Ксю

Федарэнка Андрэй

Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Ксю (Федарэнка Андрэй)

АНДРЭЙ ФЕДАРЭНКА

КСЮ

Аповесць

І.

Аляксей Дарафей, ці Леанід Дарафей (у пашпарце і ў ваенным білеце ён пісаўся Аляксей, а людзі, у тым ліку і родная маці, звалі яго Лёня: чамусьці сярод беларусаў распаўсюджана такая блытаніна) - дык вось, у гэтага Леаніда-Аляксея па прозвішчы Дарафей пачала кепска заводзіцца яго “Кіа”. Пасля працы ён заехаў у райцэнтр на станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Знаёмы механік пакалупаўся і сказаў, што трэба мяняць стартэр, назваў суму - восемдзесят даляраў, але ў Мінску на аўтарынку ці ў Ждановічах такія самыя - па трыццаць. Так што калі Дарафей не лянуецца і мае час, прасцей самому з’ездзіць у Мінск.

- А я за дзякую пастаўлю...

- Дзякую ў шклянку не нальеш, - адказаў Дарафей.

Ён падумаў і вырашыў ехаць. Не таму, што шкада 50$, грошы ў яго былі: крыху даляраў на чорны дзень, крыху еўра; ляжалі беларускія на пластыкавай картцы і на банкаўскім рахунку. Проста даўно не быў у сталіцы, засумаваў па ёй. А тут такая нагода. Электрычкі цяпер хуткасныя, раніцай туды, удзень назад. Да таго ж ён як чыгуначнік меў магчымасць бясплатнага праезду раз на год у любы куток Беларусі і яшчэ ні разу гэтым правам не скарыстаўся.

Ён узяў адгул, папярэдзіў маці, што яго не будзе паўдня, і паехаў у Мінск. У першым жа павільёне аўтазапчастак на Ждановічах знайшоўся новенькі, у змазцы, стартэр. Да электрычкі хапала часу. Дарафей пакатаўся ў метро, выйшаў на плошчы Перамогі.

Пасля падземкі востра, прыемна пахла свежаскошанай травой з газонаў. Стаяў май, свяціла ранішняе сонца, ехала палівальная машына і мыла вуліцу. Высокія кусты белага бэзу цвілі буйнымі суквеццямі - кіпелі, а не цвілі. Дарафей паволі крочыў ад метро ў парк, разглядваючы капоты і зады прыпаркаваных машын, дзівячыся, якіх толькі марак не бывае. Раптам ён уздрыгнуў ад рэзкага сігналу. Азірнуўся. Белы “Лексус” асцярожна зарульваў на вузкае вольнае месца паміж машынамі. І за тую долю секунды, пакуль адчыняліся дзверцы, Дарафей зразумеў (прадчуванне часта абганяе зрок), што сігнал адрасаваны яму, і ўжо ведаў, каго зараз убачыць.

“Не можа быць!” - падумаў ён, узіраючыся ў ледзі, якая выйшла з машыны. А яна ўжо ішла да яго - нерашуча, збянтэжана, вінавата і міла пасміхаючыся, ва ўсім белым: сукенка, адкрытыя загарэлыя плечыкі, белая сумачка, белыя туфлі. На шыі блішчэў срэбны ланцужок.

- Ты пазнаеш мяне?

- Ксю...

Яна абняла яго моцна за шыю, прытулілася і абсыпала твар пацалункамі.

- Як даўно мяне так не звалі! Гэта ж колькі часу мінула!..

II.

Яны пазнаёміліся пятнаццаць гадоў назад. Аляксей якраз вярнуўся з арміі, а перад гэтым была вучоба ў палітэхнікуме, і так атрымалася, што ён гадоў сем, не лічачы кароткіх, на выхадныя, наездаў, практычна быў ізаляваны ад роднай вёскі. За гэты час аднакласніцы павыходзілі замуж, сябры - хто служыў, хто, вярнуўшыся з войска, адразу ж з’язджаў у горад, балазе, той быў блізка, а там - гіганцкі, на ўсю Еўропу вядомы металургічны завод.

Аляксей прайшоў з канца ў канец па вуліцы, дзівячыся зменам. Многа новых хат, і ў старых хатах - таксама нейкія новыя, чужыя людзі.

- Я амаль нічога тут не пазнаю, - сказаў ён дома маці.

- Што ты! Усё памянялася. Старыя паўміралі, маладыя паз’язджалі на металургічны... І ў лес не хадзі, бо заблудзішся.

Загаўкаў сабака, маці выглянула ў акно.

- Жэня сунецца...

Аляксей таксама паглядзеў. Ад веснічак праз двор ішоў незнаёмы мужчына, высокі, дужы, гадоў пад сорак, у клетчатых штанах, з сумкаю ў руцэ, - ішоў дзіўна, віхляючы задам, як жанчына. Зверху да каленяў ногі ў яго былі шчыльна сціснуты, а ад каленяў ішлі ўраскід, нібы ён не меў над імі ўлады, хоць ён стараўся рабіць маленькія крокі. Пастукаў у дзверы, узнік на парозе.

- Ну, з вяртаннем!
- Рука ў яго была моцная, мазолістая.
- Жэня Бракарэнка.

Аляксей наморшчыў лоб, а Жэня сказаў:

- Не старайся - не ўспомніш. Мяне твая маці толькі памятае, і то ледзь-ледзь. Я не з пустымі рукамі. Вось вам, - пачаў выкладваць з сумкі на стол, - каб не падумалі, што проста выпіць прыйшоў... Вось бутэлька, сала, мяса, яйкі свежыя...

- Не трэба!
- для парадку, па вясковай звычцы завялася маці.
- У нас усё ёсць.

- Такога няма. У мяне замежнае, - Жэня падміргнуў Аляксею.
- Сыр, каўбаска, вінаград... А гэта, - працягнуў маці некалькі купюраў, - за клопат. Бяры, бяры, ты не адна цяпер.

Маці ўзяла грошы, узяла выпіўку, закуску. Аляксей, якому не давала спакою знаёмае прозвішча, раптам прыгадаў:

- У ваенкамаце быў хірург... Бракарэнка, здаецца?

- Гэта мой родны брат, - коратка адказаў Жэня.
- Ужо ён не ў ваен­камаце, а на тым свеце.

Памаўчалі. Жэня прысеў за стол.

- Ну, расказвай. Якія планы? У горад на металургічны?

- Не, не!
- Аляксей аж замахаў рукамі.
- Толькі не туды!

Ён разлюбіў свой горад адразу, як там з’явіўся славуты металургічны завод - задымлены, зачумлены, з цэхамі і трубамі. Будавалі яго ад пачатку да канца аўстрыйцы і італьянцы; пабудавалі - ды так і засталіся, працавалі тут. Вось гэтыя чароўныя словы - “замежнікі, еўрапейцы” - як магнітам прыцягвалі сюды, у нікому раней невядомы, правінцыйны беларускі гарадок, а цяпер - Кландайк, Эльдарада шукальнікаў шчасця з усіх куткоў Саюза. Сюды, на гэтую выспачку буржуазнай свабоды, злятаўся, сцякаўся, спаўзаўся самы розны непатрэбны люд. Тут можна было лёгка набыць жуйкі, джынсы, цэлафанавыя пакеты з малюнкамі каўбояў, замежныя цыгарэты з тытунём і з анашой, псіхатропныя таблеткі і транквілізатары, заморскае спіртное і наркотыкі, а таксама, калі пашэнціць - венерычнае захворванне.

- Не, не ў наш горад, - паўтарыў Дарафей.
- Там без мяне хапае. Я вучыцца думаю. У Мінск паступаць.

- Па якой спецыяльнасці?
- пацікаваўся Жэня.

- Па сваёй, тэхнікумаўскай. Прамысловае і грамадскае будаўніцтва. Дыплом маю, характарыстыкі добрыя з арміі.

- Паступіш! Усё ў цябе атрымаецца, інжынерам станеш!

- Ды не - я думаю застацца ў аспірантуры.

- Таксама правільна. Вось за гэта хвалю, - для Жэні толькі выказаны намер быў ужо здзейсненым фактам.
- Аспірантура, потым кафедра, ды па камсамольскай лініі пакруцішся, а там глядзіш - да міністэрства недалёка...

- Не суроч, сплюнь, - умяшалася маці.

- А што, міністраў з неба спускаюць? Яны з такіх, як мы, людзей бяруцца. Галава ў яго светлая, характар добры, кампанейскі... Толькі на гэта і глядзяць.

- У мяне яшчэ законныя тры месяцы ў запасе. Нешта прыдумаецца.

Жэня чамусьці азірнуўся і перайшоў на шэпт:

- А ты не хочаш папрацаваць? Са мной? На чыгунцы? Сезонным транспартным рабочым?

- А можна?

- З рукамі адарвуць. Людзей не хапае. Праца лёгкая, у ахвоту, чыстае паветра... Грошы неблагія.

Жэня зноў азірнуўся, нібы іх маглі падслухаць, зашаптаў:

- А то прынесці таго-сяго... Таварнякі багатыя бываюць. У Крывой спыняюцца на перагоне. Ёсць такая паваротка - Крывая. Прабяжышся каля вагонаў, глядзіш - пломба сарваная, нехта ўжо трыбушыў. І экспедытара няма... ну, таго, хто суправаджае груз. У вагоне - скрынкі... Памідоры, вінаград... Віно.

Маці, якая ўжо, відаць, бачыла сына міністрам, загарачылася:

- Ты яго гэтаму не вучы! У яго будучыня!

Жэня прыкрыў далоняю рот:

- Не, я ж так, да слова...

- А машыніст?
- спытаў Аляксей.

- Машыніст нічога не бачыць. Цягнік заварочваецца, як змяя, з першага вагона хвост не відаць. Дык як, падумаеш?

- Падумаю...

Калі госць пайшоў, ад выпітага яшчэ больш віхляючы задам, маці пачала расквазаць. Сапраўды, Жэня гэты родам з іхняй вёскі, жыў тут, калі Аляксея яшчэ не было на свеце. Потым пасадзілі яго за нешта - “яны ж не кажуць, за што”, не паспеў выйсці - зноў сеў.

Алфавит

Похожие книги

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.