Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет...

Бродский Иосиф Александрович

Жанр: Поэзия  Поэзия    Автор: Бродский Иосиф Александрович   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Іосіф Бродскі

Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет...

Вершы Калядны раманс

Яўгену Рэйну, з любоўю

Плыве ў журбоце беспрычыннай паміж цаглянага надсаду караблік зыркай аблачынай ад Аляксандраўскага саду, начны ліхтарык нечуваны, як ружа жоўтая, прыгожы, над галавой сваіх каханых, ля ног прахожых. Плыве ў журбоце беспрычыннай пчаліны хор прапойцаў смешных. Глядзіць маркотнымі вачыма й фатаграфуецца замежнік, і выязджае на Ардынку таксоўка, хворая вякамі, і сталі мёртвыя ў абдымку з асабнякамі. Плыве ў журбоце беспрычыннай спявак маркотны па бульвары, ля крамкі з газаю айчыннай – маркотны дворнік круглатвары, плыве з паненкаю кісейнай стары каханак-малайчына. Картэж апоўначы вясельны плыве ў журбоце беспрычыннай. Плыве ў імгле замаскварэцкай плыўца ў няшчасце цяжкі подых, гучыць гаворкаю габрэйскай на жоўтых, на маркотных сходах, і, плывучы ў журбу з мілосці, каляднаю, нядзельнай госцяй сумуе пекная дзяўчына без дай прычыны. Плыве ўваччу халодны вечар, дрыжаць сняжынкі на вагоне, марозны вецер, бледны вецер апёк чырвоныя далоні; ў агнёх мядовых далягляды і пахне смачнаю халвою, начны пірог нясуць Каляды над галавою. Твой Новы год на хвалі сіняй за плыняй шуму гарадскога плыве ў журбоце беспрычыннай, нібы жыццё пачнем нанова, і будуць зноў святло і слава, удалы дзень і ўдосталь хлеба, нібы жыццё хіснула ўправа, хіснуўшы ўлева.

Пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч.

24 снежня 1971 году

V. S.

У Раство, хоць не ўзносім хвалы, ўсе мы трохі біблійныя магі: дзеля каўнай бляшанкі халвы у аблозе трымае прадмагі плоймай скруткаў нагружаны люд – кожны сам сабе цар і вярблюд. Сумкі, торбы, авоські, кулькі, і гамонка не знае ўгамону; водар елкі, гарэлкі, траскі, мандарынаў, хурмы, цынамону; ды шукаць паміж трактаў дарма Віфлеемскі, і зоркі няма. І нашэннікаў сціплых дароў перапоўнены транспарт хістае і выплёўвае ў зеўрах двароў, хоць вядома: пячора пустая – ні жывёлы, ні ясляў, ні Той, што ў кароне святла залатой. Пустата. Ды ўспамін пра яе – як святло, што ліецца знікуды. Знаў бы Ірад: чым больш ён злуе, тым няўхільней калядныя цуды. Непарыўнасць пасеву й жніва – падставовая схема Раства. Цуд бліжэе і ўсюды жыве, і яднае ў святое застолле ўсе сталы. Не патрэба ў Растве хай яшчэ, але добрая воля ў чалавеках відаць праз грахі. І не спяць ля агню пастухі. Валіць снег. Аж расце да гаўбцоў. Трубы-коміны трубяць дачасна. Ірад п’е. Бабы туляць мальцоў. Хто прыйсціме – нікому не ясна. Мы не ведаем часу й прыкмет. Ці ж паверыць у прыхадня свет? Ды калі на дзвярным скавышы яна выйдзе з туману густога, у хусціне, нібыта на мшы, – і Дзіцяці, і Духу Святога пазнаеш у сабе хараство. Бачыш зорку і кажаш: Раство.

Пераклад з рускай – Марыйка Мартысевіч.

Калядная зорка Халоднай парою ў мясцовасці, звыклай хутчэй да пары спякотнае, схільнай да плоскасці болей, чым да гары, Дзіця ў свет прыйшло, Збаўца свету ад ночы самой; мяло, як толькі ў пустэльні можа месці зімой. Яму ўсё было велізарным: грудзі матчыны, жоўты шар каганца, тры цары – Мельхіёр, Бальтазар, Каспар; дарункі іх, дбайна ўцягнутыя ў стойла вала. Ён быў адно толькі кропкай. І кропкаю зорка была. Уважліва, не міргаючы, цераз густую сінь на Таго, хто ляжаў у яслях, з найвышэйшых вышынь, з іншага краю Сусвету, з другога яго канца, зорка глядзела ў пячору. І гэта быў позірк Айца.

Пераклад з рускай – Марыйка Мартысевіч.

Калядная зорка Сцюдзёнай парою ў месцах, знаёмых хутчэй з парой гарачаю, з роўнай паверхняю болей, чым з гарой, Дзіця, што выбавіць свет, у пячоры на свет прыйшло; мяло, як толькі зімою ў пустыні месці магло. Было Яму ўсё завялікае: валы, іх дыханне; твар і грудзі матулі; цары – Мельхіёр, Бальтазар, Каспар – і іх падарункі, падцягнутыя да святла. Ён быў усяго толькі кропкай. І зорка кропкай была. Уважліва й неадрыўна з-за рэдкіх аблок на яслі і немаўлятка, што ў іх ляжала, здалёк, з глыбіняў Сусвету, з іншай мяжы быцця, зорка гладзела ў пячору. Бацька глядзеў на Дзіця.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.