Notice: Undefined index: author_name2 in /home/romanbook/romanbook.ru/www/scripts/book/book_view.php on line 51

Notice: Undefined index: author_name2 in /home/romanbook/romanbook.ru/www/scripts/book/book_view.php on line 52

Notice: Undefined index: author_name2 in /home/romanbook/romanbook.ru/www/scripts/book/book_view.php on line 53

Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

Лучына Янка

Жанр: Поэзия  Поэзия    2003 год   Автор: Лучына Янка   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
Паляўнічыя акварэлькі з Палесся (Лучына Янка )
Автор: Лучына Янка 
Жанр: Поэзия  Поэзия   
Серия:  
Страниц: 
Год: 2003 

I. Замест уступу

«Цікава, мой панічу, што ў жыцці настане? — Вёў мову Грышка, як прылёг быў на паляне, Дзе адпачыць спыніліся стральцы ў бары. — Мо не да ладу я кажу, мо ўжо стары? Што змена часу дасць нам, страты ці прыбыткі? Выходзіць, пане, як у бабкі-варажбіткі. Спрачацца не хачу, заўвага ж ёсць адна: Я, не раўнуючы, як той кравец з сукна, Вам лёгка з кожнага тутэйшага нязломка Двух выкраю мешчанчукоў ды меры ёмкай. А хіба ліха нашу чэлядзь, дабрадзей, Не гладзіць гэтак, як барсук сваіх дзяцей? Го! го!.. каб злыбеды зубоў не вышчаралі, З асілкамі-дубамі люд бы раўнавалі. Вось! — блізка беручы, на пана паглядзеў: І цьфу! — аж падступае злосць, паніч схуднеў, Запалі шчокі, не пазнаць людзіны з места! А як пашастаем па лесе мы сумесна, Дасць Бог, за восень пан паправіцца ў мяне, Пакуль зноў жыць на лад мястовы не зачне. Ды, мой панічу, праз паўгода быць вам потым, Нібыта той камар, што хворы на сухоты». — «Шчыруе той, хто мусіць». — «Думкі мне адны Спакою не даюць: хай спаляць перуны Хвалёны гэты лад і новыя парадкі!.. Чыгунку пракладацьмуць тут і даастатку Павысякаюць Ляды Чорныя, сюды Збярэцца набрыдзь, купай з'едуцца жыды, Каб зыскі выдзіраць усюды зграяй цэлай Да Князя, возера, ад Машукоў і Цэпры, Спусцее Паграбішча, пойдзе ўсё на звод, І ў Муты схоча ліпкі на прыбыткі зброд, Сок высмакчуць увесь, нібы кляшчы, з зямелькі, Прастоту ўрэшце высмее прыблуда нейкі, Да ніткі абскубуць… Як рады дасць жыхар, Што ў Чорных Лядах меў усё як гаспадар, Калі за венік нават, што цяпер дармовы, Плаціць з кішэні будзе!.. А кантракту ўмовы, Калі падпіша?.. Год ад году — і канец, Не толькі знікне звер у нас, але й глушэц. А прыйдзе час, што й качкі не пабачаць людзі, Што на драздоў і дзятлаў ставіць сеткі будзем, Цьфу!» — гэтак правіў Грышка погляд просты свой. Аблічча, постаць, а таксама світкі крой Яскрава сведчылі, што ён дзіця прыроды, Палесся сын і спадкаемец варты, годны, Выхоўвалі яго імшарыны, чарот, Віры і плыні, душагубкі, што з калод. Спрачацца з Грышкам цяжка, лоб яго закуты На дыспуты, на спосаб новы і нячуты. Ляпей узважма, скідку робячы прытым, Ці ёсць хоць частка праўды ў поглядзе старым? Ідзе да люду поступ, хай ідуць і людзі, Гудок фабрычны кліча, паравозы будзяць, Свет белы абягае тэлеграф ганцом, Развеяў цемру Томас Эдысан святлом. Што ўбачым, цяжка праракаць, як ад навукі Дужэць, спрытнець у чалавека будуць рукі! Пад ногі поступ падабраў вякі, падспод, Усё, што адпадзе, асуджана на звод. Пратэставаць дарэмна і навошта збочваць, Бо людзі кажуць: «Жыць і карыстаць мы хочам!» На акіяне хвалі марна люцяць бой: Іх топча карабель, з іх пена за кармой. Што небасяжных гораў тоўшча значыць будзе, Калі тунэлі іх наскрозь прабілі грудзі? Які ты ў нашым часе, о палескі край, З адменаю тваёй, куды ні завітай, Дзе гожасць дзікае прыроды — ад пачатку, Дзе памяткі князёў, тых Рурыка нашчадкаў, Што ў стэп на полаўцаў збіралі вояў раць, На дзіды тураў колісь сілу мелі браць? Ты край глухі, твае аблогі векавыя Плуг поступу ўзарэ пад нівы залатыя. Вы, мшары й пушчы, знікнеце, як марны сон! Звядзецца звычай, зменіцца стары закон, І ўсё, што слушна да мінуўшчыны належыць, Памрэ павольным сконам зубра ў Белавежы. Паверма, шчасце заквітнее на зямлі, Шумець там жыту, дзе балоты век былі. Палескай простай грамады нашчадкі ў хатах За стол шырокі сядуць у бяседзе братняй, Нарэшце скажуць: шчасце — ява нашых мар! Паверма!.. хоць і Шапенгаўэр скрывіць твар. Вось колькі абразкоў, сабраных у прастоты На полі, сенажаці, ў пушчы, на балотах, Каму сама прырода твор складае свой З найцікавейшым зместам, з моваю жывой, Каму і рыфмы (што цяпер выходзяць з моды) Не замінаюць і не чыняць перашкоды. Хто мае за людзей усіх палешукоў, Таму не збрыдзее змест гэтых абразкоў. Мы з праўдаю не размінуліся ў прысудзе, Што гэтак ёсць, што так было, ды так не будзе.

Алфавит

Интересное

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.