Разьвітаньне з Танталам

Алесь Аркуш

Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Разьвітаньне з Танталам ( Алесь Аркуш)

Алесь Аркуш

РАЗЬВІТАНЬНЕ З ТАНТАЛАМ

Вершы

Саломінка пострамантызму

1.

Рака пад ледзяным панцырам. Адсутнасьць руху й глыбіні. Адсутнасьць рэакцыі на дзеяньне, адсутнасьць адкрытых жыцьцёвых праяваў. Нібыта жывая – нібыта мёртвая, нібыта слова – нібыта маўчаньне, нібыта рака – нібыта поле. Стан чаканьня, або летаргічнага сну – ён часовы. Набліжаецца разьняваленьне. Наплывае новая вада. Процідзеяньне ёй толькі павялічвае вонкавы ціск. Не. Гэта хутчэй унутраны ціск.

Нельга знайсьці нейкую асобную праяву, ад якой залежыць нарастаньне ціску. Усё знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з усім. КРЫГАХОД – непазьбежнае наканаваньне. Новая вада ўзрывае мёртвую абалонку. Адкрываецца глыбіня, узьнікае рух.

Крыгаход – чарговая зьмена якасьці.

Чарговы крыгаход. Кожны раз здаецца, што новы – гэткі ж як і папярэдні. Аднак – не. Кожны раз ён іншы, эвалюцыйна іншы. Але нават калі б яны й былі заўжды аднолькавымі, усё адно ты мусіш успрымаць іх адрозна, з вышыні свайго нарастаючага досьведу.

Крыгаход – гэта заўсёды небясьпека, выпрабаваньне.

2.

Ты на ільдзіне. Навокал усё варожае, агрэсыўнае, хцівае. Ты патрапіў у крыгаход. Спалучэньне наканаванага, асабістага, рэлятыўнага. Вандроўка-выпрабаваньне. Няма сэнсу камусьці даводзіць свае перакананьні, свой погляд на рэчаіснасьць. Наўсьцяж рэтраспэктыўны рэалізм, падсьвядомыя дзеяньні (інстынкт самазахаваньня), мімікрыя экстрэмальнай умовы. Толькі прадчуваньне небясьпекі й актыўныя процідзеяньні ратуюць – аксыёма выпрабаваньня – у цяжкіх абставінах. Ты ня маеш вопыту кіраваньня ільдзінай (увогуле – ці існуе ён?), але інстынктыўна мадулюеш ягонае галоўнае правіла – слухай сябе, вер у сябе, спадзявайся на сябе. Увесь папярэдні вопыт набыў легкаважнасьць паветранага балёніка. І ты адчуваеш – недзе побач лунае дух ПОСТРАМАНТЫЗМУ. Ты не супраціўляешся яму й ён вольна пранікае ў цябе, дыфузыўна запаўняючы ўсю тваю сутнасьць. Пострамантызм пачынае прысутнічаць у тваіх словах, учынках, думках, крыві. Хто паклікаў яго? Крыгаход? Твая небясьпечная сытуацыя? Але ж якая карысьць ад яго на імклівай, хісткай ільдзіне? У кожнага чалавека бывае свой крыгаход на сваёй рацэ. Ці на кожнага ў гэткіх абставінах зыходзіць пострамантызм?

Напэўна, ты заўсёды быў схільны да рамантызму, і пострамантызм быў тваім наканаваньнем, як нараджэньне, як гэты крыгаход. Ты заўжды цікавіўся выключна сабой. Сусьвет пакідаў адбітак у тваім уяўленьні й ты вывучаў яго, усьведамляючы, што вывучаеш самога сябе. Што з таго, што тваё ўяўленьне недакладнае раўнюткае люстра, што твая трохвымерная прастора скажае сусьвет горш, чым рачныя хвалі – адбіткі аблокаў у вадзе. Галоўнае – працэс пазнаваньня. Ці зьяўляецца шкодным засвойваньне памылковых ведаў? І ці зьяўляюцца яны памылковымі для цябе, якога трохвымяровая прастора моцна трымае ў сваіх абдымках?

Вось вам і спажыўная глеба для пострамантызму. Няма пэўнай дакладнасьці ўспрыманьня сьвету. Няма эталёну. І жадаемае часам успрымаецца за рэчаіснае. Але ж дзе тое рэчаіснае? Хто яго бачыў? І ўвогуле, ці магчыма яго пабачыць? Пострамантызм у такіх варунках натуральная зьява. Ён выпраменьвае аптымізм, або, прынамсі, імкнецца да яго. Ягонай падвалінай зьяўляецца этычны й маральны вопыт (бо ён стваральны). Пострамантызм адмаўляе, не ўспрымае, ігнаруе розную брыдоту, бо, зноў такі, ягоная сутнасьць – стваральная.

Магчыма, твой пострамантызм – спадчынная праява. Гэта як пошук цыцкі для дзіцёнка. Усе спадчынныя праявы спрыяюць імкненьню захаваць жыцьцё. Яны найбольш яскрава сьведчаць аб сваёй прысутнасьці пры небясьпечных варунках. Вось і зараз ты на сьлізкай, каварнай ільдзіне нясесься чорт ведама куды. Ты ў небясьпецы. Таму й марыш пра цёплую вопратку, спажыўную ежу, утульнае, надзейнае жытло. А яшчэ – пра шчасьлівы канец, сваю сьмеласьць і спрыт, чароўную дапамогу. Зразумела, гэта ўяўная саломінка, але як часта менавіта яна й ратуе ў безвыходных становішчах.

3.

І вось ты ўжо ўяўляеш, што каварная ільдзіна – Ноеў каўчэг, а імклівая плынь ракі – ратуючая сіла. Што наперадзе новае жыцьцё са сваёю новаю пэрспэктывай. Аднак пострамантызм – не калыханка. Бо трэба даплысьці, перамагчы, выжыць. Галоўны станоўчы яго досьвед – шлях мае пэрспэктыву (няхай сабе ён і безальтэрнатыўны, дадзены прымусам абставінаў). І ты пачынаеш дзеіць, актыўна спрыяеш зьдзяйсьпеньню свайго пострамантычнага ўяўленьня.

Тут можа ўзьнікнуць аналёгія з пагоняй за міражнымі аазісамі. Здаецца, мэты ў гэтых выпадках аднолькавыя – дамагчыся пэўных уласных выгод. А калі разгледзець больш рупліва... У першым выпадку пострамантызм дапамагае пераадоліць жыцьцёвую дадзенасьць, напоўніць сэнсам непазьбежныя дзеяньні, наканаванасьць. У другім выпадку – покліч аазісаў нашэптвае адчай або спакуса. Ні адчай, ні спакуса ня маюць ніякага дачыненьня да пострамантызму. Яны далёкія ад стваральнасьці, тым больш ад этыкі і маралі.

4.

Пострамантызм – Апазыцыянэр зь вялікай літары. Ён дакладна адчувае хлусьню, няшчырасьць і скнарнасьць. Ён зьявіўся як пратэст (пратэстант) супраць навалы чалавечай хцівасьці, генэруючы інстынктыўныя захады, якія мусяць ратаваць асобу ад дэструктыўнага ўзьдзеяньня сацыяльнага зла.

Зло гэтае дзеіць толькі на паверхні, тут ягоная прастора й ягоныя ахвяры, тут яно стварае сваю парафію. Адно глыбіня недаступная злу. У ёй адсутнічае сэнс існаваньня нэгатыўных чалавечых праяваў. Пострамантызм дапамагае імкнуцца ў глыбіню, у бясконцасьць, у космас. Ён ратуе чалавечыя душы й пры гэтым не пазбаўляе людзей жыцьцёвай актыўнасьці, стваральнага імкненьня. Духоўнае пачынае валадарыць. Ня розум, а менавіта духоўнае, якое сынтэзуе ў сабе як асабовыя чалавечыя, так і агульныя касьмічныя чыньнікі.

Пострамантызм у вадрозьненьне ад папярэдніх рамантызмаў не зьбіраецца нікога нікуды клікаць, а тым больш прапаноўваць пэўныя жыцьцёвыя рэцэпты, нікога ні ў чым не абвінавачвае. Ён не зьвяртаецца да масаў і нават да канкрэтнай асобы – хутчэй да самога сябе.

Я – сьвет, я – космас – паўтарае пострамантызм.

5.

Усё мае свае карані, свае вытокі. Кожнае дзеяньне пакідае пасьля сябе вынік. Новая вада вызваліць раку ад лёду й гэтым наблізіць чарговае “аледзяненьне”, якое, у сваю чаргу, паспрыяе набліжэньню новага (іншага) крыгаходу.

У Афрыцы ёсць рака Ніл. Яна ня ведае крыгаходаў. Няўжо нашыя ўмовы лякальныя? Ніл ніколі ня быў пад ледзяным панцырам, але ж і ягоны спакой пэрыядычна парушае новая вада. Іншая парадыгма?

Твой пострамантызм – Дзьвіна. Яна цячэ праз твой сьвет і нясе сваю ваду далей – у сусьвет.

Пострамантызм пэрманэнтны й ня толькі ты вінен у ягоным зьяўленьні. Інсьпераваць яго немагчыма.

Пострамантызм – не ідэалізацыя герояў, іх інтарэсаў і пачуцьцяў. Пострамантызм гэтак жа далёк ад рамантызму, як рэалізм – ад сацыялістычнага рэалізму, як перашабытны чалавек – ад сучаснага. Пры гэткай значнай эвалюцыі не застаецца практычна нічога агульнага.

Пострамантызм – гэта пачатак чагосьці зусім новага, а ягоны шлях – НОНКАНФАРМІЗМ.

Студзень, 1994 г.

Спроба ідэнтыфікацыі

* * *

Ці захінаюць гмахі

Суседзяў сваіх — дрэвы,

Калі распаводзяць жахі

Бязьлітасныя залевы?

СЬПЯРША

(з часін таталітарызму)

Асфальтавы заводзік –

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.