Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Быкаў Васіль

Жанр: Публицистика  Документальная литература  Биографии и мемуары    2014 год   Автор: Быкаў Васіль   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1 ( Быкаў Васіль)

Маладыя гады:

аўтабіяграфічныя дыялогі з Алесем Адамовічам

Маладыя гады, маладыя жаданні…

Максім Багдановіч

Гэтыя гутаркі пад магнітафон адбываліся даўно, з таго часу шмат што змянілася ў свеце, у тым ліку і ў асабістых лёсах двух суразмоўцаў. Памёр незабыўны Алесь Адамовіч, апынуўся на чужыне Васіль Быкаў. Я не думаў друкаваць усё тое, нават забыўся на яго, але… Калі ўжо яно выйшла ў «Полымі» (нумары 5–6, 2001 г.), дык мусіў вярнуцца да знаёмага тэксту і што-нішто паправіць, удакладніць — галоўным чынам у стылі апавядальніка. Апроч таго, некаторыя мясціны пашырыць і патлумачыць. Пытанні Алеся Адамовіча засталіся некранутыя, бо гэтыя пытанні, на мой пагляд, нясуць у сабе няменшы сэнс, чым адказы на іх. Яны — частка духоўнага свету Алеся Адамовіча, мастака, няўрымслівага дзейніка дэмакратычнай культуры ХХ ст.

Тэкст зняты з магнітафона і падрыхтаваны да друку Верай Сямёнаўнай Адамовіч, і я ўдзячны ёй за яе немалы клопат.

Васіль Быкаў, жнівень 2001, Франкфурт-М.

Алесь Адамовіч: Раскажы, калі ласка, пра сваё дзяцінства, сям’ю.

Васіль Быкаў: Думаеш, гэта вельмі прыемна — успамінаць мінулае? Прыемна ўспамінаць добрае. Я ўжо згадваў некалі: Твардоўскі казаў, што ён не любіць успамінаць сваё юнацтва…

А. А.: Твардоўскі не любіў успамінаць юнацтва, а ты — дзяцінства? Мабыць, ты ў гэткім выпадку рэдкі чалавек.

В. Б.: Ну, ведаеш, такое было дзяцінства. Што ж ты хочаш? Такі быў час…

А. А.: Калі ты ўпершыню сябе помніш? З якой хвіліны?

В. Б.: Я пачаў сябе помніць, відаць, позна, можа, гадоў з пяці. Мае самыя першыя ўражанні аб свеце звязаныя з возерам. Возера было там у нас недалёка, але ўсё-такі на чужым полі.

А. А.: Што значыць — на чужым полі?

В. Б.: Гэта значыць, не на тэрыторыі нашай вясковай абшчыны.

А. А.: Як называлася ваша абшчына?

В. Б.: Вёска Бычкі, Ушацкага раёна. Вось там трэба было прайсці поле, потым яшчэ суседнюю вёску Саўчонкі, і на яе землях мясцілася гэтае возера. У мяне быў сябра Валодзя Галавач, старэйшы за мяне на тры ці чатыры гады… Сталася так, што равеснікаў у мяне не было, а былі толькі равесніцы, хлопцы ж усе былі старэй за мяне на гады два-чатыры. І вось аднойчы Валодзя кажа: пойдзем на возера. Для мяне, канешне, гэта было дужа цікава, але ж далёка, можа, кіламетры два…

А. А.: Так, можна ўбачыць цэлы свет.

В. Б.: Для пяцігадовага сапраўды цэлы свет. Прычым усё самавольна, без дазволу бацькоў. І вось мы пайшлі. Трэба было прайсці поле, ільняную ніву, пералезці цераз аўражыну, узлезці на гару, а ўжо з яе ўбачыць нарэшце возера. Возера лясное, унізе ляжыць той бераг — таксама гарысты, круты, парослы ельнікам ды дубамі; а на гэтым беразе — драбналессе. Перад самым возерам такі спрытны беражок з пясчанай водмеллю, а збоч вялізная крутая гара з дубамі, казалі, там некалі было паганскае капішча. І вось я ўпершыню ўбачыў гэткі цуд, надвор’е было ціхае, летняе, дык там той бераг вісіць уніз галавой — і елкі, і дубы. Усё тое захапляла. Самае паэтычнае ў маім дзяцінстве звязана менавіта з тым возерам. Пасля там купаліся, вудзілі рыбу, лавілі ракаў — тыя яшчэ там вадзіліся. Калі трохі падрос, памятаю, хадзілі ноччу са смаляком. Смаляк запаліш…

А. А.: А яны выпаўзаюць…

В. Б.: А яны выпаўзаюць, нават страшнавата робіцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявішча на беразе, а ён — за палец і цягнеш яго. Трохі далей у балоцістым беражку жылі бабры, ладзілі сабе хаткі, і часам можна было бачыць (асабліва ўвечары), як яны плывуць, што-небудзь цягнуць да свайго жытла. Ну вось, гэта адно возера…

(Цікава будзе зазначыць, што за час, які мінуўся з моманту маіх першых уражанняў ад возера, шмат што — калі не ўсё — у наваколлі змянілася. Не стала прыазёрных вёсак, пабурыліся ў вайну, ды так і не аднавіліся мястэчкі, паадыходзілі ў іншы свет людзі. А возера ніколькі не змянілася. Усё той жа бераг, тыя ж яго абрысы, водмель і лапіклы трыснёгу побач. І нават тры старыя алешыны на беразе як раслі на пачатку мінулага стагоддзя, так растуць і цяпер. І той бераг такі ж круты і лясісты, недаступны ні зімой, ні улетку. Сапраўды, неўміручае і нават нязменнае наша мілае азярко, якое я буду любіць да скону дзён.)

А. А.: Быў дваццаць дзявяты год, калі лічыць…

В. Б.: Так, прыкладна так. Ва ўсякім разе, яшчэ да калгасаў.

І зноў жа іншае ўражанне таксама ад возера, але ад іншага.

Яшчэ там трохі далей праходзіць дарога з Кубліч, мястэчка, да якога кіламетры тры.

А. А.: Прабач, дык у вас азёры, мабыць, неяк называлі — лясное, такое, такое. У нас, як казалі, што ідуць на рэчку, дык гэта проста рэчка, у горад — гэта Бабруйск, горад без усякай назвы. А ў вас назвы…

В. Б.: Возера, пра якое кажу, называецца Белякоўскае — па назову бліжняй, дарэчы, уцалелай за вайну вёскі. Але гістарычны назоў ягоны — Гарадзень, паводле памянёнага мной капішча. А другое, пра якое я зараз раскажу, — Камароўскае. Вялікае, з астраўком і побач, бы спарыш, меншае. А паміж імі па мастку праходзіць дарога. І вось памятаю, гэта таксама яшчэ ў дваццатыя гады, калі аднаасобна жылі, прыйшло нейкае свята, магчыма, Сёмуха, паехалі мы сям’ёй у Стайкі на нейкае набажэнства. Казалі, архірэй прыехаў. І вось ехалі з Кубліч па гэтай дарозе, а з гары конь панёс, і мне, малому, здалося, што якраз той кіруе ў самае возера. Дужа спалохаўся. А возера таксама прыгожае, на астраўку менскія археолагі раскапалі стаянку неалітычнага чалавека…

А. А.: А можа, пра сям’ю раскажаш?

В. Б.: Зараз…Трэба б чагось выпіць, прамачыць горла.

А. А.: Прамачыў? Каб дакладна. Бацька, маці, браты, сёстры… А можа, дзед і бабка?

В. Б.: Дзед і бабка?

А. А.: Што, не памятаеш?

В. Б.: Няшмат, але што памятаю. Так, адзін дзед быў патомны рыбак, усё жыццё лавіў рыбу. Тую справу перадаў сыну, брату маёй маці Лявону, які таксама лавіў рыбу. Другі дзед быў селянін-адыходнік, сезонна рабіў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыі, там жа пад канец жыцця выбіўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода. Баба жыла ў вёсцы, але рана памерла, вялікіх уражанняў па сабе не пакінула. Бацькі ў мяне…

А. А.: Усё назаві. Імя бацькі, імя па бацьку.

В. Б.: Уладзімір Хведаравіч. Гэта, можа быць, самае нешчаслівае пакаленне, як я цяпер разумею, якое за ўсё сваё жыццё шчасця не знала. Адно бязладдзе, рэвалюцыі, войны. Ды калектывізацыя. Ды барацьба з ворагамі народа… Голад, кроў і пакуты.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.