Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Жанр: Историческая проза  Проза  Роман    1995 год   Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц ( Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч)

Кніга першая

Выйсце крыніц

Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана;

А ўраннi: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае.

Крывадушнiкi! аблiчча неба распазнаць

умееце, а знаменiй часу не можаце?

…Мацея, XVI

I

Груша цвiла апошнi год.

Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кiпела, млела i раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы i распасцiрала ў яго ззяннi маленькiя, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная i свежая, так утрапёна спрачалiся ў яе ружовым раi пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу i не будзе канца.

I, аднак, надыходзiла яе апошняя часiна.

Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў.

…За грушай канчаўся Кагутоў надзел. Год сорак таму назад стаяла яшчэ за дрэвам чорная лазня. Але ў адну з начэй, зусiм знянацку, Дняпро ўхапiў яе — нават бервяна не паспелi вылавiць. Так, пэўна, i сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе напаўгалодныя мяшчане i трэскi не прапускалi.

Новую лазню стары Данiла Кагут вывеў сажняў за сто ад берага, куды вышэй за ўласную хату. Нявесткi скардзiлiся: пакуль нацягаеш вады — рукi адвальваюцца. Данiла слухаў iх i бурчаў у ласкава-з'едлівыя, залацiстыя тады яшчэ вусы:

— Абы мой вацок [1] з грашыма не адвалiўся. Рук — не купляць…

І гнаў сыноў, каб памаглi бабам прынесцi балеi дзве-тры.

Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзiны. Сыны па дурным новым звычаi аддзялiлiся, з бацькам застаўся толькi старэйшы, Мiхал, з жонкаю ды шасцёра iхнiх дзяцей: пяць сыноў i дачка-мезенiца. Пойдуць сем "мужыкоў" у першую пару, дык месца — хоць сабак ганяй, i ад гэтай прасторы халодна.

I ўсё ж старой лазнi нiхто не шкадаваў. Разам з лазняй сплыла чорная гiсторыя.

Было гэта праз некалькi год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад "Кароны". Данiла быў тады яшчэ падлетак, адзiны сын у бацькi, адзiны ўнук у дзеда. Як насланнё нейкае было. За тры пакаленнi халера двойчы выкасiла Азярышча. Кагутам пашанцавала. Хоць па адным мужыку засталося на завод.

Астатнiя паўмiралi. Не памагло i тое, што Раман, Данiлаў дзед, лiчыўся ведзьмаком. I ён нiчога не мог зрабiць, пэўна таму, што справа была новая. Нават самыя старыя не чулi ад дзядоў пра халеру.

Хто не ўцёк у лес — тым было дрэнна. А Раману з сынам, Маркам, не дазволiў уцячы пан. Даў стрэльбу i загадаў застацца у пустой вёсцы, каб не парабавалi сялянскага набытку лiхiя людзi. Стрэльбы, бадай, i не варта было даваць. Ад халеры стрэльбай не адаб'ешся, а лiхiя людзi баялiся Рамана з яго славай горш як стрэльбы.

Пэўна, Раман не быў бы Раманам, каб не знайшоў сродак. Ён i адпаiў сына рэзкiм бярозавым квасам. Не аддаў смерцi. Але астатнiх не паспеў.

Халера сышла. Забылi i пра яе. Аў Кагутовай хаце так i жылi стары, вялiкi ды малы.

I вось тут i здарылася. У адну з цёмных лiстападаўскiх начэй Марка забiў бацьку ў лазнi. Запароў старога вiламi.

Акiм Загорскi, стары азярышчанскi пан, пачуўшы, за галаву схапiўся. Чаго ж тады чакаць ад чалавека, калi ён на забойства бацькi iдзе? Што ж гэта робiцца? Цi бiблейскiя часы вяртаюцца, цi апошнiя надыходзяць? А як ён дваццаць год нязменна хадзiў у ганаровых суддзях, i да раздзелу i пасля, у губернскiм земскiм судзе, то намерыўся ўпячы злачынцу, адкуль i крумкач костак не прыносiў, балазе цяпер абшары былі нямераныя i нават Сiбiр сваёю была. Схапiлi Марку — добра? У ланцугах ён — добра! Хутчэй яго, вылюдка, у Сухадол, на судовую сесiю.

А потым узяў Акiма роздум. I не тое каб пан цяпер апраўдаў забойцу. Ён задумваўся: як магло здарыцца, якая выгада была пайсцi на такое любаму, ад смерцi бацькам уратаванаму, сыну, адзiнаму спадкаемцу? I, галоўнае, здзiўляла Загорскага тое, што нiхто з аднавяскоўцаў i словам, i мiргам нават не асудзiў Марку. Быццам так i трэба было.

Акiм Загорскi ведаў сiлу абставiн. I ведаў: да самай глыбiнi чалавечай душы i таго, што прымусiла яе зрабiць тое цi iншае, не дакапаецца нiколi нiводзiн суд. Не на тое людзi суды выдумалi. Суд — гэта расправа. I гаспадары кожнага суда хочуць толькі, каб расправа была хуткая i не вельмi дарагая.

I таму ён аднойчы ноччу з'явiўся у вязнiцу скасаванага за непатрэбнасцю замка. Замак быў двухпавярховы, з сутарэннямi. У вежах новая ўлада размясцiла правiянцкiя склады, а сутарэннi так i заеталiся вязнiцай.

Думаў Акiм Загорскi, што пабачыць слiмака, раздушанага цяжарам уласнай вiны, а ўбачыў чалавека, якi нават не хавае вачэй.

— Можа, не твая правiна? — сумеўся Загорскi. — Можа, нехта другi?..

— Мая правiна, — сказаў Марка. — Мая рука зрабiла, мне i адказваць.

— Дык што ж ты тады святым прыкiдваешся?! — ускiпеў пан. — У сабакi вочы пазычыў?!

— Вы не крычыце на мяне, — зусiм не па-мужыцку, з гонарам, сказаў закуты. — Нада мною зямнога суда няма. Мяне апраметная чакае. Я душу сваю навек загубiў, i мне ўжо з агню нiколi не выйсцi…

Загорскi так нiчога i не дабiўся, пайшоў. I пачаў распытваць у другiх, пераважна ў сваiх жа азярышчанскiх сялян. Доўга нiчога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала. У Акiма валасы ўсталi дыбарам.

Нездарма нябожчыка Рамана лiчылi за ведзьмака. Сам Акiм Загорскi такому глупству, вядома, не верыў, але яны, яны ж усё верылi. Ды i як было не верыць, калi Раман лячыў травамі скурапею [2] i скулы, упраўляў звiхi, выводзiў цяменнiк, браў на рукi дзяцей з пярэпалахам i глядзеў iм у вочы, i дзецям адразу рабiлася лягчэй.

А такiя справы без нячыстай сiлы, вядома, не робяцца. I кожнаму нават самаму разумнаму варажбiту, нават таму, хто не ўжываў сваёй сiлы на злое, даводзiцца пасля смерцi расплачвацца.

Прыходзiць такi час, і вядзьмак павiнен залезцi у падпечча, лепей за ўсё ў лазнi. I менавiта так аддаць д'яблу душу. Там i павiнен быў Раман зводзiць з д'яблам апошнюю рахубу. I побач з iм абавязкова мусiў быць сын.

Яны i пайшлi ў лазню ўдвух, калi стары адчуў наблiжэнне смерцi.

Стары залез у падпечча i доўгi час гаварыў нешта. Мо ўспамiнаў жыццё, а мо трызнiў. Потым апрытомнеў i працягнуў руку, каб сын дапамог яму выбрацца. I вось тут настала самая страшная хвiлiна. Усiм вядома, калi сын возьме бацькаву руку — уся вядзьмарская сiла пяройдзе да яго. А з сiлаю — смерць у падпеччы i тое, што пасля яе. Марка ведаў: ён не можа гэтага. Супраць гэтага было жыццё i словы, якiя ён кожную нядзелю чуў у царкве. Каб жа гэта яшчэ ратавала ад пекла душу старога. Але тэта не ратавала, гэта толькi абяцала пекла яшчэ i яму, Марку, не сёння, дык праз колькi год.

I ён не ўзяў рукi, хоць i ведаў, калi не возьме, бацька будзе пакутаваць у падпеччы асаблiва доўга: ноч, дзве, магчыма, нават тры.

Ён сядзеў над старым амаль да ранiцы. I той увесь час стагнаў i ўсё часцей i часцей пачынаў нема крычаць. А Марка сядзеў над iм i плакаў ад жалю.

Перад свiтаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабiць, пагражала яму, Марку, апраметнай i вечнымі пакутамi, але ж за адну хвiлiну рабiла бацькаву душу вольнай ад кiпцюроў нячыстага.

Усе ведалi, што пакутнiцкая смерць, ды яшчэ ад рукi блiзкага, адразу нiшчыць уладу цёмнай сiлы. А хто ж блiжэй Раману, як не ён? Няпiсаны закон загадвае яму даканаць бацьку, каб той не пакутаваў тут i не пакутаваў там. Што ж, ён зробiць гэта. I няхай будзе кепска яму. Марку застанецца радасць, што бацьку добра, i гордасць, што ён зрабiў правiльна.

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.