Цыганскі кароль

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Повесть  Проза    Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Уладзімір Караткевіч

Цыганскі кароль

I

Палявыя гваздзікі пахлі ваніллю, як святочны пірог. Міхал Яноўскі ўздыхнуў, зрабіўшы такое адкрыццё, бо любіў хатнія пірагі, а ўжо два дні, як еў хлеб з халодным мясам і не ведаў, ці давядзецца яму яшчэ калі-небудзь пакаштаваць цудоўных праглаў і перапечак. Нават печка, дзе іх звычайна пяклі, больш не належала яму. Яноўшчыну разрабавалі, загонавая шляхта Ваўчанецкага зжэрла ўсё, аж да зялёных, цвёрдых, як палка, груш, а сам ён, Яноўскі, - злачынец, якога, напэўна, шукаюць. Трэба хутчэй ехаць да незнаёмага дзядзькі па маці Якуба Знамяроўскага. Ён, кажуць, моцны чалавек, не пабаіцца Ваўчанецкага, ён абароніць. Дзядзька павінен сустрэць яго ветліва, паспачуваць, а там - хто ведае - можа, адбярэ ў Ваўчанецкага запаскуджаную Яноўшчыну і зганьбаваныя магілы продкаў. Ён гэта зробіць! Ён сіла, а сіла - усё на зямлі.

Цікава толькі, чаму сустрэчныя ў адказ на запытанні Міхала стрымана ўсміхаюцца (Ого! Паспрабавалі б яны ўсміхнуцца нахабна!) і кажуць:

- А-а, цыганскі кароль. Вам трэба па гэтай дарозе, пане.

Па маладосці год і легкадумнасці Міхал не звяртаў увагі на "важлівыя дробязі", і ўсё яму было хоць бы што. У сіле ён звыкнуў бачыць дабрадзейнасць, хоць скончыў школу пры калегіуме і павінен быў ведаць на прыкладах з Катула, што не заўжды дабрачынны Цэзар і што курульнае [1] крэсла часта займае вадзянка. Бацька, чалавек, настроены па-старасвецку, таксама выбіваў з яго такія думкі цытатамі з Сымона Буднага. Гэта не дапамагала. Свет быў няўстойлівы, моцныя пагражалі адусюль, кароль не мог абараніць, схізматаў не крыўдзіў толькі лянотны. Катул быў паганец, а Буднага яшчэ дзвесце год назад абвінавацілі ў амярзіцельнай швейцарскай ерасі, і таму ён не меў рацыі. Сіла, і толькі сіла!

Ён не ведаў яшчэ, чым канчае кожная грубая сіла, і таму амаль весела падганяў каня ў напрамку да Знамяроўшчыны. Надзея калыхала яго.

Як добра, як прамудра ўсё на божым свеце!

Каля самай дарогі стаяў нацэлены кудысьці аглоблямі воз без каня. Абады колаў былі збітыя, і воз стаяў як быццам на чатырох сонцах, бо спіцы нагадвалі праменні.

Каля воза хадзіў, скрабучы патыліцу, чорны кучаравы чалавек. Срэбная, паўмесяцам, завушніца. Вопратка, як з сабачага вяселля. Цыган.

- Што гэта ты робіш, чалавеча?

- Рапарую воз. Да заўтра пасяджу.

- А потым?

- А потым павязу на сабе дадому.
- Цыган павярнуў да Яноўскага нядобры чарнабровы твар.

- Што ж гэта ты так... забаўляешся?
- іранічна спытаў Яноўскі.

Цыган пакалупаў пальцам у цыбуку і раптам выбухнуў:

- Конь, бачыце, яму спадабаўся. Даём яму ад кожнага здабытага дзесятка аднаго каня. Ад катлоў таксама... Па закону... Мала. Я спрачаўся. Ну і вось. Гэта ж ганьба цыгану так цяжка працаваць за сваю ж маетнасць. Абады з колаў пазбівалі... Каб яго везлі на такіх колах, калі ён атрымае па заслугах рану ў жывот: са спіцы на спіцу, з байрака на байрак.

- Хто гэта?
- спытаў непаразумела Міхал.

- Хто?! Знамяроўскі! Кароль наш, каб яму кадук... Я казаў: жывіце вольна, роме. Не, пасадзілі на сваю галаву шляхцюка. Ён быў голы як бізун, а цяпер ён кароль. Дзівуйцеся на цыганскую дурасць: першы раз такое дзіва бачыце... Каровін праснак!

Яноўскі слухаў, здзіўляючыся з бясконцых перыядаў, аж пакуль не абрыдла. Уласна кажучы, варта было правучыць нахабніка за непачцівыя словы пра шляхту, але цыган так гаротна і тужліва стагнаў, што Міхалу стала шкада яго.

І ён паехаў далей на сваёй шкапе, якая бразгала напалову адарванай падковай.

Шлях збочыў ад пушчы. Ля рачулкі, пад дубамі, паказаліся шатры - нешта каля сотні, - агні каля іх, зграбныя постаці цыганак і куцапыя - цыганоў. Чуліся крыкі дзяцей, стук молата па кавадле, брэх сабак.

Дзесяткі два гэтых сабак, жоўтых, са стаячымі вушамі, абкружылі конніка з відавочным намерам зжэрці. Гледзячы на іх рэбры і чырвоныя зяпы, Яноўскі падумаў, што гэта можа здарыцца, але ад вогнішча наблізілася чацвёра цыганоў. Сабак адагналі. Чорныя, як д'яблы, худыя, у калматых кажушках, з чырвонымі павязкамі вакол галавы, з ражнамі ў руках, цыганы вельмі нагадвалі разбойнікаў.

- Куды едзеш, бацю?
- спытаў паважны, прыкметна сівы цыган.

- Прапусці, - замест адказу з гонарам сказаў Яноўскі.
- Я беларускі шляхціц.

Гэта гучала, як "не руш мяне, я рымскі грамадзянін".

Цыган павольна агледзеў Яноўскага ад высокіх кабцяў, пацёртых ля стрэмяў, ад скураных нагавіц, пацямнелых ад конскага поту, і аж да звычайнай, зусім не панскай магеркі з абламаным пяром. Пасля плюнуў на зямлю і спаважна паказаў Міхалу на слуп, ля якога яны стаялі. Слуп быў упрыгожаны дошкай з сілуэтам каня з надпісам:

Знамяроўскае каралеўства, бог хай літуе яго. Душ русінскіх два ста, егіпецкага племя - ад зямлі ўсёй весі. Халупы. Жыдзішкі, Чэрнеў брод. Пры іх зямля ворная і пасавіска. Урочышчы Альховы востраў і Княгініна, а таксама тэж балота Недабыліха. Не торкайся з табунамі, калі гонар беражэш і не хочаш на смерць прыправіцца.

Яноўскі прачытаў варварскі надпіс, і ў яго пачала пацепвацца шчака.

- Я не з табунамі?
- спытаў ён з жудасным спакоем.

Цыган у адказ пачухаў грудзі пад кажухом.

- Вяртайся, бацю, або давай грошы за праезд крэса. Тут табе не задрыпанца якога зямля, а яго крулеўскае мосці пана Якуба Знамяроўскага з Ліды. Наша, цыганскае, царства! Калі грошай няма, дык прызнавай яго за караля, злазь са сваёй спірэпы і шыбуй пешака да палаца. Не - атрымай дубцы і гэн хоць да д'ябла! Дзевяць год мы тут гаспадары, прывілею зацвердзіў кароль польскі, хоць мы ім платы падпіраць можам, калі захочам.

- Я табе паразмаўляю, цыганская храпа!
- Яноўскі выцягнуў шаблю, хоць добра бачыў, што ражны ў цыганоў даўжэйшыя.

Цыган у адказ флегматычна сунуў амаль пад нос конніку кулак, падобны на валасаты гарбуз, і... атрымаў плазам удар па галаве.

- На калені, хлопы!!!

У той самы момант яго атакавалі. Ён закруціўся, адмахваючыся шабляй і атрымліваючы адчувальныя штуршкі ражноў. Адзін з нападаючых спрытным ударам ражна па падкаленных жылах каню прымусіў жывёліну спатыкнуцца. Яноўскі прыпомніў, што цыганы мастакі адным такім ударам зваліць быка, які імчыць "на поўны намёт", і таму, не чакаючы ганебнага фіналу, сцёбнуў каня карбачом пад пах і так пусціўся дарогаю, што толькі пыл закурэў.

Каня ўдалося стрымаць толькі тады, калі за павароткаю дарогі ўстаў ва ўсёй прыгажосці "стальны град" цыганскага каралеўства. Злева была рэчка, справа, з-за далёкіх узгоркаў, выглядалі стрэхі вёскі, а паміж ракою і вёскай, бліжэй да ракі, размясціўся "град". З трох бакоў абкружаў яго ці то вельмі запаскуджаны і запушчаны сад, ці то ліставы лес, сярод якога сям-там узнімаліся ў неба чорна-зялёныя конусы ялін. З чацвёртага боку быў выган з атрутна-зялёнай травой і мноствам каровіных праснакоў. Дарога, па якой ехаў Яноўскі, ішла выганам і пераходзіла бліжэй да "града" ў змрочную і вільготную, як нара, алею з пакручаных, хворых ад вільгаці, нізкарослых ялін, алешніку, абламаных кустоў туі, карычкі і хмелю, які буйна абкручваў усё гэта багацце. Нізкія берагі, мярзота пустэчы вакол, глухая крапіва, няўцешны выган.

Ды і палац стаў перад Міхалам ва ўсёй сваёй несамавітай галізне. У той сваёй часціне, што была бліжэй да рэчкі, гэта былі астанкі нейкага храма. Без званіцы, падобны на княжацкі старадаўні саркафаг, храм гэты быў пабудаваны з плоскіх каменных плітак, і на франтоне ледзь выступалі збітыя літары "Anno Domini 1550". І тут была пустэча, толькі вітражы ў вокнах блішчалі ўмыта і радасна пад праменнямі нізкага вячэрняга сонца. Будынак, як бачна, адыгрываў ролю камяніцы ("Што гэта за магнат, калі поруч з новым замкам няма старой вежы? Яны-то, праўда, не дапамагаюць, але ж гонар").

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.