Калядная рапсодыя

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Рассказ  Проза    Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

У бэзавым прыцемку, які пачаў асядаць на зямлю, зноў таргануліся колы. Павольна паплыў перон. Цягнік, нервова здрыгануўшыся на першым стыку, сказаў: "Так". І паплыў, паплыў назад ужо не перон, а ўвесь Пінск з ціхімі вулачкамі, заінелымі вербамі, з прадаўнімі дзікімі вежамі званіц, што з чыгуннай суровасцю перакрэслівалі акаём.

Вячэрняя зара разлілася на паўнеба, стылая, дзіка-чырвоная, пагрозлівая.

"Будзе люты мароз", — падумаў мужчына год трыццаці. Ён паклаў на столік старую кнігу, закінуў чамадан на паліцу і зноў глянуў у акно.

Чырвань была такая сцюдзёная, што ён сцепануўся, нібы гэта яго ўжо зараз марозіла. Наліў на дно шклянкі каньяку, выхіліў, але зноў адчуў, што мурашкі бягуць па скуры, хаця ў купэ было хутчэй горача.

"Божа мой, які страшны, які бязлітасна-мерзлы захад! Як, ты скажы, космас на зямлю прарваўся!"

У чалавека было харошае, крыху нервовае аблічча. Калісьці, відаць, дужа простае, палеска-сялянскае, цяпер — адзначанае заўсёднай, у кожную хвіліну, магчыма, нават у сне — думай.

Вельмі густыя бялявыя валасы. Сінія, дужа добрыя і стомленыя вочы рэзка кантраставалі з прыгожымі вуснамі. Псаваў аблічча хіба што няправільны нос, крыху занадта задзёрты ўгору. Ды не, не псаваў. Пасаваў. Быў дарэчы на гэтым абліччы: замяні грэчаскім, а пасля плюнь.

Нервовыя, моцныя пальцы рук. Словам, наўрад ці знайшлася б дзяўчына, якая на яго запрашэнне не пайшла б з ім на танцы.

Толькі зараз гэтых дзяўчат не было. Мужчына ехаў адзін не толькі ў купэ, але ці не ва ўсім вагоне.

Было Палессе. Былі каляды.

"Божа мой, гэта ж якраз заўтра каляды!.. І вакол Палессе. Маё Палессе. Не Брэстчына, не лясістыя, лістоўныя ўзгоркі Мазыршчыны. Маё. А я ж сто год не быў на радзіме. І вось ужо хутка мой паўстанак. Палову хвіліны стаянкі. Потым удараць у пазелянелы медны звон, і цягнік кіне мяне на рэйках.

А там яшчэ дваццаць вёрст — і вось мае маленькія Ласевічы, загубленыя сярод бясконцых лясоў, дрэмлючыя ў снягах пад начную пераклічку ваўкоў у палях і сабак у сяле…

…А я наштосьці еду на сто вёрст далей. Да жанчыны, пра якую не ведаю нават, кахаю яе альбо не".

Балаты, азёры пад ільдом, лясы, мора снягоў. А ўлетку мора вады.

"Усё нібы змяшалася ў гэтых успамінах. Не толькі поры года, але і прыцемак з днём і ноччу. Заплюшчыш вочы, і вось усё паплыло, паплыло перад вачамі".

Вось сітнягі, што ўмерзлі ў голы сіняваты лёд. Суха пяюць пад калючым ветрам. Выцягнеш з пелькі кошык з сенам і вытрасаеш з яго на лёд гнуткіх, як змейкі, жвавых уюноў. Пальцы ад вільгаці і марозу чырвоныя і кепска гнуцца.

За акном вагона рэдкія аазісы вёсак і першыя агні ў хатах.

"А я еду да той, пра якую нават не ведаю, кахаю яе альбо не".

Цёплая хваля коціцца па сэрцы толькі пры думцы аб прытульнасці яе гнязда. Увойдзеш, кінеш чамадан, і яна выбежыць насустрач табе, у халаціку, заспаная, цёплая са сну, чарнявая дужа мяккімі густымі валасамі, вельмі белая абліччам, абаўе цёплыя рукі яму вакол шыі, павісне.

Потым яны лягуць. І яна, муркаючы, будзе тычыцца носам яму ў плячук, уладкоўвацца, як зручней.

Раніцаю будуць сядзець адно супраць другога ў крэслах, паклаўшы ногі ў крэсла таго, хто сядзіць насупраць, прыхлёбтваць віно, слухаць музыку, чытаць, і зрэдку ён будзе браць яе ладныя моцныя ногі і грэць іх у сябе на каленях. І за ўсе гэтыя дні аж да вечара ён ані на хвіліну не выйдзе з цёплай хаты на люты мароз. А можа, і вечарамі не заўсёды выйдзе.

…Пазнаёміліся яны на вакзале, калі гэта можна было назваць знаёмствам. Ен тады ўпершыню прыехаў у яе горад. Здарылася буйная непрыемнасць: пажар на электрастанцыі. Галоўнаму інжынеру пагражаў суд. Добраму, страшэнна сумленнаму ў працы чалавеку, спецыялісту, якіх пашукаць. Усе ведалі гэта і шкадавалі. І таму паслалі тэхнічным экспертам менавіта яго, Міколу Ласевіча; ведалі таксама і пра добрыя яго адносіны да інжынера, і пра поўную ягоную бесстароннасць, і пра тое, што ў аўтаматыцы ён разбіраецца, як ніхто: большасць аўтаматаў упраўлення на электрастанцыях рэспублікі ставіў і наладжваў або ён, або ягоныя людзі.

Выйшаў тады на ранішні замглёны перон, убачыў, што з цягніка злезла хіба што з дзесятак людзей і сярод іх ідзе дзяўчына з дужа цяжкай валізкай. Злосная, відаць, з гэтай прычыны. І яшчэ таму, што недаспала. Дагнаў, узяўся за ручку:

— Мілая дзяўчына, якім гэта манерам даехаць на вуліцу Міцкевіча?

Тая тарганула чамадан на сябе. Зрэнкі пашырыліся ад раптоўнай ярасці.

— На таксі!

— На гэткія пытанні дакладна так адказваюць ерэванскія міліцыянеры.

— Слухайце, адкасніцеся ад мяне, — у яе неяк дзіўна, нібы праз стрыманыя слёзы, заблішчалі вочы.

— Здарылася нешта? — са шчырым спачуваннем спытаў ён.

Але яна не адчула ў глыбокім ягоным голасе гэтай шчырасці.

— Адыдзіце, — праз сціснутыя зубы, з непрыхаванай нянавісцю сказала яна. — Ведаем мы вашу спагаду, добранькія вашы вачаняты… Ну!

Паціснуўшы плячамі, ён пусціў ручку.

…Справа ягоная і сапраўды не вартая была выедзенага яйка. Ніхто не быў вінаваты. Проста супала адразу некалькі прычын, якія, па тэорыі верагоднасці, маглі супасці — ну, раз у тысячу год. І здарылася аварыя. Затое цяпер інжынеры ўсёй Зямлі тысячу год маглі спаць спакойна.

Ён хацеў у той жа вечар ехаць дадому, але сутыкнуўся на вуліцы з сябрам — архітэктарам, і той, не слухаючы ніякіх пярэчанняў, увогуле нічога не жадаючы слухаць, пацягнуў яго да сябе "на каляды". Адзіным довадам у яго было тое, што "нельга ж правесці ка-ля-ды ў дарозе".

Гэта былі гарадскія каляды. Як ва ўсіх такіх сем'ях, што (асабліва ў апошнія гады), раптам спахапіўшыся, пачынаюць вешаць на сценкі сялянскія посцілкі і вярэнькі для хлеба, ставіць на паліцах, пафарбаваных "пад старое дрэва" фарбай "Ван Дзік", побач з мадэрновымі вазамі вясковыя карцы і каўшы або нават — яшчэ горш — шыць сабе з неацэнных палескіх ручнікоў, па-варварску перакройваючы і рэжучы іх, сукенкі.

Кактэйлі каля самаробнага хатняга бара, міксеры, здабытыя чорт ведае дзе, досыць смелыя, хаця й прыстойныя дэкальтэ, размовы: спачатку пра высокія матэрыі, а пасля…

І толькі распісная міска з куццёй, на якую ніхто не звяртае ўвагі (З рысу. Куцця з рысу — цьху!), ды жмуток сена, падкладзены пад ражок абруса (пад увесь нельга: келішкі будуць стаяць няроўна, паб'ецца крышталь), сяк-так нагадваюць у першыя хвіліны, што гэта не проста "міжсабойчык". Потым абавязкова знойдзецца госць, які прыкінецца п'яным да быдлячага стану і пачне тое сена жаваць, чым і выкліча ўхвальны смех і воплескі.

І вось у гэтым тлуме — гаспадара затрымалі ў бюро, і госці былі амаль усе ў зборы — Мікола амаль адразу ўбачыў тую, з чамаданам. Сябар, не слухаючы нараканняў жонкі, цягнуў Міколу знаёміць. І вось наблізіліся. Стаіць з келіхам у руцэ, глядзіць адчужана і няўхвальна.

— Марыначка, лапачка, вось табе наш інжынер, заапякуйся.

— Мікола Ласевіч.

Пазнала. Але хаця б цень нейкай збянтэжанасці, нейкай няёмкасці ў вачах. Той жа суровы, пахмурны позірк.

— Марына Леантовіч!

— Го-го-го-го! — выбухнуў сябар. — Вось гэта дык удала. Нават манаграм на насавіках мяняць не давядзецца, як сказалі б старарэжымныя божыя абдуванчыкі.

Яна глянула на яго так, што ён, як кажуць, "зашыўся". Прамармытаў нешта і адышоў.

— Пагаварылі, — усміхнуўся Ласевіч.

— А іначай, відаць, і гаварыць не варта, — суха сказала яна. — Ні з кім. Менш будзе асечак, расчараванняў, непатрэбных думак.

За сталом іх пасадзілі побач: зноў нехта пастараўся. Хаця Міколу зусім не даспадобы былі яе рэзкія, калючыя манеры і словы — ён не любіў вечна ўсім на свеце незадаволенных людзей, — дый яна, відаць па ўсім, была незадаволена гэтым суседствам. Сядзіць простая, нібы тычку з'ела, вусны падціснутыя, вочы пагардлівыя. Анічога з таго, што ён так цаніў і любіў у жанчынах: мяккасць, іранічнае какецтва, вясёлая зменлівасць, дасціпнасць і гнуткі, такі адменны жаночы розум.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.