Казка пра рыбака і рыбку

Пушкин Александр Сергеевич

Жанр: Сказки  Детские    Автор: Пушкин Александр Сергеевич   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Аляксандар Пушкін

Казка пра рыбака і рыбку

Жыў стары са сваёю старою Ля самага сіняга мора; Жылі яны ў старэнькай зямлянцы Роўна трыццаць год і яшчэ тры. Стары лавіў невадам рыбу, Старая прала сваю пражу. Раз у мора закінуў ён невад. Прыйшоў невад з адной тванню. Ён другі раз закінуў невад, Прыйшоў невад з травою марскою. Трэці раз закінуў ён невад, Прыйшоў невад з адною рыбкай, З няпростаю рыбкай, залатою. Як узмоліцца залатая рыбка, Голасам кажа чалавечым: «Адпусці ты, дзеду, мяне ў мора, Дарагі за сябе дам выкуп: Адкуплюся, чым сам пажадаеш». Дзіву даўся стары, напужаўся: Ён рыбачыў трыццаць год і яшчэ тры І не чуў, каб рыба гаварыла. Адпусціў ён рыбку залатую І сказаў ёй ласкавае слова: «Бог з табою, залатая рыбка! Выкупу твайго мне не патрэбна; Ідзі сабе ў сіняе мора, Гуляй там сабе на прасторы». Вярнуўся стары дахаты, Расказаў старой вялікае дзіва: «Я сягоння злавіў быў рыбку, Ды не простую, а залатую; Па-нашаму гаварыла рыбка, Дамоў у мора сіняе прасілася, Дарагою цаною адкуплялася: Адкуплялася, чым толькі пажадаю. Не пасмеў я ўзяць з яе выкуп, Так пусціў яе ў сіняе мора». На старога старая напала: «Ах ты, дурань стары, недарэка! Не ўмеў ты ўзяць выкупу з рыбкі! Хоць бы ўзяў ты з яе карыта, Наша вунь зусім раскалолася». Вось пайшоў ён да сіняга мора. Бачыць: мора злёгку разгулялася. Стаў ён клікаць залатую рыбку. Прыплыла к яму рыбка, спытала: «Чаго табе трэба, дзядуля?» Ёй з паклонам стары адказвае: «Злітуйся, матухна рыбка, Дужа лае мяне мая старая, Не дае мне, старому, спакою: Патрэбна ёй новае карыта; Наша, бач, зусім раскалолася». Кажа дзеду залатая рыбка: «Не журыся, ідзі сабе з богам. Будзе вам новае карыта». Вярнуўся стары дахаты, А ў бабы новае карыта. Яшчэ горай злуецца старая: «Ах ты, дурань стары, недарэка! Выпрасіў, дурань, карыта! Ці ж многа з карыта карысці? Вярніся, дурніца, да рыбкі, Пакланіся ёй, выпрасі хату». Вось пайшоў ён да сіняга мора (Памутнела сіняе мора), Стаў ён клікаць залатую рыбку, Прыплыла к яму рыбка, спытала: «Чаго табе трэба, дзядуля?» Ёй з паклонам стары адказвае: «Злітуйся, матухна рыбка: Яшчэ горай злуецца старая, Не дае мне, старому, спакою; Хату просіць сварлівая баба». Кажа дзеду залатая рыбка: «Не журыся, ідзі сабе з богам. Так і быць: хата вам будзе». Пайшоў ён да сваёй зямлянкі, А зямлянкі няма ўжо і следу; Перад ім хата са святліцай, З цагляным комінам белым, З дубовай дашчанаю брамай. Старая сядзіць пад акенцам, На чым свет стаіць мужа лае: «Ах ты, дурань стары, недарэка! Выпрасіў, недарэка, хату! Вярніся, пакланіся рыбцы: Не хачу быць чорнай сялянкай, Хачу быць сталбавою дваранкай». Пайшоў стары да сіняга мора (Неспакойна сіняе мора); Стаў ён клікаць залатую рыбку, Прыплыла к яму рыбка, спытала: «Чаго табе трэба, дзядуля?» Ёй з паклонам стары адказвае: «Злітуйся, матухна рыбка: Яшчэ горш уздурэла старая, Не дае мне, старому, спакою: Ужо не хоча быць яна сялянкай, Хоча быць сталбавою дваранкай». Кажа дзеду залатая рыбка: «Не журыся, ідзі сабе з богам». Вярнуўся стары дахаты, Што ж ён бачыць? Высокі церам. На ганку стаіць яго старая У дарагой сабалінай душагрэйцы, На галаве парчовая хустка, Жамчугі агрузілі шыю, На руках залатыя пярсцёнкі, На нагах чырвоныя боцікі. Перад ёю старанныя слугі; Яна б'е іх, за чуб цягае. Кажа стары сваёй жонцы: «Добры дзень, пані дваранка! Ну, цяпер твая душачка здаволена». На яго прытупнула старая І на стайню служыць яго паслала. Гэтак тыдзень, другі мінае, Яшчэ горш уздурыла старая; Зноў да рыбкі старога пасылае: «Вярніся, пакланіся рыбцы: Не хачу быць сталбавою дваранкай, А хачу быць вольнаю царыцай». Напужаўся стары, узмаліўся: «Ці не з глузду ты з'ехала, баба? Ні ступіць, ні сказаць што не ўмееш, Насмешыш ты цэлае царства». Узлавалася горш старая, Па шчацэ ударыла мужа: «Як ты смееш, мужык, спрачацца са мною, Са мною, дваранкай сталбавою? Ідзі да мора, дабром табе кажуць; А не пойдзеш - павядуць паняволі». Зноў падаўся стары да мора (Пачарнела сіняе мора), Стаў ён клікаць залатую рыбку, Прыплыла к яму рыбка, спытала: «Чаго табе трэба, дзядуля?» Ёй з паклонам стары адказвае: «Злітуйся, матухна рыбка! Зноў бунтуе мая старая: Ужо не хоча быць яна дваранкай, Хоча быць вольнаю царыцай». Адказала залатая рыбка: «Не журыся, ідзі сабе з богам! Добра! Будзе старая царыцай!» Вярнуўся стары дахаты, Што ж? Перад ім царскія палацы, У палацах бачыць сваю старую, За сталом сядзіць яна царыцай, Служаць ёй баяры ды дваране, Наліваюць ёй заморскія віны; Заядае яна пернікам мядовым, Ля яе стаіць грозная варта, На плячах сякеркі трымаюць. Як убачыў стары, напужаўся; У ногі ён старой пакланіўся: «Добры дзень, - кажа, - грозная царыца. Ну цяпер твая душачка здаволена». На яго старая не зірнула, Толькі прэч з вачэй прагнаць загадала. Тут падбеглі баяры і дваране І старому ў каршэнь надавалі. А ў дзвярах яшчэ стража падбегла, Сякерамі чуць не пасекла; А народ тут з яго насмяяўся: «Так і трэба табе, стары дурань! Надалей табе будзе навука: Не садзіся не ў свае сані!» Гэтак тыдзень, другі мінае, Яшчэ горш уздурэла старая; Царадворцаў па мужа пасылае, Адшукалі старога, прывялі к ёй. Кажа старому старая: «Вярніся, пакланіся рыбцы, Не хачу быць вольнаю царыцай, Хачу быць уладарніцай морскай, Каб мне жыць у акіяне-моры, Каб служыла мне рыбка залатая І была б у мяне на пасылках». Стары не асмеліўся супярэчыць, Не адважыўся супраць вымавіць слова. Вось ідзе ён да сіняга мора, Бачыць, чорная бура на моры: Так і ўздуліся злосныя хвалі, Так і ходзяць яны, так і выюць. Стаў ён клікаць залатую рыбку, Прыплыла к яму рыбка, спытала: «Чаго табе трэба, дзядуля?» Ёй з паклонам стары адказвае: «Злітуйся, матухна рыбка! Што рабіць мне з праклятаю бабай? Ужо не хоча быць яна царыцай, Хоча быць уладарніцай морскай; Каб ёй жыць у акіяне-моры, Каб ты сама служыла І была б у яе на пасылках». Не сказала нічога рыбка, Хвастом па вадзе толькі пляснула І сышла ў глыбокае мора. Доўга-доўга чакаў ён адказу, Не дачакаўся, назад вярнуўся. Бачыць: зноў перад ім зямлянка; На парозе сядзіць яго старая, А перад ёю разбітае карыта.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.