Чароўная дудка. Прадмова да выдання Збіраючыся ў няблізкую вандроўку, апроч рэчаў побытавых чалавек іншым разам бярэ з сабою нешта для душы: пачытаць у прынагодную часіну. Гэткім спажыткам для свядомага беларуса бясспрэчна можна лічыць "Дудку беларускую" Мацея Бурачка vel Францішка Багушэвіча. Францішак Багушэвіч — наш самы яркі нацыянальны паэт XIX ст. Менавіта творчасць Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава ў адной асобе — ягоная хай сабе і невялікая (нават па мерках XIX ст.), аднак яркая літаратурная спадчына адназначна сцвердзіла: беларуская літаратура была, яна ёсць, а значыць, у яе будзе і годны працяг.