Ладдзя Роспачы

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Классическая проза  Проза    Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Рыгору Барадуліну

Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха [1] .

Быў ён з калена Давойнаў, з клана – Мячоў, а якога герба – за даўнасцю год забылася. Усёй маёмасці яго было – замак-развалюха, некалькі коней веку мафусаілава, латы, ды меч, ды яшчэ шахматная дошка, але затое быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай.

Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін – самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць – “завалідрога”, а мы, людзі роду крывіцкага, “адарвірог”, бо некалі, кажуць, такі ў самога Люцыпара рог сілком аддзерлі і зрабілі з яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка. Я думаю – байкі гэта.

І сябры ў яго былі адпаведныя. Андрэй Гарбаты з Брачыславічаў, Кірык Балабан з Гультаёў, Галляш Вясна са Свінчуковічаў ды яшчэ Іра Францічак, за пераплёт на служэнне надзелены вёскай Мазурыкі, родам багемец, але п’янюга і бабскі ліслівец – на трох беларусаў.

Толькі ўсёй і працы ў іх было, што цягацца па корчмах і шынкарках ды па навакольных замках, калі гаспадара няма дома, піць віно, як Дняпро п’е Друць, ды дзярбаніць на лютнях і кімвалах багамерзкія песні.

Неяк жылі. Ставілі і бераглі дзяды і прадзеды мёд і віно – і выпіць яго за адно жыццё было цяжкавата нават Выліваху. У лясах была жывая закуска, касулі ды туры. На балотах свіязі, кражныя чагронкі, гразавікі, сярухі, шылахвосці. У рэках судакі, калекі, або балабы [2] , самы, сіклы ды міроны, падусты, выразубы, язі ды галаўні, ляшчы ды бялёзны [3] , страдалы [4] , гусцёркі, свінні вадзяныя, сцярлядкі ды шчупакі.

І з іншым неяк абыходзіліся. У той час Магілеў з Рагачовам нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было – грэблю масці. Так што порты, чугі ды плашчы абыходзіліся танна.

Набяруць гарэлкі, паедуць у лугі, дзіка заб’юць, ды на лаўцах пякуць дзічыну, ды песні гарлаюць – от і ўсё іхняе набажэнства Пану Богу за тое, што даў ім жыццё.

Нораў у гэтай грамады быў Дняпровы – на вярсту пяцьсот сажаняў звіву, – так што ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць.

Нап’юцца ды, конныя, з кручы ў Дняпро скачуць. Або купяць за тры шэлегі плыт, усцягнуць на яго майно ды бочкі з Божай слязою, захопяць усіх дзяўчат з Вясёлай Слабады дый сплывуць так аж да Лоева. А мужам гарадскім у гэты час хоць ваўком вый.

З Лоева вяртаюцца на конях, мечаных гетманскай клейнай. І кажуць па-рознаму. То – “падарылі”, а то “купілі, плыт спрадаўшы”. Ды яшчэ смяюцца бессаромна, зубы нахабныя прадаюць.

Два разы стараста накладаў непарушную пячатку на іхняе дабро, за нясплату пазычанага. Думаў – сыдуць і ціха стане ў месце. То адзін раз яны – з нявыкруткі – загналі бацьку Палавуса, што дзесяць год са сваёй гайнёю па наваколлі блукаў і якога стараста з войскам спаймаць не мог.

Загналі і забралі ў яго ўвесь скарб.

А другі раз яшчэ мудрэй прыдумалі. Біскуп Смарагд хадзіў па наваколлі, зачыняючы грэцкага абраду цэрквы, а дабро іхняе рабуючы. Ездзіў, пёс касароты, як Мамай: наперадзе сам з войскам, а за ім абоз нарабаваны.

То яны два вазы з футрамі, ваздухамі, залатымі дараносіцамі, ахвярнікамі, крыжамі святымі, дзе пацірамі і дзіскасамі ў яго адбілі ды павялі. Божую зрабілі справу, але не для славы Божай, а для мамоны сваёй. Так і не выкурылі іх з гнёздаў.

У багатых, але пацёртых уборах, светлавокія, заўсёды на падпітку. Вакол лірны гуд і дудны роў. На сёдлах – жанчыны. На плячах – сокалы. У сэрцах – няма Божага страху.

Рагачоўская грамада, усе мужы статэчныя і радцы, дзякуючы ім страцілі чалавечае падабенства. Ужо нібы не чалавечая зборня сядзела ў радзе і на капе, а статак галінастых аленяў. І не глядзелі алені адзін аднаму ў вочы ад вялікага сораму.

Адабралі яны жонак у пана земскага пісара, і ў пана лоўчага, і ў пана старасты, і ў пана кашталяна, і ў пана наглядчыка за бабровымі гонамі. А сам Гервасій Выліваха звёў і паіў вельмі многіх, і нават каханку палкоўніка Чыжа. Палкоўнік спаймаў іх з ліцом і кінуўся быў біць, то яны палкоўніка напаілі пад прымусам і, п’янага, павезлі ў госці да рагачоўскага пробашча, дзе палкоўнік з пробашчавай аканомкай аскароміўся, учыніўшы свальны блуд. Пробашч раніцою, з гарачкі ды болем у галаве пакутуючы, закаціў імшу і на той імшы пана Чыжа пракляў у імя рымскай царквы да дзевятага калена.

А потым здарылася дзіва. Знайшлі на замкавым падвор’і срэбную скрынку, якая ўпала з неба. Так нядаўна ўпала, што яшчэ цёплая была. А ў скрынцы – каштоўнасці. А на скрынцы – надпіс, што ўсё гэта дасылае святы Юры таму з горада, хто не парушыў ніводнага з Божых запаветаў.

Над гэтай скрынкай счапіліся ўсе. І замкавыя вялікія людзі, і касцельныя, і людзі царквы. Кожны хацеў давесці, што гэта яму, а таму іншых усіх паплюжыў і выкрываў. І выявілася, што толькі садомскага граху ў горадзе і не было. І так гэта было брыдка, што сяляне пасля таго цэлы год баяліся ездзіць на торг – калі ўжо там такія начальныя людзі. Ледзь на захірэў горад.

А скрынку тую, як выявілася потым, аб чым і дакумент быў завераны і схаваны ў ларніка [6] 1, зрабіў магілеўскі залатар Мацюшка.

А каштоўнасці ўсе чыста былі непраўдзівыя, фальшывыя. Вось табе і Юр’еў тэстамент!

Каменні тыя замовіў Андрэй Гарбаты, а скрынку – сам Выліваха. Дзіўны быў іхні хаўрус. Коней любілі – як татары ці вугры, сабакары былі – горш за ангельцаў, а ўжо што да жаночага полу – ратуй нас, Пане Божа, і злітуйся, гэткія антыхрысты.

Вербенай валасы намосцяць ды пад камяніцы, да паняў. У вочы глядзяць, як анёлы, а ў саміх ніжэй спіны хвост д’яблаў. І словы ж аднекуль бралі – “сонца ты маё астатняе, лада мая, ветразь мой на шляху да вечнага спасення“. А ноздры ў саміх – як у коней трапечуць.

Калі б перад каралём Цыкмунам пала столькі замкаў, колькі перад імі жонак – кароль бы ўладарыў паловаю свету.

Але каралю шанцавала не так.

Нічога ім не маглі ўчыніць, нават калі Гервасій Выліваха зрабіў замах на жонку магілеўскага войта. Войт быў па ўзросту скупаваты.

А жонка ў яго была баба добрая: чаго ні папрасі – не адмовіць.

...Няшчасны быў горад. Зусім нядаўна яго крымчакі абрабавалі і спалілі, за дваццаць сем год перад гэтым тое самае зрабіла маскоўская раць. Досыць, здавалася б, дык не: свой, нутраны, знайшоўся татарын, брыдкі Богу Гервасій.

На духоўным судзе ўсю кампанію сарамаціў біскуп. Казаў, што самушчаюць яны народ самым сваім існаваннем, бо прымушаюць сумнявацца ў бясхібнасці Бога. Усё ж, маўляў, і яны Божыя стварэнні, дык палучаецца, што Ўсяведны накшталт дрэннага ганчара.

Яны, аднак, не спалохаліся і дагмат бясхібнасці Бога падсеклі пад корань, кажучы, што нават ён робіць шмат непатрэбнага на гэтай зямлі. Напрыклад, цыцкі ў мужчын. Не было яшчэ на свеце мужчыны, якому б яны хоць раз спатрэбіліся. А калі Творца задумаў упрыгожыць імі мужчыну – то чаму прыляпіў іх на месцы, што заўсёды прыкрытае вопраткай?

Біскуп толькі ротам зяваў, а потым, пасаромлены, напіўся і стаў думаць над гэтай прычынай. І чым больш думаў, тым больш піў, аж пакуль не папсаваўся ў розуме.

У той час аб’язджала свае землі літасцівая каралева Бона з роду Сфорца, жонка яго каралеўскае мосці Цыкмуна. Завітала яна і ў свой рагачоўскі замак, якому столькі прывілеяў давала і фундатарам касцёла ў якім была. І ўладары места кінуліся да яе як да апошняй надзеі:

– Маці літасцівая, ратуй! У Богу пачынаем сумнявацца. Унь Гервасій нават ігуменню Азяранскага манастыра звёў, і нічога яму з той прычыны не было, акрамя радасці.

Каралева была літасцівая, але і строгая, і вялікі Цыкмун нездарма казаў, што пакуль яна над дзяржавай – аб маральнасці можна не непакоіцца.

Выклікала яна да сябе Выліваху, і шмат плакалі ўсе ягоныя сябры, а асабліва Іра Францічак, што не вернецца ўжо да іх такі слаўны сябра і сабутэльнік, з якім так прыемна было заўсёды бавіць час.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.