Страх

Цвайг Штэфан

Жанр: Классическая проза  Проза    Автор: Цвайг Штэфан   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Штэфан Цвайг

Страх

Калі фраў Ірэна выйшла з кватэры палюбоўніка і пачала спускацца ўніз па лесвіцы, яе раптам ахапіў ужо знаёмы недарэчны страх. Перад вачамі хутка замільгалі чорныя кругі, калені быццам занямелі, перасталі згінацца, і ёй прыйшлося ўчапіцца за парэнчы, каб не ўпасці. Не ўпершыню ішла яна на такую рызыкоўную прыгоду, і раптоўныя дрыжыкі не былі ёй навіной, але кожны раз, вяртаючыся дадому, яна не магла справіцца з беспрычынным прыступам дурнога і смешнага страху. Дарога на спатканне давалася ёй значна лягчэй. Экіпаж яна адпускала за вуглом, паспешна, не гледзячы па баках, адольвала некалькі крокаў да пад'езда, узбягала па прыступках наверх, і першы прыліў страху, да якога прымешвалася і нецярпенне, раставаў у гарачых прывітальных абдымках. Але калі яна збіралася дадому, дрыжыкі другога таямнічага страху падымаліся ў ёй: яны цьмяна спалучаліся з адчуваннем віны і недарэчнаю бояззю, што кожны праходжы з першага позірку на яе адгадае, адкуль яна ідзе, і дзёрзка ўхмыльнецца, бачачы яе разгубленасць. Ужо апошнія хвіліны блізкасці былі атручаны нарастаючаю трывогаю; яна спяшалася пайсці, ад спешкі ў яе нервова трэсліся рукі, яна няўважліва слухала словы палюбоўніка, паспешна абрывала развітальныя выбухі пачуцця; усё ў ёй ужо рвалася прэч, прэч з яго кватэры, з яго дома, ад гэтай прыгоды, назад у свой спакойны, салідны маленькі свет. Не разумеючы ад хвалявання ласкавых слоў, якімі палюбоўнік намагаўся яе супакоіць, яна на момант застывала за выратавальнымі дзвярамі і прыслухоўвалася, ці не ідзе хто-небудзь наверх або ўніз па лесвіцы. А на вуліцы ўжо вартаваў страх, каб адразу ж накінуцца на яе, уладарнаю рукою спыняў біццё яе сэрца, і яна, затоіўшы дыханне, спускалася па нямногіх лесвічных прыступках уніз.

З хвіліну яна прастаяла з заплюшчанымі вачамі, прагна ўдыхаючы прахалоду паўцёмнага вестыбюля. Дзесьці наверсе раптам бразнулі дзверы; яна спалохана схамянулася і хуценька збегла ўніз, а рукі яе самі сабою яшчэ ніжэй нацягнулі густую вуаль. Цяпер заставалася яшчэ самае страшнае, жахлівае для яе выпрабаванне - выйсці з чужога пад'езда на вуліцу. Яна схіліла галаву, нібы рыхтавалася да скачка з разбегу, і рашуча падалася да прачыненых дзвярэй.

І тут яна тварам у твар сутыкнулася з нейкаю жанчынаю, якая, відаць, хацела зайсці ў пад'езд.

- Прабачце, - збянтэжана прамармытала яна і паімкнулася абысці незнаёмую. Але тая засланіла сабою дзверы і ўтаропілася ў фраў Ірэну злосным і нахабным позіркам.

- Вось я вас і злавіла!
- адразу ж закрычала яна грубым голасам.
- А як жа, з прыстойных! З так званых прыстойных! У яе і муж ёсць, і грошы, і ўсяго хапае. Дык не, ёй яшчэ трэба пераманіць палюбоўніка ў беднай дзяўчыны...

- Богам прашу... што вы? Вы памыляецеся, - пралепятала фраў Ірэна і нязграбна паспрабавала прашмыгнуць міма, але жанчына ўсёю сваёю грузнаю фігураю засланіла праход і пранізліва заверашчала:

- А як жа, памыляюся... Не, я вас ведаю. Вы ад майго сябрука, ад Эдуарда ідзяце. Нарэшце-такі я вас застукала; цяпер я ведаю, чаму на мяне ў яго часу няма. Праз вас, нягодніца вы гэтакая!..

- Богам прашу, не крычыце гэтак, - ледзь чутна выціснула з сябе фраў Ірэна і міжволі адступіла назад у вестыбюль. Жанчына насмешліва глядзела на яе. Гэтае дрыжанне ад страху, гэтая відавочная бездапаможнасць былі ёй, мусіць, даспадобы, бо цяпер яна разглядвала сваю ахвяру з самазадаволенай, пераможна-пагардлівай усмешкай. А ў голасе ад злоснага задавальнення з'явіліся нават фамільярна-дабрадушныя ноткі.

- Вунь яны якія, замужнія дамачкі: гордыя ды высакародныя. Пад вуалем ходзяць чужых мужчын адбіваць. Пад вуалем, а як жа іначай? Трэба ж потым разыгрываць прыстойную жанчыну...

- Ну што... што вам ад мяне трэба?.. Я ж вас нават не ведаю... Пусціце...

- Ну, канечне, пусціце... Дадому, да мужа, у цёплы пакой, каб разыгрываць высакародную дамачку і прымушаць слуг распранаць сябе... А тое, што мы тут з голаду здыхаем, такім высакародным дамам усё адно... Яны, гэтыя прыстойныя жанчыны, у нас апошняе імкнуцца ўкрасці...

Ірэна намаганнем волі авалодала сабою, інстынктыўна палезла ў партманет і выцягнула адтуль усе папяровыя грошы.

- Вось... вось... бярыце. Толькі прапусціце мяне... Я болей ніколі сюды не прыйду... клянуся вам...

Раз'юшана бліснуўшы вачамі, жанчына ўзяла грошы і пры гэтым прашыпела: «Сцерва».

Фраў Ірэна ўся здрыганулася ад такой абразы, але, убачыўшы, што жанчына саступіла ўбок, без памяці, ледзь дыхаючы, кінулася на вуліцу, як кідаецца з вежы самазабойца. Калі яна імчалася па вуліцы, у вачах у яе пацямнела і твары прахожых здаваліся пачварнымі маскамі; але вось нарэшце яна дабралася да таксі, якое стаяла на вуглу, бяссільна ўпала на сядзенне, і адразу ўсё ў ёй застыла. Калі ж здзіўлены шафёр спытаўся нарэшце ў дзіўнай пасажыркі, куды ехаць, яна нейкі момант тупа глядзела на яго, пакуль да яе разгубленай свядомасці дайшлі ягоныя словы.

- На Паўднёвы вакзал, - паспешна выціснула яна з сябе, і раптам у яе прамільгнула думка, што гэтая асоба можа кінуцца за ёю ўслед.
- Хутчэй, давайце хутчэй.

Толькі па дарозе яна зразумела, як узрушыла яе гэтая сустрэча. Яна адчула холад сваіх рук, якія павіслі, быццам нежывыя, і раптам пачала дрыжаць, нібы ў ліхаманцы. Да горла падступіла горыч, і разам з млосцю ў ёй паднялася нястрымная, сляпая злосць, ад якой выварочвалася ўсё ўнутры. Ёй хацелася крычаць, малаціць кулакамі, пазбавіцца ад жаху гэтага ўспаміну, які засеў у яе ў мозгу, нібы стрэмка, забыцца пра брыдкую морду з нахабнаю ўхмылкаю, пра смурод вульгарнасці, які ішоў ад непрыемнага дыхання незнаёмай, распусны рот, які з нянавісцю выплёўваў ёй проста ў твар грубыя словы, пагрозліва занесены над ёю чырвоны кулак. Усё мацней рабілася млоснасць, усё вышэй падступала да горла, а тут яшчэ машыну ад хуткай язды кідала ва ўсе бакі. Яна хацела ўжо сказаць шафёру, каб ён ехаў павольней, але ў час схамянулася, што ў яе не будзе чым заплаціць яму - бо яна аддала вымагальніцы ўсе буйныя грошы. Яна паспяшалася спыніць машыну і яшчэ раз здзівіла шафёра, выйшаўшы на паўдарозе. На шчасце, грошай ёй хапіла. Але затое яна апынулася ў зусім незнаёмым раёне, сярод мітусні занятых людзей, кожны позірк, кожнае слова якіх прычынялі ёй фізічны боль. Пры гэтым ногі ў яе былі ватныя ад страху і не хацелі ісці, але яна разумела, што трэба папасці дадому, сабрала ўсю сваю волю і з неймаверным напружаннем цягнулася з вуліцы на вуліцу, быццам прабіралася па балоце ці па глыбокім снезе. Нарэшце яна дабралася дадому і з ліхаманкавай паспешнасцю падалася наверх па лесвіцы, але адразу ж стрымала сябе, каб яе хваляванне не выглядала падазроным.

Толькі пасля таго як пакаёўка зняла з яе паліто і яна пачула з суседняга пакоя голас сына, які гуляў з малодшаю сястрычкаю, а супакоены позірк убачыў навокал усё сваё, роднае і надзейнае, да яе вярнулася вонкавае самавалоданне, між тым як аднекуль з глыбіні яшчэ накочваліся трывожныя хвалі і балюча біліся ў цяжкіх грудзях. Яна зняла вуаль, вялізным намаганнем прымусіла сябе надаць твару бесклапотны выгляд і ўвайшла ў сталовую, дзе муж сядзеў за накрытым да вячэры сталом і чытаў газету.

- Позна, позна, мілая Ірэна, - ласкава пажурыў ён жонку, устаў і пацалаваў яе ў шчаку, што міжволі выклікала ў яе шчымлівае пачуццё сораму.

Яны селі за стол, і муж абыякавым тонам, не падымаючы вачэй ад газеты, спытаўся:

- Дзе ты была гэтак доўга?

- У... у Амеліі... ёй трэба было сёе-тое купіць... і я пайшла з ёю, - сказала яна з запінкаю і тут жа ўзлавалася на сябе за тое, што не падрыхтавалася адказваць і гэтак няўмела зманіла. Звычайна яна загадзя вынаходзіла старанна прадуманую хлусню, здольную вытрымаць любую праверку, але сёння ад страху ўсё забыла і вымушана была ўжыць такую бездапаможную імправізацыю. А што, пранеслася ў яе галаве, калі муж, як у той п'есе, якую яны нядаўна глядзелі ў тэатры, надумае пазваніць па тэлефоне і праверыць?..

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.