Ідылія ў духу Вато

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Рассказ  Проза    Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

Прыгожы парк, які любіў Вато…

М. Багдановіч

Кіпяць жаданні. І няма жаданняў:

Як вогнішча пад восеньскім дажджом.

М. Заранка

Падала лісце.

Часам пад парывамі ветру лісты асыпаліся тысячамі, і тады нават у паветры чуўся іх шолах. А потым вецер сціхаў і лісты пачыналі падаць па адным.

А зямля паміж дрэвамі шапацела звонка і настойліва; раптам нехта нябачны пачынаў пятляць па апалай лістоце, уздымаючы ў паветра чырвоныя, жоўтыя, зялёныя з лімоннымі пражылкамі лісты.

У гэты празрысты кастрычніцкі дзень Архангельскае здавалася пакінутым, як дача з забітымі вокнамі.

Людзей не было. Была цішыня і закінутасць.

Маладая пара, якая сышла з аўтобуса, не спяшаючыся, увайшла ў парк.

— Што гэта ты з босай галавой? — быццам упершыню заўважыўшы, сказала дзяўчына.

Ён адмаўчаўся. Ішоў поруч з ёю вельмі прамы, глядзеў на свет халоднымі зеленаватымі вачыма. Светлыя бровы насуплены, вялікі рот сціснуты нават занадта характэрна.

Трохі пляскатым носам, жаўтавата-смуглай скурай, буйнай грывай каштанавых валасоў ён вельмі нагадваў льва. І не таго льва, абавязак якога гойсаць па пустыні, а таго, якога аблыталі цянётамі і вось-вось унясуць у клетку.

Таму што на гэтым разумным твары быў дзіўны выраз насцярожанасці, чакання і яшчэ чагосьці.

Добры сэрцазнаўца сказаў бы, што гэта выраз заўсёднай і закаранелай тугі. А яна была птушка-весялушка, маленькая, разумненькая. Скура малочна-белая, валасы занадта жорсткія і цяжкія. Затое вочы былі дзівосныя: вялізарныя, чорныя, з глыбокім бляскам.

Гэтыя двое трымаліся занадта цёпла для брата і сястры, занадта разважна для каханкаў, занадта ўважліва для мужа і жонкі.

Яны апынуліся на ўнутраным двары зачыненага музея, дзе мармуровы Ахіл з манерна-адчыйным тварам трымаў паміраючага Патрокла.

Яны не заўважылі гэтай манернасці і прынялі яе сур'ёзна. Як усім людзям, занадта перапоўненым сабою, ім здавалася, што іншыя таксама адчуваць глыбока і моцна. Нават самотная старая, што дрэмле ў шэзлонгу на тэрасе, нават гэты мармуровы Ахіл.

— Яго знявечылі. Ён зусім не Патрокл, а прыгонны, — сказала яна.

— Так, — згадзіўся ён, — гэты хлопец хацеў будаваць, а яго прымушалі аўсянку сабакам варыць.

— Што ты, ён музыка, — запярэчыла яна, — бычыш, якія пальцы. А наконт аўсянкі твая праўда.

Яны ішлі суцэльным тунелем, які спускаўся ўніз, да грота. І раптам яна з перарывістым уздыхам прыпала да яго.

— Любы, — сказала яна, — мы адны. Як добра!

І падалася да яго з закрытымі вачыма, уся пасур'ёзнеўшы тварам.

Ён цалаваў яе, спачатку стрымана, потым усё больш моцна, усё больш пяшчотна.

Прахожы з тоўстым партфелем у руках адарваў іх ад гэтага карыснага занятку. Прайшоў, пачырванеўшы патыліцай, пакруціў галавой.

— Ну і ну. Р-распусціўся народ.

Яна паглядзела яму ўслед і ціха сказала спадарожніку:

— У яго партфель з мамантавай скуры.

Спадарожнік засмяяўся. Абое пайшлі далей і хутка выйшлі на балюстраду. Безудзельна глядзелі на іх твары мармуровых багоў і герояў. Вільготна зелянеў пад нагамі партэр.

Вусны дзяўчыны раптам склаліся ў манерную ўсмешку:

— У мяне няма рэшпекту да такіх пагулянак. І супірант мой нешта маўклівы. Зусім, відаць, не кахае.

Ён, здавалася, не чуў. І яна зразумела: нешта не дазваляе яму жартаваць.

— Раскажы хаця, як твае справы. Шэсць… не, нават дзевяць год мы не бачыліся, — спытала яна.

— Так. З пяцьдзесят першага.

— І што ты робіш?

— Даганяю. Часу мала. Я і тады зрабіў памылку, што пайшоў ва універсітэт. Я ж любіў жывапіс больш за ўсё. А думаў, што будзе больш карысці.

— Чым займаўся гэтыя гады?

Ён усміхнуўся:

— Жыццё вывучаў. Усялякае было. Спачатку на шахтах працаваў, потым… Ды гэта цябе не павінна цікавіць.

Твар яго перасмыкнуўся, але дзяўчына, здавалася, не заўважыла.

— Мне дваццаць сем, а я амаль нічога не зрабіў. Зараз вось партрэт маці скончу, а потым ёсць у мяне задума. Гістарычная. Іван Вецер, здраджаны сябрам.

Яна ўважліва паглядзела на яго.

— Гэта ў паўстанні?

— Так. Разумееш, здорава павінна атрымацца. Пястрыцкі ў парчы і гэты, пасінелы на снягу. Ядловец такі, разумееш, дымчата-зялёны, неба цяжкае.

— Так, — сказала яна, — гэта было гістарычнае свінства: гарматы супраць бяззбройных… — правяла позіркам па голых мурмуровых фігурах і неяк нават паспешліва сказала: — Бр-р, як ім холадна.

Абое збеглі па прыступках уніз, і тут, у алеі, каля грота Кацярыны, яна зноў прытулілася да яго.

— Пацалуй мяне.

— Не магу, — сказаў ён, — надта ўжо гэтая баба зайздросна глядзіць. Сурочыць, бадай што…

— Не жартуй.

— Ды я і не жартую. Проста небяспечна мне быць з табою. І табе… таксама.

Яна апусціла вочы ўніз. Лімонныя, барвяныя, іржава-чырвоныя лісты клёнаў стракатай мазаікай ляжалі на зямлі. Дзяўчына нагнулася і стала збіраць іх. Хлопец дапамагаў.

— Ты дзе спынілася?

— У сваякоў. Станцыя па Яраслаўскай дарозе.

— Ведала, што я тут?

— Нядаўна даведалася.

— Здзівілася?

— Не вельмі.

Хлопец працягнуў ёй велічэзны, зялёны, у пунсовых кропках ліст.

— Бачыш, прыгожы які… Ты развялася?

— З кім?

— З Барысам.

— Каб развесціся, трэба спачатку выйсці замуж, — сказала яна.

— Гэта праўда.

Зноў пачуўся звонкі шолах у паветры. Яна прыўзняла бліскучыя вочы.

— Мінулае не забываецца. А наша было цудоўным. Ты не пісаў, я разумею, ты не мог. Але потым…

— Што потым?

— Потым, калі… боль прайшоў. Я даведалася, што яны ўзвялі на цябе паклёп, што гэта яны выжылі цябе з універсітэта, і не магла ім дараваць. Я так чакала, мне было так цяжка.

— Барыс не вінаваты, — сказаў ён, — гэта ўсё Толька, яго дружок. Падумаеш, вакцына супрацьчумная. Змагар. Дбайнік.

Дзяўчына здрыганулася:

— Гэта была вялізная подласць: наклеіць на цябе, такога добрага да людзей, той паршывы ярлык. Але ж ты памятаеш, які быў час? І я адхіснулася ад цябе, паверыла. Потым мне сказалі, што ты абразіў мяне, назваў дурніцай-энтузіясткай…

Хлопец сумна ўсміхнуўся:

— Потым бойка была. Борка стукнуў мяне. І зусім нечакана…

— Ведаеш… гэта ж я вінавата. Гэта я сказала яму, што раней мужчыны ведалі, як ім дзейнічаць у такіх выпадках. Ён пайшоў неахвотна, ён вельмі любіў цябе.

— Цябе ён любіў больш.

Яна не слухала яго:

— А потым Толька вырашыў зрабіць такое. А я не магла памагчы табе. Не знайшлося ў мяне сілы, каб памагчы табе, свайму ворагу, калі ўбачыла такую несправядлівасць.

— Добра, — сказаў ён. — Чаго там.

Насустрач сталі трапляцца хворыя з санаторыя на абрыве. І дзяўчына зноў — у які ўжо раз — заўважала, як спахмурнеў твар прыяцеля.

Ён заўважыў аднаго, высокага, натапыранага, сутулага. Высокі ішоў у самы канец алеі, да апошняга ўказальніка. Крокі даваліся яму цяжка, але, відаць, ён упарта хацеў узяць апошнюю, паўкіламетровую дыстанцыю, якая нібы адна толькі і аддзяляла яго ад выздараўлення. І хлопец раптам узяў дзяўчыну пад руку і хуткімі крокамі павёў яе па алеі.

Хутчэй. Хутчэй. Усё хутчэй.

Яна ішла за ім і не разумела, што здарылася, прыціскаючы да высокіх грудзей ахапак вільготных пярэстых лісцяў.

Чалавек з санаторыя застаўся ўжо далёка ззаду, яны збеглі ўніз па адхоне, па забрукаванай цаглінамі сцежцы, узрытай і ўспучанай карэннямі таполяў, якія прагна прабіваліся да паветра, да жыцця.

Гэта быў ужо не бег, а палёт сярод чырвоных, быццам крывёю аблітых хмызнякоў. Галіны хвасталі іх па руках; двума каметнымі хвастамі ўзляталі за спіной у паветра жоўтыя і барвяныя лісты.

І перад позіркам маладога чалавека ўстаў прывід мінулага: гон двух маладых, здаровых аленяў у нетрах асенняй пушчы. Галінастыя, закінутыя рогі аленя, белая "сурвэтка" яго сяброўкі.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.