Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Лагерлёф Сэльма

Жанр: Классическая проза  Проза    1997 год   Автор: Лагерлёф Сэльма   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать

I

Ведаю, што жылі ў даўніну на свеце людзі, якія не зналі страху. Чула я і пра такіх, якія лічылі забавай прайсціся па першым тонкім лёдзе. І не было для іх большай радасці, як скакаць на неаб'езджаным кані. Так, былі сярод іх і такія, што не пагрэбавалі б згуляць у карты з самім юнкерам Алегордам, хоць загадзя ведалі, што гуляе ён мечанымі картамі і таму заўсёды выйграе. Ведала я і некалькі бясстрашных душ, што не пабаяліся б адправіцца ў дарогу ў пятніцу ці сесці за абедзенны стол, накрыты на трынаццаць персон. І ўсё ж сумняваюся, ці хапіла б у каго-небудзь з іх духу надзець на палец жахлівы пярсцёнак, які належаў старому генералу з маёнтка Хедэбю.

Гэта быў той самы стары генерал, які здабыў Лёвеншольдам і імя, і маёнтак, і дваранскую годнасць. І да таго часу, пакуль маёнтак Хедэбю заставаўся ў руках Лёвеншольдаў, яго партрэт вісеў у параднай гасцінай на верхнім паверсе паміж вокнамі. Гэта была вялікая карціна, якая займала ўвесь прасценак ад падлогі да столі. Здалёку здавалася, нібы гэта Карл XII [1] уласнай персонай, быццам гэта ён стаіць тут у сінім мундзіры, у вялікіх пальчатках з замшавай скуры, упарта падпіраючы вялізнымі батфортамі стракатую, шахматнай клеткай, падлогу. Але падышоўшы бліжэй, вы бачылі, што намаляваны быў чалавек зусім іншага роду.

Над каўняром мундзіра ўзвышалася магутная і грубая мужыцкая галава; здавалася, чалавек на партрэце народжаны, каб араць зямлю да канца сваіх дзён. Але пры ўсёй сваёй агіднасці чалавек гэты быў з выгляду разумны, і верны, і слаўны. Калі б ён з'явіўся на свет у нашы дні, то мог бы стаць сама меней прысяжным засядацелем у павятовым судзе, а то і старшынёй муніцыпалітэта. Ды, хто ведае, магчыма, ён і ў рыксдагу б засядаў [2] . Але паколькі жыў ён у часы вялікага, доблеснага караля, то адправіўся на вайну; туды пайшоў бедным салдатам, а вярнуўся дамоў славутым генералам Лёвеншольдам; і за верную службу атрымаў ва ўзнагароду ад казны маёнтак у прыходзе Бру.

Адным словам, чым даўжэй вы разглядвалі партрэт, тым больш прыміраліся з абліччам генерала. Здавалася, вы пачыналі разумець — сапраўды такія і былі яны, тыя самыя воіны, што пад кіраўніцтвам караля Карла XII праклалі яму шлях у Польшчу і Расею [3] . Яго суправаджалі не толькі шукальнікі прыгод і прыдворныя кавалеры, але і такія простыя і адданыя людзі, як гэты вось чалавек на партрэце. Яны любілі караля, мяркуючы, што дзеля яго варта і жыць і памерці.

Калі вы разглядвалі вобразатвор старога генерала, побач заўсёды аказваўся хто-небудзь з Лёвеншольдаў, каб заўважыць незнарок: гэта, маўляў, зусім не прыкмета ганарыстасці ў генерала, што ён зняў пальчатку з левай рукі, каб мастак адлюстраваў на партрэце вялікі пярсцёнак з пячаткай, які стары Лёвеншольд насіў на ўказальным пальцы. Пярсцёнак гэты дараваны быў яму каралём, а для яго на свеце існаваў толькі адзін-адзінюсенькі кароль. І пярсцёнак быў адлюстраваны разам з генералам на партрэце, каб засведчыць, што Бенгт Лёвеншольд застаўся верны Карлу XII. Бо нямала давялося яму выслухаць злосных нагавораў на свайго ўладара [4] ! Адважваліся нават запэўніваць, быццам неразумнасцю сваёй і самавольствам ён давёў краіну ледзь не да пагібелі; але генерал усё роўна заставаўся заўзятым прыхільнікам караля. Бо кароль Карл быў для яго чалавекам, роўнага якому не ведаў свет! І таму, хто быў блізкі да яго, давялося даведацца, што ёсць на свеце нешта такое, што намнога прыгажэйшае і вышэйшае за людскую славу і поспехі і дзеля чаго варта змагацца.

Якраз гэтак жа як Бенгт Лёвеншольд пажадаў, каб пярсцёнак быў адлюстраваны разам з ім на партрэце, пажадаў ён узяць яго з сабой і ў магілу. І тут справа была зусім не ў ганарыстасці. У яго і ў думках не было выхваляцца тым, што ён носіць на пальцы пярсцёнак вялікага караля, калі з'явіцца перад госпадам Богам і мноствам Яго архангелаў. Хутчэй за ўсё ён спадзяваўся, што як толькі ўвойдзе ў тую залу, дзе сядзіць акружаны сваімі ўдалымі рубакамі Карл XII, пярсцёнак паслужыць яму апазнавальным знакам. Так што і пасля смерці яму давядзецца быць блізка ад таго чалавека, якому служыў і пакланяўся ўсё сваё жыццё.

Такім чынам, калі труну генерала апусцілі ў каменны склеп, які ён загадаў узвесці для сябе на могільніку ў Бру, пярсцёнак усё яшчэ красаваўся на ўказальным пальцы ягонай левай рукі. Сярод тых, хто праводзіў генерала ў апошні шлях, знайшлося нямала такіх, хто пашкадаваў, што гэты скарб знікне разам з нябожчыкам у магіле, бо пярсцёнак генерала быў амаль такі ж слаўны і вядомы, як ён сам. Казалі, нібы золата ў ім столькі, што хапіла б купіць цэлы маёнтак і што пунсовы сердалік з выгравіраванымі на ім ініцыяламі караля каштаваў не менш. І ўсе лічылі, што генералавы сыны заслугоўваюць самай глыбокай павагі за тое, што не пярэчылі бацькоўскай волі і пакінулі гэту дарагую рэч з ім.

Калі пярсцёнак генерала і на самай справе быў такі, якім ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмі нязграбная штучка, якую ў цяперашнія часы наўрад ці пажадаў бы хто насіць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмі высока цаніўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожанні і посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкім выключэннем здаваць у казну, што даводзілася змагацца з Гёртцавымі далерамі і з дзяржаўным банкруцтвам [5] і што для многіх золата было чымсьці такім, аб чым яны ведалі толькі па чутках і чаго ніколі ў вочы не бачылі. Так і здарылася, што ў народзе не маглі забыць пра залаты пярсцёнак, які быў пакладзены ў труну без усякай карысці для людзей. Многія былі гатовы лічыць нават несправядлівым, што ён ляжаў там. Яго нельга было прадаць за вялікія грошы ў чужыя краіны і здабыць хлеб таму, каму не было чым харчавацца, апрача як сечанай саломай і драўлянай карой.

Але хоць многія і жадалі завалодаць гэтай вялікай каштоўнасцю, не знайшлося нікога, хто б сапраўды падумваў прысвоіць яе. Пярсцёнак так і ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкімі каменнымі плітамі, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; і думалі, што так ён і застанецца там да сканчэння вякоў.

II

У сакавіку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькі месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмістра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, які жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалі яе ў нядзелю, адразу пасля службы, і ўсе малельшчыкі прама з царквы пайшлі за пахавальным шэсцем і праводзілі нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамільнай грабніцы, дзе абедзве вялізныя магільныя пліты былі зрушаны на самы край. У скляпенні пад плітамі муляр зрабіў пралом, каб маленькую труну мёртвага дзіцяці можна было паставіць побач з дзядулінай.

Пакуль прыхаджане, якія сабраліся каля склепа, слухалі надмагільнае слова, мабыць, сёй-той і ўспомніў аб каралеўскім пярсцёнку і пашкадаваў, што вось ляжыць ён, маўляў, схаваны ў магіле без усякай карысці і радасці.

А магчыма, сёй-той і шапнуў суседу, што цяпер не так ужо і цяжка дабрацца да пярсцёнка: бо да заўтрашняга дня склеп наўрад ці замуруюць.

Сярод тых, каго трывожылі такія думкі, быў і нейкі селянін з сядзібы Маламстуга ў Ольсбю. Звалі яго Борд Бордсан. Ён быў зусім не з тых, хто гараваў бы да сівых валасоў з-за пярсцёнка. Наадварот, калі хто-небудзь пачынаў размову пра пярсцёнак, Борд звычайна казаў: што ў яго, маўляў, і так добрая сядзіба і яму няма чаго зайздросціць генералу, калі б ён забраў з сабой у магілу хоць цэлы шэфель [6] золата.

І вось цяпер, стоячы на могільніку, Борд Бордсан, як і многія іншыя, падумаў: «Дзіўна, што склеп застанецца адкрытым». Але не абрадаваўся гэтаму, а занепакоіўся. «Ротмістру, бадай, патрэбна б загадаць, каб склеп замуравалі сягоння ж пасля паўдня, — падумаў ён. — Знойдуцца такія, каму захочацца дабрацца да пярсцёнка».

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.