Кацёл з каменьчыкамі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Сказки  Детские    Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Уладзімір Караткевіч

Кацёл з каменьчыкамі

Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна - той і проста на падлозе.

І ўявім мы, што памчалі мы на нашым дыване-самалёце ў вясёлкавы наш з табою край, у сівую нашу з табой даўніну.

Ці бачылі вы паўночныя нашы ўзгоркі? Яны не дужа высокія, але ўсё ж верас на іх некалькі дзён раней робіцца сівы. Ад падмарозкаў.

І сівыя робяцца старадаўнія валуны, камяніскі, камяні, каменьчыкі. А пасля пачынаюць пакрывацца шкляным, ружовым на ўсходзе лядком - заберагам, шматлікія нашы з табой азёры. А выкапаную бульбу даўно ўжо звезлі ў хаты і свірны, звалілі ў капцы.

Дык вось было гэта даўно, вельмі даўно, так даўно, што ў нашай з табой краіне яшчэ не было тады бульбы.

Стаялі тады на беразе маленькага чыстага возера - існае вочка зямлі - дзве хаты. У адной, багатай ды ганарлівай, жыў мужык Ігнат. Нядобры ён быў чалавек, жонку замарыў работай, дзеці ад хатняга рабства ў свет пайшлі. А гаспадар усё не ўтаймоўваецца, усё пад сябе грабе. Усё наваколле прыдушыў, глытай.

- Забыўся, што ў труны кішэняў няма, - горка пажартавала добрая Мар'я, бліжэйшая суседка. Бо яе хата бліжэй за ўсіх стаяла. Хата яшчэ з дзядоў, моцная, але зусім недагледжаная. Бо гаспадара ўзялі на вайну і засталася жанчына адна з маленькімі дзецьмі. Аж пяцёра, і кожнае на пстрычку ніжэй за другое. І кожнае ўвесь час галоднае.

Пакуль бацька быў, сяк-так перабіваліся, а тут...

Словам, запанаваў на нашай зямлі самы страшны, самы подлы грэх, імя якому Несправядлівасць. Гэта калі адзін не можа заснуць, бо аб'еўся, а другі - бо галодны. А дзеці - дык тыя нават плачуць з голаду. Кепска. Ніколі не дапамагай Несправядлівасці. За іншае, можа, і даруюць. За гэтае - не.

...Позняя, халодная была вясна. Такое самае лета. А восень яшчэ горай. Завылі вятры, уздзьмуліся рэкі, пашалелі азёры. Сатлелі травы на паплавах. Ад бацькі чуткі няма. Прыйшла чарга Мар'і ісці па дапамогу да суседа. А той сядзіць, далоні пад азадак паклаў ды пыхкае, як вожык. Нажэрся, свіння свіннёю.

- Ну што?

- Пазыч мне, суседзе, меру ячменю ды меру фасолі. Я табе за гэта вясной адраблю.

- Адро-обе. Вясно-ою. Вясной усё наваколле адрабляць прыйдзе. А ты да таго часу ледзь ногі цягаць будзеш, а шчанюкі твае, можа, і не пацягнуць зусім. А можа, ты і ўдава цяпер. То й ён не адробіць. Не дам.

Рабіць няма чаго. Прыйшла бедная жанчына ў сваю халупу і, не запаліўшы нават лучынкі, упала на ўслон.

Цёмна. Цёмна за акном. Цёмна. Нізкія чорныя хмары і выхаду няма.

Да іншых суседзяў бегчы? Памаглі б, але і там тое самае. А дзецям што? Дзеці не ведаюць, як дарослым хлеб дастаецца. Цяжкай працай, часам - прыніжэннем. Калі зразумеюць - пашкадуюць. А тут плачуць толькі на розныя галасы: «Сільна і слёзна», як у старых кнігах пісалі:

- Матухна!

- Зязюленька!

- Пакармі нас!

- Хлебца дай!

- Акраец!

Што рабіць беднай Мар'і. Вырашыла яна дзяцей падмануць.

- Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас карміць.

Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.

Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка, - наядуцца. Варацца каменьчыкі - да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.

Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, з торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя.

- Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.

- Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.

- А што ж у катле варыш?

- Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, - і прыўзняла крышку катла.

- Гэт-та што такое?

- Камні. Муж у войску - можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці - не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.

- Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!

- Не даў.

- Д-добра, - сказаў незнаёмы.
- Бяры кацёл. Пайшлі. Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?

А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.

«Але тут, - думае, - здужаю».

Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.

- Што ж ты, - паскардзілася Мар'я.
- Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.

- Маўчы, - сказаў той.
- Глядзі, што будзе.

- Так ёй, - сказаў Ігнат.
- Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.

А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў Россып. Дзецца няма дзе.

Мар'я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.

- Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы.

Тая зірнула - і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.

- Збяры частку, пакладзі ў кацёл, - сказаў незнаёмы.
- Пастаў варыць дзецям.

У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла - камяні яшчэ падраслі.

- Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.

І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.

Пачакалі яны крыху - з'явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.

- Прынясі, кабета, матыку, - сказаў незнаёмы.

Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.

- Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок... І яшчэ раз загарні. А кусцікі ўжо амаль кусты.

І вось на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.

- Вось цяпер можаш іх памацаць на выбар, - сказаў незнаёмы.
- Гэта як дзеці галодныя.

І выняў два камяні з-пад куста.

Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё.

- Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, - сказаў незнаёмы.
- І з суседзямі падзяліся.

- Ясна, - сказала Мар'я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух.
- З суседзямі найперш.

- Мне! Мне!
- кінуўся Ігнат.
- Мне перш за ўсё! Я іх кармлю-паю!

- І на работу наймаеш?
- спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці.
- І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі?

- Мне! Мне! Наймаю, кармлю.

- Добра, - сказаў незнаёмы.
- Набяры кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй.

Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў.

- Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні.

- Слёзы, - сказаў незнаёмы.
- Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў - такі і плод.

- Мне! Мне! У мяне і камні.

- Глядзі-і, - сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле.

- Ну вось. Даў сёння хлеба яе дзецям?

- А што? Галадранцы. Самога з'ядуць, як мяккі будзеш.

Незнаёмы махнуў рукой.

Камні пачалі расці. Усе ўтрох стаялі і глядзелі, як яны растуць: каменьчыкі - камні - камяні - камяніскі. Усё поле закрылі. Ігнат аж падскочыў.

- Ну чакайце, за такімі вы яшчэ й да мяне прыбяжыце. Прыйдзеце, любенькія, як прыпрэ.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.