Асобы Сцяпан Крыніцкі - засцянковы шляхціц, 45 г. Альжбета - яго жонка, 40 г. Паўлінка - дачка Крыніцкіх, 19 г. Пранцісь Пустарэвіч - сваяк Крыніцкіх, 50 г. Агата - яго жонка, 43 г. Якім Сарока - настаўнік, 25 г. Адольф Быкоўскі - 24 г. Госці, музыкі. Рэч адбываецца да рэвалюцыі, у хаце Крыніцкіх. Акт першы Абшырная святліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра - стол; каля стала - лавы і табурэцікі, над сталом - вісячая недарагая лямпа, на сцяне - абразы. Налева - дзверы ў сенцы, бліжэй да аркестра - куфар. Напроці - сцяна і дзверы ў бакоўку (каморку); справа пры сцяне ад бакоўкі - ложак, засланы коўдрай, у галавах высока накладзена падушак; налева - у кутку - печ; на сцяне стрэльба, старасвецкі, з гірамі гадзіннік і некалькі тандэтных малюнкаў. Час - асенні вечар перад Пакровамі.