Аляксандар Пушкін Вершы Анчар Дзе след жыцця ў пустыні знік, На грунце бедным, амярцвелым, Анчар, як грозны вартаўнік, Стаіць адзін на свеце цэлым. Прырода высахшых пяскоў Яго ў дзень гневу нарадзіла І ад карэння да лістоў Густой атрутай напаіла. Дыхнуць паўдзённыя вятры - Атрута капае расіцай, Пад вечар стыне на кары Густой, празрыстаю жывіцай. К яму і птушка не ляціць, А толькі вецер мімалётны На дрэва смерці набяжыць - І прэч імчыцца ўжо смяротны. Калі ж над спёкаю пяскоў, Зблукаўшы, хмара тут заплача, Атрутны дождж з яго лістоў Сплывае на пясок гарачы. Ды чалавека князь паслаў Да дрэва смерці і пакуты. І той пайшоў, ледзь змрок апаў, І раніцой прынёс атруты. Прынёс ён згубную смалу, Галлё з завяўшымі лістамі, І пот па бледнаму чалу Сцякаў халоднымі руччамі; Прынёс - і аслабеў і лёг Пад засень будана старога, І згінуў бедны раб ля ног Уладара свайго ліхога. А князь атрутай загадаў Насыціць стрэлы-бліскавіцы, І разам з імі смерць паслаў Ён за суседнія граніцы.