Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Фольклор: прочее  Фольклор    Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Легенда

…аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны, аб выгнаных з аднаго пекла ў другое, аб тых, што сталі горш за горшых і цнот, — малых нават, — пазбавіліся, сутыкнуўшыся з пародай людской, але зноў, праз яе ж адну, неба потым знайшлі, і душу вечную, і меч, уняты за годнасць, і браталюб’е, і любоў.

Легенда

…аб Рогачы, д’ябле, што з пекла быў выгнаны, як Арый завушаны з Нікейскага сабору, і стаў чалавекам, і, забыўшы каханне, у зламыснасці і падступным забыцці, стаў каралём і, у брыдкай ерасі прабываючы, забыў шыпшыну і змяю, што трымае сябе за хвост — знак, што нікому з брэнных не перайсці мяжы Бясконцага.

Легенда

…аб тых, што забылі дух зямлі і промысел божы, і падобныя сталі лісіцам у вінаградніку і ваўкам, што спакушаюць агнцаў і унцаў канюшынным полем. Ганарацца ў пароках — і ніжэй малых будуць. Куюць вайну і крамолу — і пярстом немаўляі пабітыя будуць.

Легенда

…аб тых, што рыюць пад карэннямі і ў гной глядзяць, падобныя да свінняў нейкіх, забыўшыся, што створаныя Пеліканам, грудзі сабе раздзіраючы, каб крывёю дзяцей аджывіць дзеля таго, каб свяцілы адбіваць і, — без боязі, — каметы адбіваць, бядой пагражаючыя, і знічкі, што нясуць новыя душы ў добры свет…

Гэтага ж нават ілжэнастаўнікі і ерэсіярхі не адмаўляюць ва ўпартасці чорнай сваёй.

Легенда

…аб людзях, і духах злых і прыстойных, і аб іхніх здзіўляючых, мудрых, смеху вартых і ўсякіх іншых прыгодах, якія адбыліся на Беларусі і ў іншых мясцінах, што ляжаць не бліжэй Месяца і не далей Сонца.

А легенду тую з вуснаў і кніг пераклаў і запісаў у замку Рагачыкскім філосаф вялікі, кнігалюб, думак ваявода і сын ваяводкі, пан Уладак княж Сымонаў сын Караткевічаў, беларускія і іншыя элаквенцыі знаўца, чалавек не толькі ў беларускіх, але і ў лацінскіх, і ва ўсякіх іншых пісьмёнах пісьменны і абазнаны. І запісаў, дзеля спасення душы сваёй, а ўсім добрым людзям простым ку шчасцю і забаве і добраму навучэнню.

І трымаюць на плячах містэрыю сію з яе інтэрмедыямі:

Рагач — ён жа Андрэй Рогач, ён жа магнат Андронік Рагінскі, ён жа кароль Андронік І.

Дубраўка, каралева Агата — длань святла і молат цемры, двайнікі ў чалавечых увасабленнях сваіх.

І яшчэ:

Сатана.

Старшыня цэнзурнага камітэта яго вялікасці Сатаны.

Сакратар Сатаны.

Цэнзар — старшыня анархісцкай фракцыі геены вогненнай.

Жупел — радавы д’ябал.

Скрогат Зубоўны — ён жа магнат П’янда з Чапяліна — д’ябал у малодшым камандным чыне.

Галава дэлегацыі ад марсіянскага Сатаны.

Гаспадыня Гальшка з Оштэрпа.

Гаспадыня Аглая з Камянца.

Князь царквы.

'Oльда — паж каралевы.

Гаспадар Іван Падкова з Дубасечча.

Антось Шыбень.

Ян, ягоны брат.

Пётр — прапаведнік.

Прынц.

Сяляне — майстры цэхаў.

А такаж:

Найміты, суддзі, магнаты, зборшчыкі і іншая сволач.

Песні ж, там, дзе патрэбныя оныя, склалі, каб вуха ўсаладзіць:

“Баладу, аб Цібо з Шампані” — мінезінгер заморскі — Канрадам — Фердынандам завомы, — а прозвішча забыў…

Словы ж і музыку іншых салодкавесных песняў — жанглёр, і лютніст, і спявак у час вольны — Уладак, сын Караткевічаў.

***

Я хачу сказаць табе нягучным і добрым голасам, хай сабе і з адценнем сумнай усмешкі.

— Дай руку, друг, — хачу я сказаць. — Я павяду цябе далёка, у ХVІ стагоддзе. Я пакажу табе д'ябальскія падкопы і сонечныя ўсмешкі чалавечых вачэй, бязодні подласці і высакароднасці, нянавісці і любові. Таму што нават тады свяціла сонца і зрэдку не з шыбеніц раслі на зямлі лясы. Задумайся над сур'ёзным і ўсміхніся жарту. І ў жарце адшукай сур'ёзнае, а ў сур'ёзным — цень усмешкі… Тады род чалавечы быў прыніжаны і вялікі. Тады людзі, як заўсёды, чакалі канца свету і прыходу антыхрыста. Тады, як вядома, яшчэ не было скасавана пекла, і таму існавала два пеклы: адно пад зямлёю, а адно — на ёй. Відавочная празмернасць… Розніца была ў тым, што на зямлі быў час, а ў пекле яго не было… Дык вось, што было на зямлі — ты пабачыш. Пабачыш пералескі, палі, дрыжачыя бярозы на ўзгорках, змрочныя вежы замкаў над светлымі рэкамі. Мы пройдзем з табою па гэтых дарогах, нырнем у вільготную цемру века — вечных лясоў, пройдзем пад аркамі брам.

Але пакуль ты ўбачыш тое, што было пад зямлёй…

***

Паказальны працэс у пекле.

Калі пашэнціць знайсці адну са шматлікіх патрэбных расколін, спусціцца ёю пад зямлю і некаторы час паблытаць падземнымі пераходамі, то, рана ці позна, — ну, вядома, калі не памрэш з голаду ці смагі, — спынішся перад разьблёнымі дубовымі дзвярыма, на якіх вісіць сціплая, але досыць салідная, як у славутага з вялікай практыкай доктара, таблічка:

Прыёмная Яго Вялікасці Сатаны.

…Кабінет, падобны на кабінет доктара Фаўста. Дубовыя шафы, рэторты, кнігі, прыкутыя ланцугамі да стала (каб пазбегнуць спакусы). Сава. Спіць чорны кот. Картатэка. На шырокім, як поле, пісьмовым стале тэлефон, па якому зараз размаўляе гаспадар кабінета:

— Падстанцыя. Алё… Бяда з гэтымі тэлефонамі… Так, Люцыпар… Так, дэлегацыю майго марсіянскага калегі стрэну сам… Што новага?.. Так… Што-о??? Рагач з двухсотай секцыі? Чэрці б вас узялі! Што здарылася?

…У двухсотай секцыі ідзе здача дзяжурства. Скрогат Зубоўны, дзябёлы немалады д'ябал з несімпатычным абліччам, вядзе ўздоўж рада катлоў Рагача. Рагач яшчэ малады і для радавога чорта даволі самавіты і гожы.

— Бяры ключы, — кажа Скрогат. — Гэтая секцыя — твая. Тут сто грэшнікаў, усё больш драбяза. Самы буйны абрабаваў сіроцкі прыют.

Падводзіць Рагача да стала.

— Тут можаш сядзець, чытаць апавяданні Чапека і выбраныя папскія булы… Тут манометр. Сачы, каб не падаў ціск у катлах… Можаш па гэтаму шчыту прыбаўляць яго…

— А нашто?

— Пытанні будзеш задаваць у вячэрняй школе. І асабліва сачы за двума першымі катламі. Вось у гэтым сядзіць хлопец, які забіў гаспадара. Пад канец дзяжурства давядзі ціск пад ягоным катлом да трохсот атмасфер.

Скрогат пазяхнуў:

— А вось у гэтым сядзіць вялікі інквізітар Іспаніі, спаліў дзесяць тысяч чалавек. Гэтаму можаш зрабіць палёгку. Слаўны, адукаваны чалавек. Вельмі любіць катоў і дзяцей. І манахінь. За гэта і трапіў сюды.

Скрогат пайшоў. Рагач сеў з кнігай пад манометрам. Цішыня. Чуваць толькі бульканне вады ў катлах.

— Ну і што ж? — чуе ён голас з першага катла. — Што мне агонь?

Зацікаўлены Рагач падыходзіць да катла.

— Гэта ты забіў пана?

— Я. За нявесту.

— Балюча табе?

— Ёй было больш балюча, маёй дзяўчынцы… І радзіме маёй таксама… Ты думаеш, я шкадую аб гэтым кінжальным удары? Я ўдарыў, і абаім троху лягчэй. Я іх люблю.

— Што значыць любіць?

— Шкадаваць больш, чым сябе.

У катле гожае маладое аблічча з перакрыўленымі вуснамі.

— Дрэнна табе?

— Вельмі. Усё гарыць. Але з-за гэтага клекатання я не чую, што ў мяне на радзіме. Ці меней там слёз і стогнаў? Ці часцей гучыць смех?

— А табе што да гэтага?

— Я люблю іх.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.