Мужык і дзіва аднавокае

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Сказки  Детские    2009 год   Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Мужык і дзіва аднавокае ( Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч)

П'яны мужык дыбаў з радзiн у сястры. Iдзе, хiстаецца, дарога ў яго вачах знiкае, ялiны ўпрысядкi скачуць. А яму гора мала: спявае песнi. Толькi чуе раптам:

— Пачакай жа, мужык!

Аглядзеўся — што за трасца з хваробай. Анiкога. Ледзь пайшоў далей — зноў:

— Ды пачакай жа ты!

Глянуў — i бачыць: сядзiць на двух ялiнах дзiва аднавокае, гайдаецца на верхавiнах, як на сеннiку. Скокнула дзiва на зямлю i пачало перад мужыком расцi. У таго й хмель знiк:

— А што, мужык, калi б мне дзеля развагi з'есцi цябе?

Мужык трохi падумаў i кажа.

— Развага, вядома, добра, толькi давай я лепш табе раней нешта пакажу.

— Ану, — кажа дзiва.

Мужык выцягнуў крэсiва, выбiў на "грыб" цяпло, сцiснуў яго зубамi, агнём унутр i пачаў дзьмухаць. За зубамi ў яго трут цеплiцца, зубы сталi ружовымi наскрозь, i з роту дым заклубiўся.

— Бач ты, — кажа дзiва аднавокае, — вiдаць, што ты чалавек разумны. Толькi ўсё адно я цябе з'ем.

Мужык засумаваў жыватом, але няма чаго рабiць — сарвалася справа.

— А дзе ты мяне есцi думаеш? — пытае. — Я б лепей ля хаты жадаў быць з'едзеным. Тут недалёка, вярсты чатыры.

— Пайшлi, — кажа дзiва, — усё адно ўвесь азадак мохам аброс.

— Так iсцi нецiкава, — кажа мужык, — давай лепей адзiн на другiм па чарзе будзем ехаць. Ты сядай мне на шыю i датуль будзеш ехаць, пакуль усiх спеваў, якiя ведаеш, не прапяеш, а потым я табе на шыю сяду, i ты мне будзеш везцi, пакуль я ўсiх сваiх не прапяю.

— Добра, — кажа дзiва, — я першы палезу.

I з гэтым — скок яму на горб, сам цёплы, гарачы нават, як кот на прыпечку, мяккi. Вось мярзота!

Пачало дзiва аднавокае спяваць, але ж калi патрэбна нешта прыпомнiць — яно не прыйдзе ў галаву. Так i тут, не йдуць песнi на язык. Няма чаго рабiць, злез, не праехаўшы нават вярсты. А мужык, як толькi ўскочыў дзiву на горб, так i запеў усiм вядомую песню "У папа быў сабака".

Ехалi, ехалi, дзiва хвалявацца пачало, што гэта, кажа, за песня гэткая бясконцая.

— Ого, — адпавядае мужык, — калi б ты ў маё становiшча патрапiла — i не тое б заспяваў.

Агеньчыкi вёскi замiргалi. Як жа ж гэта ад дзiвы аднавокага пазбыцца, — думае мужык.

— Хопiць, прыехалi, — кажа дзiва, — абдурыў ты мяне, мужык.

— Гм, — кажа той, — а ты, дзiва, чараваць можаш?

— Эге.

— Ну дык давай мы з табой вып'ем.

Дзiва, слова не кажучы, села на мужыковую шапку, а калi ўстала — там бутэлька гарэлкi ляжала i розная страва. Выпiлi ўдвох, мужык i кажа:

— Залезцi туды зможаш?

Дзiва падскочыла — i туды "шчупачком".

А мужык коркам бутэльку запхнуў i кажа: "Ведай, як з сялянствам размаўляць, падла".

I пайшоў да вёскi, а дзiва ў бутэльцы варухаецца, каравыя лапкi выпускае, як хрушч з сернiчковай скрынкi. Мужык у вёску ўвайшоў, а ўсё прыадчынiць корак i запiхне назад лапку. А дзiва лямантуе:

— Я ўсё адно адсюль па кавалачках выдрапаюся.

I пачало сыпацца стуль кавалачкамi. Мужык давай гэтыя кавалкi лавiць i зноў на месца пiхаць. А сам мармыча:

— Вось дзiва! Вось дзiва дык дзiва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.

А ў вёсцы рух, прыбегла нейкая баба да суседкi i крычыць ёй:

— Хрысцiнка, твой мужык па вулiцы йдзе п'яны-расп'яны i на чарцей палюе.

Выглянула тая, i сапраўды бачыць такое: стаiць яе муж на вулцы, разгойдваецца, твар п'яны, вочы без усякага сэнсу.

Трымае ў руцэ пустую бутэльку, а другою нешта ў паветры ловiць i запiхвае ў рыльца, асцярожна прыадчыняючы корак. А сам мармыча:

— Вось дзiва дык дзiва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.