Курган

Купала Янка

Жанр: Поэзия  Поэзия    Автор: Купала Янка   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Янка Купала

Курган

I Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт [1] уцяклі, - Ўдзірванелы [2] курган векавечны. Дуб галлё распусціў каранасты над ім. Сухазелле у грудзі ўпілося; Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, - Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе. На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку [3] воўк нема вые; Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя. Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз, Перуны білі з краю да краю, - Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ... Толькі гутарка ходзіць такая. II На гары на крутой, на абвітай ракой, Лет назад таму сотня ці болей, Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной Грозна, думна [4] глядзеў на прыволле. У нагах у яго рассцілаўся абшар [5] Хвоек гонкіх і пахані чорнай, Сонных вёсак шары [6] , хат амшалых [7] , як мар, Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных. Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам; Хто хацеў, не хацеў - біў наклоны яму, Спуску, ласкі не знаў непакорам. Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй; Стражы князевы - ў полі і дома, Толькі модлы [8] раслі небу ў сэрцах людзей, І пракляцце расло пакрыёма [9] . III Раз бяседа [10] вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі [11] : За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі. На вяселле-разгул наплыло, як на сход, Госці знатных зусюль, за паўсвету, Гэткай гучнай бяседы не номніў народ, Гэткіх скарбаў, брыльянтаў [12] , саетаў [13] !.. Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня, І музыкі, і чаркі звінелі; Выдумлялі забаў новых кожнага дня; Што хацелі - ўсяго госці мелі. Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну Для дружыны пацеху-забаву: Загадаў ён пазваць гусляра [14] -старыну, Гусляра з яго ведамай славай. IV Акалічны народ гуслі знаў гусляра; Песня-дума за сэрца хапала; Вакол гэтай думы дудара-званара Казак дзіўных злажылась нямала. Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён Па струнах з неадступнаю песняй, - Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары [15] , чарэсні; Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць, Салавей-птушка ў той час сціхае; Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць, Паплаўкі рыба-плотка хавае. Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня [16] вечнага «піць» не заводзіць: Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць. V Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты: Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп, На цагляным парозе магната [17] . Невыдумная світка [18] - убор на плячах, Барада, як снег белы - такая, Незвычайны агонь у задумных вачах, На каленях ляглі гуслі-баі. Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах, К песні-музыцы ладзіцца, строе; Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах, Заміраючы ў сховах пакояў. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь [19] , белы дзед, І чакае ад князя прыказу. VI - Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай, Славай хат маіх подданых слаўны?! Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, - Князь умее плаціць незвычайна! Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям - Поўны гуслі насыплю дукатаў [20] ; Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам - Канапляную возьмеш заплату; Знаеш славу маю, знаеш сілу маю... - Многа знаю і чуў аб табе я, - І я сам, як і ты, так табе запяю... - Ну, пара пачынаць, дабрадзею!
-
Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр, Заіскрыліся вочы сівыя, Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар, І заплакалі струны жывыя.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.