Вільнюс - часцінка майго сэрца

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Эссе  Проза    1991 год   Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

ГОРАД мой! Любоў мая да цябе зарадзiлася так даўно, што я нават не помню калi. I думаю, што буду любiць, пакуль жыву.

Я ўдзячны табе за светлыя веснавыя ранкi над Нерыс, над Вiлiяй, калi жыхары спяшаюцца да працы, за спякотныя поўднi на Росах, за золкiя кастрычнiцкiя змярканнi ў блытанiне вулак старога горада, за жоўтыя i залатыя лiстапады на Антолакi, за язычок зыркага агню — Анну, за унiверсiтэцкi квартал са Святаянскiмi мурамi, у якiх столькi ўсяго перажылi героi маiх твораў, за цiшыню музеяў i за агеньчыкi ўтульных, гасцiнных "корчмаў". I яшчэ за цiшыню тваiх архiваў, у якiх адрабiў чорт ведае колькi гадзiн.

Праходзячы па тваіх плошчах, я збіраў усё ў сваю пісьменніцкую кайстру — і кінуты кімсьці жарт, і вобраз прыгнечанага бядой чалавека, і шчаслівую, светлую ўсмешку дзіцяці, якое ляжыць у калясцы, і разумную размову са старым мастаком у ягонай майстэрні, і ўважлівы позірк бабулі, што прысела на лаўцы.

І я тут столькі набраў ружаў і шыпшыны, нікчэмнасці і высакароднасці, чалавечай сціпласці і неўвядальнай красы, што цяпер, калі б усё гэта вытрас з сваёй кайстры, стаў бы зусім бедным.

Але Вільнюс… Вільня — гэта не толькі адзін з любімых маіх пісьменніцкіх "палігонаў", да кварталаў якога я "прыстасоўваю" характары і ўчынкі сваіх герояў, ён сапраўды часцінка майго сэрца, таму што тут я дыхаў на поўныя грудзі, таму што тут я проста — жыў!

Колькі перамералі крокаў мае ногі па тваіх гарбатых тратуарах! Колькі вершаў я тут напісаў! Колькі нечаканых і цудоўных думак нарадзілася тут (горад — гэта каталізатар, які абуджае вялікія, часам парадаксальныя думкі)! Колькі падарыў ты мне нязмернай радасці і бязмежнага болю, за якія я роўна бласлаўляю цябе.

Тут спляліся культуры нашых народаў, як карані літоўскіх і беларускіх дрэў на мяжы (але хіба ёсць тая мяжа?), як плынь беларускіх і літоўскіх рэк. Непадзельная і выпакутаваная нашымі пакаленнямі гісторыя — з першых яшчэ няцвёрдых крокаў, з тых дзён, калі падужэлыя ўжо, разам рушылі на Грунвальд біць крыжакоў і там зрабілі канец іх крывавым нашэсцям, — да самых апошніх часоў.

…Мой Вільнюс, мая Вільня, хадзіў-папахадзіў я тваімі вуліцамі-вулачкамі. Але адзін дзень прынёс мне светлай тугі больш за ўсе іншыя. 10 сакавіка1964 года, калі споўнілася сто гадоў, як пакаралі смерцю Кастуся Каліноўскага, я яшчэ ў прыцемках прайшоў увесь яго шлях: ад Дамініканскіх муроў на рагу вуліц Гараліса і Гедрыса (там ён быў зняволены) да Лукішак, дзе ля сцен кляштара св. Якуба стаяла шыбеніца.

А пасля таксама пехатою пайшоў на месца, дзе хавалі павешаных (на тэрыторыі тагачаснай цытадэлі), падняўся на гару Гедыміна. Я не ведаў, дзе там ляжаць яго косці, але сеў пасядзець і бачыў, як над горадам абуджаецца ранак.

У тую раніцу ў горадзе выпала шэрань, тонкая і сыпкая, нібы цукровая пудра, галінкі дрэў пакрыліся лёгкім інеем. Сонца, узыходзячы, пазначыла ружовай фарбай верхавіны званіц, а потым перада мною раскінуўся горад — увесь пафарбаваны ў ружовы колер ад праменняў сонца і лёгкі, як хвост райскай птушкі.

Вось так я і ўшанаваў памяць Кастуся Каліноўскага. Нібы разам з Беларуссю і Літвой чакаў світання новага дня, за які так упарта — аж да смерці змагаўся ён.

Цяпер я ведаю, што шмат чаго можа прадракаць мне лёс — як і кожнаму іншаму чалавеку, — але ў маім жыцці, поўным усялякіх нечаканасцей, акрамя ўсяго іншага, быў Вільнюс, Вільня, і той ранак на гары Гедыміна.

Горад мой, ты не абнесены мурамі, але самыя лепшыя муры — сэрцы вільнюсцаў: літоўцаў, беларусаў, палякаў — усіх.

Людзей.

І маё сэрца — гэта каменьчык, пакладзены ў гэтыя муры.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.