На Куццю

Купала Янка

Жанр: Поэзия  Поэзия    Автор: Купала Янка   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

I

На небе зоры ўжо мігцяць, На полі срэбны снег іскрыцца; На бел-свет дзівы выпраўляць Пляцецца ночка-чараўніца. Глуш абнялася з цішыной I спавівае ўсё у чары, Паўзуць і сеюць шорах свой Старым парадкам цені-мары. Вылазе з цемры бледны звод, Глядзіць сліўнём на долы, горы I тут і там пускае ў ход Свае нямыя загаворы. I тут і тамка свой прыгон Распасцірае царства ночы; Салодкі сон, магільны сон Смяецца свету ўсяму ў вочы.

II

Заныла ўсё, замёрла ўсё, — Не спіць адвечнае замчышча: Там пачынаецца жыццё Ў агнёх старога папялішча. Іскрыстым, бліскатным святлом Заліты княжскія святліцы, Дружына вольная кругом Сталоў дубовых варушыцца. Золататканы абрусы З сталоў звісаюць дыванамі, На абрусах чысцей расы Віно красуецца каўшамі. Духі мінуўшчыны куццю На старасвецкі лад спраўляюць. Даўно бываламу жыццю Дары належныя складаюць.

III

На беласнежны на пасад Усходзе князь, усходзе княжна, За імі слуг пачэсны рад Стаіць задумліва, суважна. Агні брыльянтаў, як зарніц, Зіяюць з княжацкай кароны, — Краса б'е з князеўных зраніц, Як бліск маланак развуглёны. Звярнулі вочы ўсе ў іх бок, Прымоўклі гоманы дружыны; Ўсіх званых зблізку і здалёк Саколім вокам князь акінуў. Бярэ коўш соладка віна, П'е за дружыну маладую, I княжна з князем п'е да дна; Князь гутарку павёў такую.

IV

«Адзін, адзін раз толькі ў год Збірацца можам з ласкі року, Каб год іржавы карагод Зганяць з мінуўшчыны далёкай. Нас не кранулі косы змен: Царым мы ў дум жывых гэйнале, Хоць на падмурках гэтых сцен Другія наш пасад занялі. Багі другія верх бяруць, Суды вядуць над нашым краем, Свяцільні ж нашы не замруць, Што ў сэрцах вольных рассвятляем. Прашу паклікаці ганцоў I месца даці ім па чэсці: Ад нашых стоптаных капцоў Якія нам прыносяць весці?..»

V

Закончыў князь, махнуў рукой; Уходзяць тры ганцы ў святліцу, Ідуць суважнаю ступой I князю й княжне пакланіцца. А першы гэткі светлы быў, Як небам сланыя праменні: Ў руцэ меў светач, што на здзіў Усе усюды зводзіў цені. А быў другі і з ног і з рук, Як гром з жывымі перунамі: Ў руцэ меў стрэл жалезных пук I лук стальны меў за плячамі. А трэці быў і раб і цар, I слаб і дуж ва ўсякім дзеле, Як вечнасць, молад быў і стар; Меў гуслі — на грудзях віселі.

VI

I першы князю гэткі сказ I княжне скажа міласцівай: «Я абышоў іх тройчы раз I відзеў, што яшчэ ўсе жывы. А толькі ўсё той самы лад: З вачэй не зняты йшчэ павязкі, Ці йдуць уперад ці назад, Відны сляды цямрычнай ласкі. А як ішоў між іх з святлом, Яны пачулі, ах, пачулі: Сляпым замораныя сном, Худыя рукі ўвысь цягнулі. За мною ўсцяж, і тут і там, Іх вусны бледныя шапталі: «Аддайце сонца наша нам! Нашто схавалі-расхапалі?»

VII

Другі за першым князю сказ I княжне скажа міласцівай: «Я абышоў іх тройчы раз I відзеў, што яны ўсе жывы. А топчуць толькі ўсе той след, Валочаць ёрмы за сабою; Ці ўбачыць корч, ці ўбачыць цвет, Адною жаляцца слязою. А як чапнуў стралой аб лук, Яны скрануліся ў прасонні, I столькі, столькі крэпкіх рук К маёй паціснулася броні. За мною ўсцяж, і тут і там, Іх вусны бледныя шапталі: «Аддайце славу нашу нам! Нашто схавалі-расхапалі?»

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.