Карлік Нос

Гауф Вильгельм

Жанр: Сказки  Детские    Автор: Гауф Вильгельм   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Вільгельм Гаўф

Карлік Нос

У адным даволі буйным горадзе Германіі шмат гадоў таму сціпла і мірна жыў-пажываў шавец са сваёй жонкай. Ён днём сядзеў на рагу вуліцы і латаў туфлі ды чаравікі, а, даводзілася, шыў і новыя, калі хтосьці давяраў яму такую справу; але тады яму трэба было спачатку купляць скуру, таму што ён быў бедны і ніякіх запасаў не меў. Яго жонка прадавала гародніну і садавіну з маленькага гародчыка перад варотамі, і людзі ахвотна куплялі ў яе, таму што яна была чыста і акуратна апранутая, да таго ж умела прыгожа раскласці і прапанаваць сваю гародніну.

У гэтых людцаў рос прыгожы хлопчык, прыемны з твару, зграбны і ўжо ладны ростам для сваіх дванаццаці гадоў. Ён звычайна сядзеў каля маці на гароднінным рынку, часам дапамагаў служанкам ці кухарам, якія купілі штось у шаўчыхі, данесці частку купленага дадому, і рэдка ён вяртаўся з такога паходу без прыгожай кветкі, нейкай дробязі альбо пірага; гаспадарам кухараў падабалася, калі тыя прыводзілі дадому гэтага прыгожага хлопчыка, і яны заўсёды шчодра абдорвалі яго.

Аднойчы шаўчыха, як звычайна, сядзела на рынку; перад ёй стаяла некалькі кашоў з капустай і іншай гароднінай, усялякімі травамі і насеннем, а ў маленькім кошыку месціліся раннія грушы, яблыкі і абрыкосы. Малы Якаб (так звалі хлопчыка) сядзеў каля яе і звонкім голасам хваліў тавары: “Сюды, панове, паглядзіце, якая цудоўная капуста, які прыемны водар у гэтых траваў; раннія грушы, раннія яблыкі і абрыкосы, купляйце, жанчынкі! Мая маці аддасць нядорага!” Так выкрыкваў хлопчык.

У гэты час праз рынак ішла старая кабета; яна мела выгляд недагледжанай абадранкі; у яе быў маленькі, востранькі, па-старэчы зморшчаны тварык, чырвоныя вочы, востры кручкаваты нос, які амаль даходзіў да падбароддзя; яна абапіралася на доўгую кульбу, і ўсё ж нельга было сказаць, як яна ідзе, бо яна кульгала, і спатыкалася, і хісталася. Здавалася, яе ногі былі на шарнірах, і яна ў любы момант магла перакуліцца і бразнуцца вострым носам аб брук.

Шаўчыха ўважліва прыгледзелася да гэтай жанчыны. Ужо добрых шаснаццаць гадоў яна штодня сядзела на рынку і ніколі раней не бачыла гэтую дзіўную асобу. Яна міжволі спужалася, калі старая закульгала да яе і спынілася каля яе кашоў.

– Вы гандлярка гароднінай Ганна? – спытала старая непрыемным каркаючым голасам, бесперапынна матляючы галавой туды-сюды.

– Так, гэта я, – адказала шаўчыха. – Жадаеце нешта?

– Паглядзім-паглядзім! На травы зірнем, на травы зірнем, ці ёсць у цябе тое, што мне трэба, – адказала старая, нахілілася да кошыкаў і запусціла агідныя рудыя рукі ў кошык з травамі, схапіла некалькі травак, якія так прыгожа і фацэтна былі ўкладзеныя, сваімі павучынымі пальцамі, потым адну за адной пачала падносіць іх да доўгага носу і абнюхваць з усіх бакоў. У шаўчыхі як не зайшлося сэрца, калі яна ўбачыла, як абыходзіцца старая з яе рэдкімі травамі; але яна не адважвалася сказаць што-небудзь, бо пакупнік меў права праверыць тавар, а акрамя таго, яна адчула незвычайны жах перад жанчынай. Тая ж, абследаваўшы ўвесь кошык, прабурчэла: “Дрэнь, дрэнная трава, нічога з таго, што я хачу, пяцьдзесят гадоў таму было куды лепш. Дрэнь, дрэнь!”

Такія словы раззлавалі малога Якаба.

– Паслухай, ты, старая бессаромніца, – крыкнуў ён незадаволена, – спачатку ты запускаеш свае паскудныя рудыя пальцы ў цудоўныя травы, камячыш іх, потым падносіш да свайго доўгага носу. Іх жа ніхто, хто гэта бачыў, не захоча купляць, а цяпер ты яшчэ называеш наш тавар дрэнню, а ў нас жа ўсё купляе нават кухар герцага!

Старая скоса зірнула на мужнага хлопчыка, агідна засмяялася і хрыпатым голасам сказала:

– Сынок, сынок! Табе не падабаецца мой нос, мой цудоўны доўгі нос? Будзе і ў цябе такі, пасярэдзіне твару будзе звісаць аж да падбароддзя.

Тут яна падкаўзнулася да другога кошыка, у якім была ўкладзеная капуста. Яна брала ў рукі найпрыгажэйшыя белыя качаны, сціскала іх так, што яны аж рыпелі, шпурляла іх нядбайна ў кошык, а потым прамовіла: “Дрэнны тавар, дрэнная капуста!”

– Не матляй так агідна туды-сюды галавой! – са страхам закрычаў малы. – Твая шыя тонкая, як капусная храпка, якая лёгка ламаецца, так і твая галава можа лёгка ўпасці ў кош – хто тады захоча тут купляць?

– Табе не падабаюцца тонкія шыі? – прамармытала старая, усміхаючыся. – Няхай жа ў цябе ніякай не будзе, няхай галава расце з плячэй, каб не ўпасці з маленькага тулава!

– Не балбачыце абы-што малому, – нарэшце сказала шаўчыха, незадаволеная працяглымі мацаннем, аглядам і абнюхваннем. – Калі вы штосьці хочаце купіць, то рабіце гэта хутчэй, вы ж распужаеце мне ўсіх пакупнікоў.

– Добра, няхай будзе, як ты кажаш, – усклікнула старая, злосна зірнуўшы. – Я куплю ў цябе гэтыя шэсць качаноў; але ў мяне кій, я не магу нічога несці. Дазволь свайму сынку данесці мае тавары дадому, я аддзячу.

Хлопчык не хацеў ісці з ёй і плакаў, бо агідная жанчына выклікала ў яго жах, але маці строга загадала яму, бо яна лічыла за грэх узваліць на слабую жанчыну ўвесь гэты цяжар; амаль у слязах ён выканаў, што было загадана, сабраў качаны і пайшоў за старой жанчынай праз рынак.

Яна рухалася няхутка – амаль тры чвэрці гадзіны прайшло, пакуль яна дайшла да аддаленай часткі горада і нарэшце спынілася перад маленькай разваленай хацінкай. Яна выцягнула з кішэні стары заіржавелы кручок, спрытна ўставіла яго ў маленькую адтулінку ў дзвярах, і раптам тыя з шумам адчыніліся. Як жа здзівіўся малы Якаб, калі ўвайшоў! Усярэдзіне хата была шыкоўна абстаўленая. Столь і сцены былі мармуровыя, мэбля – з найцудоўнейшага эбенавага дрэва, інкруставанага золатам і адшліфаванымі камянямі, а падлога была са шкла і такая гладкая, што хлопчык некалькі разоў паслізнуўся і ўпаў. А старая дастала з кішэні срэбную дудачку і засвістала на ёй мелодыю, якая разнеслася па ўсім доме. Тады адразу па лесвіцы спусціліся некалькі марскіх свінак; Якабу ж здалося вельмі дзіўным, што яны ішлі на задніх ножках, на якіх замест абутку былі арэхавыя шкарлупіны, самі ж яны былі апранутыя ў чалавечую вопратку, нават у капелюшах самай новай моды.

– Куды вы падзелі мае пантофлі, паганы зброд? – закрычала старая і пачала біць па іх палкай, так, што яны з віскатам падскоквалі. – Колькі мне яшчэ стаяць так?

Яны хутка з падскокам пабеглі ўверх па лесвіцы і вярнуліся з парай шкарлупін какосавага арэха, падбітых скурай, якія яны спрытна абулі ёй на ногі.

Цяпер яна не кульгала і не спатыкалася. Яна адкінула кульбу і з вялікай хуткасцю каўзанулася па шкляной падлозе, пацягнуўшы за руку малога Якаба. Нарэшце яна спынілася ў адным пакоі, які, упрыгожаны ўсялякімі аздобамі, быў вельмі падобны да кухні, хаця сталы з чырвонага дрэва і канапы, абвешаныя багатымі дыванамі, больш пасавалі да шыкоўнай гасцінай.

– Сядай, сынок, – сказала старая даволі прыязна, усаджваючы яго ў кут канапы і паставіўшы перад ім стол так, каб ён не мог выкараскацца. – Сядай, цяжка табе было, чалавечыя галовы не такія лёгкія, не такія лёгкія.

– Спадарыня, што за дзівосы вы кажаце? – усклікнуў хлапчук. – Я і праўда замарыўся, але ж я нёс качаны; вы купілі іх у маёй маці.

– Памыляешся, – засмяялася жанчына, падняла накрыўку кошыка і выцягнула чалавечую галаву, ухапіўшы яе за чупрыну. Малы ад страху ледзь не страціў прытомнасць. Ён не мог зразумець, як гэта здарылася, і ўвесь час думаў пра сваю маці: калі хто-небудзь даведаецца пра гэтыя чалавечыя галовы, думаў ён сам сабе, то напэўна ж абвінавацяць маці.

– Трэба ж табе аддзячыць як-небудзь за тое, што ты такі паслухмяны, – прабурчэла старая. – Пачакай хвілінку, я прыгатую табе супчык, які ты запомніш на ўсё жыццё.

Пасля гэтых словаў яна зноў свіснула. Спачатку з’явілася шмат марскіх свінак у чалавечым адзенні. На іх былі павязаныя кухарскія фартухі, а за паясамі былі апалонікі і вялікія кухонныя нажы. Потым прыскакала мноства вавёрак; на іх былі шырокія турэцкія шаравары, яны ішлі на задніх ножках, а на галовах мелі зялёныя шапачкі з аксаміту. Гэта, відаць, былі кухцікі, таму што яны з вялікай хуткасцю лазілі ўверх і ўніз па сценах, прыносілі зверху патэльні і міскі, яйкі і масла, прыправы і муку і падавалі гэта ўсё да пліты, за якой там старая ў сваім абутку ўвесь час каталася туды-сюды, і хлопчык зразумеў, што ёй вельмі хацелася прыгатаваць яму што-небудзь смачнае. Цяпер агонь, патрэскваючы, шугануў вышэй, цяпер на патэльні закурылася і закіпела, па пакоі паплыў прыемны пах, старая ж бегала туды-сюды, а вавёрачкі і марскія свінкі – за ёй. І калі яна прабягала міма пліты, яна, даўганосая, зазірала ў гаршчок. Нарэшце ўсё забулькатала і зашыпела, з гаршка ўзнялася пара, пена выбегла на агонь. Тады яна зняла гаршчок, наліла адтуль у срэбны спод і паставіла перад Якабам.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.