Безназоўнае

Купала Янка

Жанр: Поэзия  Поэзия    1924 год   Автор: Купала Янка   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Янка Купала

Безназоўнае

1 Спачатку яно шалясцела Вельмі нясмела, А потым лізнула аконца Ціха, як сонца. Назаўтра ўзняло галасочак, Нібы званочак, Ды ў час празвінела так далей Збуджанай хваляй. На трэці дзень чуцен быў гоман, Хоць і надломан, Але ўжо больш вольны, дасціпны, К сэрцу прыліпны. А далей яно зашумела Надта ўжо смела, Аж водгулле ў светы пабегла Здольна, разлегла. Па пушчах пайшло бураломам - Дома, за домам. Бунтарскае грымнула слова Аж да аковаў. Скаваная сіла паўстала Бурай... навалай... Надзелі чырвоныя кветкі Нашы палеткі. Во як пачалося ў нас ціха Тое ўсё ліха, Што нат беларускія межы Ўсталі з залежы. 2 Масты старыя спалены - Старыя ланцугі; Паложаны падваліны Пад новыя сцягі. Узводзіцца будыніна На іншы склад і лад... Вароты не зачынены: Прыходзь і кум, і сват. Ідуць, ідуць з аглядкаю, Варожаць варажбу: Ці доўга так пасвяткуе Той лад сваю сяўбу. Яшчэ не дрэме чорнае Ў закутках груганнё І душы непакорныя Сачыць, як воўк ягнё. Мяркуюць так і раюцца Ідучы сват і кум... Ніхто не дакапаецца Да іхніх слоў і дум. Ой, крыўда чалавечая, Вякамі ты расла, Пажарамі і мечамі Паслася, як магла. Калі ж ты забабонамі Пакінеш нас карміць, Над роднымі загонамі Пятлю крутую віць?! 3 Ой, была ж бяседа, была Вельмі гучная бяседа!
-
Не адходзіла ад стала Плойма-чарада суседаў.
Як на рынак ці на кірмаш, Ад нядзелі да нядзелі, На каравай пшанічны наш Машкарой ляцелі, елі. А маковае малако, Засалоджанае мёдам, Пілі смагла, ажно цякло Па губах іх мімаходам. А закусвалі мёд і яду Гаспадыньскай ласкай удзячнай, Тут жа дзьмуў дудар у дуду, Каб было піць, есці смачна. Дый прыйшлося плаціць чарадзе Той за гэта баляванне, Бо дарма такога нідзе Не бывае частавання. Ой, пайшла расплата за доўг - За яду й пітво адразу... Задымеў, зацьміўся разлог, Зварухнуў усю заразу. Хто у рукі папаў - заплаціў, Іншы ўцёк за многа міляў. А найболей - кожны скруціў... Так не ўсе і заплацілі.
4 Было яно калісьці, Калі, як жаўталісце, Жылі мы - не жылі; Ішлі дні без карысці, І сорам было выйсці У свет з сваёй зямлі. Гнаў лісце злосны вецер Па полі, па ўсім свеце, За вёску, за сяло; На нас ляцела смецце, Бязладдзе, беспрасвецце, Пятлю віло сіло. І гэтакая слава, Як пошасці праява, Буяла па людзях, Пакуль жыццё ласкавай Усмешкай і забавай Не асвяціла шлях. Забліскацелі лужы, Бяда звілася вужам... - Ідзе, - крычаць, - вястун!.. І ўзняўся нехта дужы, І кінуў кліч дасужы - Як помста, як пярун. Ад воклічу прарока Схіснулася памрока, Сцяг падняла вясна, І па зямлі шырокай, Як можа змерыць вока, Пабегла навіна. Сяляне і сялянкі! Цацанкі-абяцанкі Збываюцца для вас; Выходзьце на палянкі, Як зоры, як заранкі, І сейце ў добры час. 5 Мы ўсталі песняй-казкаю Пад жудаснай павязкаю Мінулых чорных дзён І ўдаль ідзём, хоць ляскае Звяр'ё ў кутах няласкаю - На дальшы кліча сон. Але, але не выламе Ні клыкамі, ні віламі Таго, што ажыло, Што ўскрэсла над магіламі, Над хатамі пахілымі - Мінуламу назло. Не ўзяць рукамі голымі Таго жывога полымя, Што, нібы агняцвет, Вясёлымі саколамі Над горамі, над доламі Разносіць іскры ў свет... . . . . . . . . . . . . . . . . А гоні ўжо узораны, І сілы распакораны Ад паншчынных бядот. Чакаюць стравы жораны - Зярнятаў незамораных, Чакаюць на ўмалот. А лапці і анучыны Адбэрсаны, адкручаны, Нуда маўчыць ціхом; Спраўляюцца заручыны Вясельніцы засмучанай З вясёлым жаніхом. Лявоніха... Мяцеліца... Без памяці вяселяцца... - Гэй, дзьмі ў дуду, дудар! Аколіца-аселіца Пад ногі сонцам сцелецца... Збудзіўся гаспадар!..
Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.