоўе

Перш за ўсё хачу папярэдзіць чытача, што гэтая кніга — твор вельмі інтымны, суб’ектыўны, аднабаковы, якім зрэшты, ці не заўжды зьяўляецца мэмуар, успамін, сьведчаньне. Думаецца, у тым ягоная сіла, але адначасна і слабасьць, падстава для прэтэнзіяў і нязгоды. У сваё апраўданьне магу толькі сказаць, што ня меў жаданага намеру каго-небудзь абразіць, што-колечы скрывіць ці знарок падаць у неадэкватным сьвятле.

Бальшыня названых у творы пэрсонаў прыведзеная пад іхнымі сапраўднымі імёнамі. Хіба ў асобных выпадках імёны зьмененыя — зь меркаваньняў павагі да годнасьці тых пэрсонаў ды і ў інтарэсах аўтара. Наколькі тое магчыма, аўтар імкнуўся прытрымлівацца храналёгіі, хаця тое не заўжды ўдалося. Асабліва там, дзе падзеі адбываліся паралельна або выпадалі з пэўнага лягічнага ланцугу.

Выбачаюся перад тымі, каго не ўпамянуў тут, пра каго напісаў мала ці тым болей ня так, як яны заслугоўваюць. Перад тымі, каго засмуціў названымі фактамі або празьмернымі азначэньнямі. Знарок нікога не хацеў пакрыўдзіць.

Васіль Быкаў

Родная мая мясьцiна, мабыць, ня надта тыповая для раўнiннай поўначы Беларусi — дужа зрыты рэльеф, пагоркi i лагчыны, раўкi, балацявiны i азёры. Азёраў дык нават зашмат — палявых i лясных, круглых, крывулястых, часам з голымi, а ў бальшынi з аброслымi трысьнягом берагамi. Ну i, вядома, лясы. Чырвоных бароў, праўда, засталося няшмат[: ], бары высякалi, асаблiва пасьля войнаў — на будоўлю, дровы, на продаж. Палi амаль паўсюль цесныя, лапiкамi на пагорках, нiзiнах, часьцяком парэзаныя раўчукамi з алешнiкам на схiлах. На тых лапiках пад лесам, каля балотаў, па-над рэчкамi цi азёрамi рассыпалiся вёскi — невялiкiя, з крывымi вулiцамi, а то i зусiм бяз вулiцаў, — з дарожкай ад хаты да хаты. Не хутары i ня вёскi, але так, мабыць, было зручней гаспадарыць, бо гаспадарка ахоплiвала хату, хлявы, сьвiран, варыўню, гумно з токам, паветкай i пуняй. Нават невялiкая вёска здалёку рабiла ўражаньне немалой забудоўкi. Цягам часу будынкаў усё менела[: ] гарэла, бурылася, пераносiлася да калгасных падворкаў — абораў ды канюшняў. Менела i людзей. Цяпер у маiх Бычках два дзясяткi самотных хатаў, палова зь якiх стаяць пустыя. У астатнiх дажываюць свой век нямоглыя пэнсiянэры.

Наш падворак у вёсцы быў крайнi, далей — поле i парослы алешнiкам ды ляшчыньнiкам роў. З тым ровам найперш зьвязанае маё маленства; у iм, асаблiва ўлетку, было безьлiч зманлiвага i цiкавага. Там зьлiвалiся дзьве ручаiны, утвараючы вадзяныя запруды на камянях, сьцежку заўжды перакопвалi кратовыя норы, крыху далей, на схiле, зеўрала барсукова нара, а ўнiзе, пад абрывам, бруiла з-пад камянёў крынiчка. Усе даваенныя гады мы бралi зь яе ваду, якую, аднак, ня дужа лёгка было цягаць па крутых сьцежках, асаблiва ўзiмку. Але калодзежу на падворку мы ня мелi, а вада з крынiчкi была дужа добрая — чыстая, заўжды сьцюдзёная i смачная, як казала мацi. У калодзежах такой не бывае.

Над ровам удалечынi вiдаць былi цёмныя купкi ельнiку, то — Гаi, Блiжнiя i Дальнiя, куды дзятва пачынала хадзiць зь Вялiкадня, калi падсыхалi сьцежкi. Там мясьцiўся зусiм ужо iнакшы сьвет — лясны, змрочны i таямнiчы. У Пiлiпаўку чулася, як там выюць ваўкi, хаця адмысловае ваўчынае месца звалася Ваўкоўшчынай, яно было збоч i далей ад Гаёў, за iншым, яшчэ глыбейшым ровам. Увогуле равоў у нас хапала, усе зарослыя хмызьняком, з крутымi, галаваломнымi схiламi.

Пачаў сябе памятаць, можа, гадоў зь пяцi. Першыя мае ўражаньнi ад навакольнага сьвету, аднак, зьвязаныя з возерам.

Мой сябра Валодзя Галавач, старэйшы за мяне на тры цi чатыры гады, аднойчы сказаў: пойдзем на возера. Канешне, гэта было дужа зманлiва, але ж далёка — можа, кiлямэтры два. Для пяцiгадовага то сапраўды цэлы сьвет. Прытым усё самавольна, без дазволу бацькоў. I вось мы пайшлi. Трэба было перайсьцi поле, iльняную нiву, пералезьцi цераз глыбачэзную, страшную аўражыну, узьлезьцi на крутую гару [ — ] і ўжо зь яе бачным рабiлася возера, якое няроўным блiшчастым лапiкам разьлеглася ў лесе. Той бераг таксама гарысты, круты, парослы ельнiкам ды дубамi; а на гэтым — хмызьняк, драбналесьсе. Перад самым возерам такi спрытны беражок зь пясчанай водмельлю, збоч вялiзная крутая гара з дубамi. Казалi, там некалi было паганскае капiшча. I вось я ўпершыню ўбачыў гэткi цуд. Надвор’е было цiхае, летняе, дык той бераг спакойна вiсеў у вадзе ўнiз галавой — i елкi, i дубы. Toe захапляла. Усё самае рамантычнае ў маiм дзяцiнстве зьвязанае менавiта з тым возерам. Пасьля там купалiся, вудзiлi рыбу, лавiлi ракаў, — тыя яшчэ вадзiлiся. Калi трохi падрос, памятаю, хадзiлi ноччу са смаляком. Смаляк запалiш, а яны вакол выпаўзаюць на водмель, нават страшнавата робiцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявiшча на беразе, а ён — цоп за палец, i цягнеш яго. Трохi далей на балоцiстым беразе ў хмызьняку жылi бабры, ладзiлi свае хаткi. Часам можна было бачыць (асаблiва ўвечары), як яны плывуць, што-небудзь цягнучы да свайго жытла.

Цiкава зазначыць, што за час, якi мiнуўся з моманту маiх першых уражаньняў ад возера, шмат што — калi ня ўсё — у навакольлi зьмянiлася. Ня стала прыазёрных вёсак, пабурылiся ў вайну, ды так i не аднавiлiся мястэчкi, паадыходзiлi ў iншы сьвет людзi. А возера нiколькi не зьмянiлася. Усё той жа бераг, тыя ж яго абрысы, водмель i зарасьнiкi трысьнягу побач. I нават тры старыя алешыны на беразе як расьлi на пачатку мiнулага стагодзьдзя, так растуць i цяпер. I той бераг такi ж круты i лясiсты, недаступны нi зiмой, нi ўлетку. Сапраўды, неўмiручае i нават нязьменнае мiлае маё азярко, якое я буду любiць да скону дзён. Возера тое называлi Белякоўскiм — па назову блiжняй, дарэчы, уцалелай за вайну вёскi. А гiстарычны назоў ягоны — Гарадзень, мабыць, паводле памянёнага ўжо капiшча. А крыху далей — зьвязанае з гэтым рачулкай возера Камароўскае. То большае, з астраўком, i побач зь iм, бы спарыш, меншае. А памiж iмi па мастку праходзiла дарога. I вось, памятаю, гэта таксама было ў дваццатыя гады, калi аднаасобна жылi, настала нейкае сьвята, магчыма, Сёмуха, паехалi мы сям’ёй у Стайкi на набажэнства. Казалi, прыехаў архiрэй. На гэтай дарозе з гары панёс конь, i мне, малому, здалося, што якраз той кiруе ў возера. Дужа спалохаўся. Дзякуючы таму спалоху запомнiў i паездку, i возера, i сябе малога. А возера таксама прыгожае, на астраўку менскiя археолягi раскапалi стаянку нэалiтычнага чалавека. Так што мясьцiны гэтыя былi даўно абжытыя, але ацалелыя праз тысячагодзьдзi.

Калiсьцi над возерам ля вёскi Белякоўшчына стаяў маёнтак пана Рудамiна (дарэчы, славуты род часоў ВКЛ), у якiм колькi год мясьцiлася школа. Пасьля школу перавялi ў Двор-Слабодку, а Рудамiнаў маёнтак разабралi на бярвеньне i перавезьлi ў Вушачу пад райвыканкам, якi там i быў да самай вайны. Возера без жытла асiрацела, хаця недалёка былi вёскi — Саўчонкi-дольнiя i Саўчонкi-гаране. Цяпер пра iх сьведчаць толькi аброслыя малiньнiкам камянi падмуркаў. Далей па рэчцы была вёска Вiтава з мастом, грэбляй i мураваным млынам. Вiтава i млыну даўно няма, але вёска Чарапоўшчына на гары пакуль што стаiць, прытулiў шыся да зьдзiчэлага саду i дамоўкi пана Малiноўскага. Яшчэ ў 20-я гады то была здатная будынiна з вэрандай, зашклёнай разнаколернымi шкельцамi, а галоўнае — з мэталiчнай вiнтавой лесьвiцай на другi паверх. I тое ды iншае дужа захапляла дзятву, мы бегалi туды паглядзець хоць знадворку. У сярэдзiну не пушчалi, там была важная ўстанова — сельсавет, на ганку якога тупаў мiлiцыянт з наганам на баку.

Пра дзядоў-прадзедаў ведаю няшмат, мабыць, мала захавалася пра iх у нашай сямейнай памяцi. Цi, можа, бацькi ня мелi патрэбы распавядаць пра iх дзецям. Сьпярша тое насамрэч было малым нецiкава, а пасьля не было каму слухаць. Ведаю толькi, што адзiн дзед быў патомны рыбак, усё жыцьцё лавiў рыбу. Тую справу перадаў сыну, брату маёй мацi — Лявону, якi таксама лавiў рыбу. Другі дзед быў селянiн-адыходнiк, сэзонна рабiў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыi, там жа пад канец жыцьця выбiўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода. Баба жыла ў вёсцы, але рана памерла, вялiкiх уражаньняў па сабе не пакiнула. Бацька Уладзiмер Хведаравiч у маладосьцi нямала пабадзяўся па сьвеце i толькi на старасьцi жыў у роднай вёсцы. Як цяпер пагляджу, гэта, можа быць, самае нешчасьлiвае пакаленьне, якое за ўсё свае жыцьцё долi ня знала. Адно бязладзьдзе, рэвалюцыi, войны. Ды калектывiзацыя. Ды барацьба з ворагамi народу… Голад, кроў i пакуты.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.