Чужая бацькаўшчына

Адамчик Вячеслав

Жанр: Современная проза  Проза    2009 год   Автор: Адамчик Вячеслав   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Чужая бацькаўшчына ( Адамчик Вячеслав)

I

Быў лiстапад, было святога Мiхала — блiзiлася пара зiмы, а ў гэты год стаяла цяпло. Павярнуўшыся з полудня, павiльгатнеў вецер, памякчэла пад нагамi зямля, i крот стаў тачыць каля пустых, ужо зацягнутых, як раскаю, дробнаю макрыцаю градаў рудаватыя сырыя замежкi. У зацiшку за хатамi, каля чорных голых яблыняў, на якiх яшчэ трымаўся дзе збуцвелы, але чырванаваты з аднаго боку яблык, вiлiся слупом, нейкiя большыя ў гэту пару, камары.

Уночы завязваўся туман, асыпаючыся наранкi iмжою: на мокрым зеленаватым галлi дрэў дрыжалi i налiвалiся, як сляза на вейках, кроплi вады. Сярод дня пазiрала белаватае сонца — туман разыходзiўся, падымаючыся жаўтаватымi, як дым ад сырога алешнiку, хмарамi. Адкрываўся свет — белаватае, выпаласканае дажджамi ржышча за вёскаю, зялёная рунь на грудку, рудая i пухкая, як выхаджанае цеста, ралля, сiвыя абымшэлыя каменнi пры чэрствай пясчанай дарозе, што выдавалi здалёк авечкамi.

Праз рэдкае галлё пруткiх дрэў у вёсцы былi вiдаць каўпакi стрэх з зялёнымi пляйстрамi сырога моху, нечы не дакрыты яшчэ жоўтым, як воск, кулём хлевушок. На прывязаным уздоўж страхi тоўстым рублi стаяў мужчына, ляпаў шырокаю стрыхалкаю, падбiваючы густую шчотку саломы.

Учуўшы цяпло ў гразкiх, без гною, хлявах, рыкалi каровы, i нехта выпускаў сваю на зрудзелы прыгумень, каб выветрылася, а потым гнаў вулiцаю да вады, забягаючы наперад, лёгка ляпаў рукою па шыi, заварочваў да рэчкi. З вёскi было вiдно, як праз голы i карычняваты, нiбы дзяркач, алешнiк блiшчыць настылым холадам вада.

Узяўшы за дзве полкi спаднiцу i пераступiўшы калючы дрот, наўпрасты праз садок, дзе мiж радкоў карчыстых яблынь ляжалi на козлах накрытыя кажухамi яловай кары шарыя калоды вулляў, да рэчкi спускалася кабета з лазовым кошыкам у руцэ, з якога выпiраўся сiняваты авечы трыбух.

У чорным лiсцi пад вiшнямi граблiся i цiўкалi, шукаючы яшчэ квактуху, цыбатыя, бясхвостыя байстручкi-кураняты, што вывелiся пад самую восень, недзе за хатаю, у дзiравым i сiвым, нiбы абсыпаным попелам, лопусе.

Вулiцаю ехала падвода — па пяску пруткiмi вяршкамi шоргаў накiданы на воз малады алешнiк. Перакiдваючы лейцы i астаючыся ззаду воза, чалавек у суконным паўшубку з рудым цялячым каўняром кiраваў каня на брукаваны надворак — на гладкiх каменнях з грукатам падскоквалi колы.

За рэчкаю смяялiся бабы, варочаючыся з маладога, жаўтлявага пад зiму, хвойнiку i несучы ў радзюжках кастрыцу — падкiнуць на подсцiл карове цi высыпаць на прызбу. Iхнi тонкi голас i смех быў доўга чуваць, нават яшчэ з надворкаў, калi яны ўвайшлi ў вёску i па адной адлучалiся ад купы, заварочваючы кожная пад сваю хату.

Людзi ўпраўлялiся да зiмы. Мянялася квадра месяца — чакалiся халады. Трымаючы пад пахаю ўкручанае ў салявы мяшок шкло, па вёсцы хадзiў шкляр. За iм бегла i гаўкала, трасучы доўгiмi вушмi, жоўтая з крываватымi лапамi сучачка. Шкляр iшоў, задраўшы голаў i высока паднiмаючы ногi, як ходзяць сляпыя, i не азiраўся. Сучачка мiнула колькi хат, пагаўкала, стоячы сярод вулiцы, i, вiнавата ўгнуўшы голаў, пабегла назад.

Вёска сцiшэла, толькi недзе далекавата, у другiм канцы яе, быў чуваць цяжкi, тупаваты грукат цапа. I раптам зноў зайшлася ад брэху i клубком выкацiлася на вулiцу аблавухая жоўтая сучачка.

У другой ад канца хаце ўжо ведалi, што ў вёску iдзе нехта чужы — пiльная сучачка нiколi не брахала на тутэйшага чалавека.

— I каго ж гэта там нясе? — не вытрывала мажная, сытая, як ялавiца, маладзiца i, стаўшы каленам на лаву, глянула ў запацелае акно.

З белаватае ад перацёртага жвiру шашы, што хавалася ў карычняватай навiсi старых, карэлых бярэзiн, на пясчаную чэрствую дарогу, у вёску, звярнулi двое мужчын. Адзiн у кароткiм белым кажусе з нявыдубленых аўчын, у чорнай, як граковае гняздо, авечай шапцы, другi — у суконным рудым паўшубку. Той, што быў у паўшубку, выдаваў высокiм i, як можна было пазнаць па лёгкай хадзе, маладым.

Мужчыны дайшлi да шарага, перакошанага ад старасцi крыжа з белым новым ручнiком, завязаным каля абразка, i завярнулi да першай, што глядзела на вулiцу адным кутным акном, хаты.

— Да Чадоў пайшлi, — зняла з лавы калена i пакруцiла на клубах спаднiцу сытая маладзiца.

— Мо швагiр з Восава? — аказалася старая, седзячы на палку, што быў замест ложка, i трымаючы растапыранымi пальцамi цяжкi клубок пражы — у кошыку на зямлi круцiўся высушаны ў печы i раз’еханы пачынак. Старая намотвала арэхавым юрком на клубок пражу. Каструбаватая нiтка суха трашчала ў юрку.

— Чужыя саўсiм людзi, — маладзiца адышлася ад акна i развязала пад барадою белую ў сiнiя валошкi хустку. — Духата, каб мы не пачадзелi, — i яна пацягнула за адзiн ражок хустку, паказаўшы пышныя, пэўна наранкi вымытыя, цёмна-русявыя валасы, скручаныя на патылiцы ў тоўстую куклу.

У хаце стаяла парная гарачыня — на стале i на лавах астывалi накрытыя чыстымi ручнiкамi гарачыя боханы хлеба. Ад iх пахла гаркаватаю падпаленаю скарынкаю i кляновым лiсцем. У хаце, густа запацеўшы, плакалi вокны — яны былi без дубэльтаў. Буйны серабрысты, як луска, пот збягаўся ў кроплi i сцякаўся па шкле на жаўтаватую нефарбованую шуфляду — на ёй ужо вымаклi чорныя палосы. Праз шырокiя вадзяныя рагi на шыбах было вiдаць, як па частаколе скача не злiнялая яшчэ, з нейкiм мокрым, як выскубеным, чубком пярэстая сарока.

— Навiну ж нейкую прынясла, — сказала старая, ссоўваючы з высокага палка худыя жоўтыя ногi, каб раскруцiць сухi асыпаны пачынак.

— Во, да нас iдуць тыя людзi, — пазяхнула маладзiца i зiрнула ў люстэрка, убачыла свой ружаваты ад гарачынi твар i асталася давольнаю.

За вокнамi доўгiм хвастом мiльганула сарока, i на другi бок хаты, зайшоўшыся ад брэху, клубком пакацiлася заядлая сучачка. Маладзiца высунула галаву з-за сцяны i ўбачыла за акном тых самых мужчын.

— I што ж гэта за людзi? — сказала яна i адступiлася ад акна.

Дзверы знадворку рыпнулi — у сенях затупалi, загаварылi.

Кабеты, сцiшыўшыся, пiльна глядзелi на дзверы. У клямцы падскочыў i дзынкнуў язычок. З цемнаты сяней паказаўся белы кароткi кажух, i ў хату ўсунулася калматая авечая шапка. Услед за старым, прыгiнаючыся, каб не зачапiцца галавою за вушак, зайшоў чарнявы, год дваццацi, хлопец з даўгаватымi, пачырванелымi ад холаду рукамi — суконны паўшубак быў яму караткаваты.

— Дзень добры вам, — сказаў старэйшы, расшпiльваючы тоўстымi вузлаватымi пальцамi кажух i адкладваючы настаўлены каўнер. Маладзейшы стаяў за iм, мусiць, саромеючыся, што вiдаць з рукавоў яго доўгiя рукi.

— Дзень добры, — азвалася старая i палажыла на прыпол свой цяжкi клубок.

— Цi патрэбны вам малацьбiтэ? — глянуўшы спярша на маладзiцу, потым на старую, спытаў мужчына ў белым кажусе.

— Чаму ж, патрэбныя, — сказала маладзiца, падсоўваючы на лаве хлеб. — Садзецеся…

— О, i нагрэцца можна, — памацаў рукою лаву i прысеў на цеплаватае вiльготнае месца старэйшы мужчына. — Садзiся, Iмполь, за пастой грошы не плоцяць, — ён падсунуўся, даючы сесцi хлопцу.

— У нас ужо i мышы добра памалацiлi, — ссунулася з ложка старая i, трымаючы на сашчэмленых руках вагкi клубок, панесла яго да печы — там ля комiна сохла яшчэ зеленаватая пража.

— Нiчога, i нам хвацiць, — сказала маладзiца, падхапiўшы пад пахi два боханы хлеба, памкнулася да дзвярэй, каб, мусiць, палажыць iх у стопцы.

Мужчыны аглядалi чужую хату: яшчэ не пабеленую, з замазанымi глiнаю пазамi, дзе выглядаў мох, з новаю, таксама яшчэ не беленаю печчу з сухiмi плямамi нiжай пячорак. Хата была без падлогi — на глiняным току было знаць круглыя ўмяцiны ад калодкi, якою трамбавалi глiну. Цi ад таго, што хата была новая i пуставатая — яна выглядала прасторнаю. Каля глухое сцяны стаяў драўляны, паточаны шашалем ложак, засланы жоўтаю ў чорныя елачкi радзюжкаю. У яго ўпiраўся шырокi дашчаны палок. Мiж акон на сцяне, спяшаючыся, цiкаў вялiкi ў драўлянай аправе гадзiннiк — на медным ланцужку вiсела алавяная гiра з iржавай (мусiць, для цяжару) шрубкай. З-за абраза на покуцi выглядалi жоўтыя чачоткi пiжмы i бурачковы таўкачык васiлькi.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.