Штэфан Цвайг Вуліца ў месячным святле Параход затрымала бура, і ён толькі позна ўвечары кінуў якар у маленькай французскай гавані; начны цягнік у Германію ўжо адышоў, і таму я мусіў правесці цэлы дзень у незнаёмым горадзе. Вечар не абяцаў мне ніякіх забаў, акрамя сумнай музыкі жаночага аркестра дзе-небудзь у прыгараднай рэстарацыі ці нуднай размовы з выпадковымі спадарожнікамі. Нязносным здалося мне чаднае, шызае ад дыму паветра ў невялічкай гатэльнай рэстарацыі, і я ўдвайне адчуў яго смурод, таму што на губах у мяне яшчэ салёным халадком адчуваўся чысты подых мора. Я падаўся таму наўгад па шырокай светлай вуліцы да плошчы, на якой іграў аркестр грамадзянскай гвардыі, а адтуль яшчэ далей, сярод павольнага гайдання тлуму прахожых. Спачатку мне было прыемна бязвольна гайдацца ў хвалях раўнадушнага і правінцыяльна апранутага натоўпу, але неўзабаве ўжо я не мог выносіць блізкасці чужых людзей, іх адрывістага смеху, вачэй, якія спыняліся на мне са здзіўленнем, адчужанасцю ці ўсмешкай, дотыкаў, якія непрыкметна падштурхоўвалі мяне наперад, святла, якое лілося з тысяч малых крыніц, і несупыннага шоргання крокаў. Марское плаванне суправаджалася дастаткова моцным рухам, і ў крыві ў мяне яшчэ брадзіла хісткае пачуццё дурману - усё яшчэ пад нагамі адчуваліся гайданка і зыб, зямля быццам дыхала, а вуліца як бы ўзнімалася ў неба. Галава ў мяне раптам закруцілася ад такога гучнага тлуму, і, каб пазбавіцца ад яго, я звярнуў на вулічку, не паглядзеўшы, як яна завецца, а адтуль - на другую, больш вузкую, дзе паступова сціх бязглузды шум, і пачаў потым бязмэтна блукаць у лабірынце разгалінаваных, нібы жылы, вулічак, усё цямнейшых, чым больш я аддаляўся ад галоўнай плошчы. Вялікія электрычныя дугавыя ліхтары, гэтыя месяцы шырокіх бульвараў, тут не гарэлі, і дзякуючы скупому асвятленню я нарэшце зноў убачыў зоркі і чорнае хмарнае неба.