Кажуць балады Палесся, Што ў даўнія злыя гады У правалах танулі замкі, Цэрквы і гарады. Азёры ўставалі над шпілямі, Палі залізваў разліў, I рыбкі ў байніцы вежаў Сотняй вясёлак плылі. Але кажуць дасюль, што ў прадоннях, Над якімі бяжыць чарот, Жывы ў гарадах падводных Стары палескі народ. Жывыя яго паданні, I песня, і мовы строй У недасяжных глыбінях, Пад сіняй азёрнай вадой. Яны зберагаюць скарбы За сябе і за нас ўсіх, А мы цягнем свой крыж штодзённы, I мы забываем іх. Але дзень настае, калі раптам На світанні, нібыта праз сон, З даляў блакітных мы чуем Ціхі падводны звон. Гэта значыць, што з вежаў нябачных, Праз світанак над мокрай лазой Клічуць жывых супакутваць Званы ў прадоннях азёр: "Прыйдзіце, каб нам убачыць На беразе кветку агню. У нас замест птушак — рыбы, Багноўкі — замест ячмяню. Але мы зберагаем Сэрца. Але нашы й вашы грахі Выкупляем мы ў прорвах азёраў, Як калісьці ў пажарах ліхіх. Прыйдзіце. I словам продкаў Вады ўскалыхніце свінец, Каб ведаць, што вы — жывыя, Што мы недарэмна — на дне. Што мы недарэмна чакаем, Калі на паверхню зямлі Узрынуць, амытыя хвалямі, Белых званіц караблі. I звон залунае вясёлы, I светла ўдараць званы Над агульнымі вечнымі сёламі Нас, азёрных, і вас, зямных". . . . . . . . . . Калі захлынаецца песня, Адчаем туманіцца зор, — Клічуць душу на Палессе Званы з прадонняў азёр.