Люіс Кэрал Аліса ў Цудакуце Плыве палудзень залаты, Плыве па хвалях чоўнік. За вёслы ухапіліся Дзявочыя ручонкі. І робяць выгляд, што з іх волі Па рэчцы рухаецца човен. Ах, злыя дзевы, ў гэту спеку Вы пачалі патрабаваць У стомленага чалавека Гісторыю вам расказаць, І я адбэсціцца не змог Ад трох дзявочых язычкоў. І ўладна кажа Першая: “Няхай распачынае!” “Паболей глупстваў і лухты”, - Ліслівіцца Другая. А Трэцця казачку маю Ўвесь час перапыняе. І хуценька у цішыні Плыве маё натхненне. Дзяўчынка-мроя ў Цудакут Бяжыць праз падзямелле, Там дзе жывёлы, птушкі, рэчы З ёй гаманяць па-чалавечы. Я казкай ссушаны ушчэнт: “Далей наступным разам” ”Наступны раз ужо прыйшоў!”- Шчаслівы енк адказам. Так пакрысе, за крокам крок Расце аповед мой. Але ён скончаны, а нам Пара спяшаць дамоў. Мы весела ідзём, а сонца Схавалася за гарызонтам. Аліса, казка хай мая Пяшчотнаю рукою Нясе цябе па ручаях Вянком дзявочых мрояў, З тых кветак, што ты пілігрымам, Сарвала ў сноў сваіх краіне.