У дрымучых лясах

Бядуля Змітрок

Жанр: Биографии и мемуары  Документальная литература  Повесть  Проза    2006 год   Автор: Бядуля Змітрок   
Закладки
Размер шрифта
A   A+   A++
Cкачать
Читать
У дрымучых лясах ( Бядуля Змітрок)

Паўвека таму назад

Навакол, куды ні глянеш, шумелі лясы.

З аднаго боку высіліся бронзавыя хваіны, з другога боку гарызонт быў заслонены разнастайнай лісцяніцай. Калі над зубчатымі грэбнямі лясоў разгульвалі вятры, хаты маленькага мястэчка Пасадзец былі аглушаны гулам лясоў, нібы шумам своеасаблівых вадаспадаў.

Звінелі шыбы акон. У комінах вятры свісталі, вылі, галасілі, рагаталі. Дарослыя людзі глядзелі ў вокны, ківалі галовамі, гаварылі аб сухавеях, якія прагульваліся тут дзесяткі год таму назад. Быў тады сухмень. Прапаў ураджай. Людзі гінулі з голаду, нібы мухі.

На мяне гэтыя гутаркі наганялі страх. Бабуля гаварыла, што ў лясах і балотах чэрці вяселле спраўляюць — ад іх і вецер. Калі б трапіць на полі ў самую крутню ветру, што ўзнімае лісце і пыл і круціць на адным месцы, нібы ў паветраным віры, ды кінуць туды нож, гартаваны тры разы і апушчаны ў ваду тры разы, — нож трапіць у чорта. На нажы будзе кроў. Калі гэтай крывёй вымажаш лоб, станеш невідзімкай.

Ужо, калі я вучыўся ў школе, я аднаго разу прабаваў так зрабіць, але кроў не паказалася. Я быў упэўнены, што няправільна падрыхтаваў нож для такой важнай справы. А мне так хацелася зрабіцца невідзімкай, каб уцячы са школы…

Навакольныя вёскі бадай злучаліся з мястэчкам у адно. Зімою пад вокнамі вылі ваўкі. Яны часта падкапваліся пад хлявы і душылі авечак. Па лясах гаспадарылі мядзведзі. Наладжваліся аблавы. Прыязджалі паляўнічыя з усяго павета. На такіх аблавах бывалі і чалавечыя ахвяры. Не ад звера гінуў чалавек, але ад кулі неасцярожнага стральца.

. . . . . . . . . .

Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства.

Я хворы на коклюш. Мяне душыць кашаль. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Яна таропіцца ў мяне з пакутай і спалохам у вачах. Я кашляю так цяжка, што часта трачу прытомнасць. Кожны раз прачынаюся ад дажджу. Гэта маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар.

Я зрабіўся капрызным, злым. Усё раблю мацеры наперакор. Калі маці дае мне есці — я не ем. Есці прашу ўночы, і маці грэе мне на трыножніку кашку. Свавольнічаю і шкоджу ў хаце, колькі мне хочацца. А няхай маці спрабуе на мяне крычаць і злавацца, я тады наўмысле пачынаю кашляць і траціць прытомнасць. Я так налаўчыўся, што магу страціць прытомнасць, калі мне толькі ўздумаецца.

Я тыраню маці ўдзень і ўночы. Мой кашаль — мая пякельная сіла, якая бароніць мяне ад маіх злоўчынкаў. З-за майго кашлю маці пакутуе больш за мяне. Яна заве мяне не па імені, а «нядоляй»:

— Нядоля мая, ідзі есці!

— Нядоля мая, ідзі спаць!

— Нядоля мая, не хадзі да рэчкі!

Я прывык да гэтага слова і зусім спакойна на яго адклікаюся.

Маці задумала лячыць мяне. Яна ўзяла мяне за руку і вядзе да бабулі Евы. Я хістаюся ад слабасці. Галава ходырам ходзіць. Вось-вось упаду. Я стагну працягла і жаласліва, як дзед. Я малю і прашу:

— На рукі… На рукі…

— Ой, нядоля ты мая… — кажа маці і бярэ мяне на рукі.

Хатка Евы маленькая, бы скрынка. Па ўсіх шчылінах закураных сцен тырчаць пучкі сушаных траў і кветак. І твар Евы нагадвае сушаную бульбіну. Пахне дымам і рознымі кветкамі. Я пачынаю кашляць мацней. Ева доўга шэпча нада мной нейкія словы. Нарэшце яна робіць гнеўныя вочы і кажа мне ў самы твар:

— Цьфу! Цьфу! Цьфу!

Гэта яна выганяе з мяне «нячыстую сілу». Потым дае мацеры пачку чабора і ліповага цвету. Дома маці заварвае зёлкі і поіць мяне.

Евіны зёлкі не памагаюць.

— Хадзем, нядоля мая, да Карпухі! Можа, ён паможа…

Маці бярэ мяне на рукі, а мне дае трымаць бутэльку малака. Мы выпраўляемся. Лясная дарога. Яркі летні дзень. Кукуе зязюля. Журчыць па каменнях рачулка. Мяне палохае вялізны чорны корч. Я думаю, што гэта мядзведзь. Заплюшчваю вочы і прытвараюся спячым. Цяпер ніякіх мядзведзяў не баюся. Мы падыходзім да аброслай мохам зямлянкі. Тут жыве калматы, чорны ад сажы чалавек. Яго завуць Карпуха. Мы апускаемся ў яго паўзмрочную бярлогу. Маці падае яму бутэльку малака. Ён вылівае малако ў свой брудны жбанок і ў бутэльку налівае вады, якая ад астаткаў малака становіцца мутнай. Ён нешта шапоча над бутэлькай, апавядае ёй свой сакрэт.

Дома маці поіць мяне, сваю нядолю, скісшай каламуццю з бутэлькі. Яшчэ больш пачынаю кашляць.

Маці з «нядоляй» на руках зноў у лесе. Яна часта ставіць мяне на зямлю і рукавом выцірае свой твар, з якога пот цурком льецца.

Маці глядзіць на мяне злым вокам.

— Ці не наўмысне ты, нядоля мая, кашляеш і траціш прытомнасць? — пытаецца яна. — Ці ж можа быць, каб ні Еўка, ні Карпуха не маглі цябе вылечыць? Знаю цябе… Ты, мабыць, гэта робіш мне наперакор… Ты ж мяне са свету звядзеш… Ой, гора маё… Ой, ліха маё…

Да ранейшай нядолі прыбавілася цяпер і гора і ліха. Я палохаюся не на жарт і кажу ад усёй шчырасці сэрца:

— Дальбог, маці, не прытвараюся. Я вельмі баюся… Не пакідай мяне аднаго ў лесе… Мяне з'ядуць ваўкі.

Я пачынаю горка плакаць. Я ў сэрцы каюся, што дома свавольнічаў і часта наўмысне кашляў.

— Ды што ты, сынок мой… Што ты, родны… Ты ж глупства пляцеш. Я ж цябе ніколі не пакіну. Ніколі!

Яна туліць мяне да сябе і плача разам са мною. Бярэ мяне на рукі і нясе далей. Яна доўга ўсхліпвае…

Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Я думаю, што яны шэпчуць замову супроць майго кашлю. Па шурпатых дрэвах цячэ жывіца. Я ўпэўнены, што гэта дрэвы плачуць над горам маёй маткі. Мне становіцца шкада яе. Яна так пакутуе, гаротная, з-за мяне, з-за майго кашлю. Пастараюся больш ніколі не кашляць. Нават, калі захочацца кашляць, я сцісну зубы так моцна, што задушу свой кашаль. Задушу, як гадзюку. Мне гэты спосаб лячэння пачынае падабацца. Стрымаю свой кашаль, не выпушчу яго з рота. Але ў гэтую ж хвіліну я так закашляўся, што прыйшлося мне пакінуць на ўзвей-вецер такое цікавае адкрыццё ў медыцыне…

Пасля дзвюх гадзін хадзьбы і адпачынкаў мы набліжаемся да татарскага хутара. На нас нападаюць вялізныя, як ваўкі, сабакі. Я войкаю ад страху. Чорны, як сажа, хударлявы дзяцюк адганяе сабак. Мы ўваходзім у багатую чыстую хату татарына Мунькі. У яго чорныя вочы, сівая барада і чырвоная ярмолка на голенай галаве. На ім доўгі паркалёвы ў палоскі халат. Такі цікавы выгляд чалавека ўнушае давер'е. Пачынаю верыць, што ён мяне вылечыць.

Маці падрабязна апавядае Муньку пра маю хваробу. Ён цярпліва слухае і ківае галавой. Пры гэтым ён адрэзвае лустку хлеба, намазвае на яе тонкі слой масла, раскрывае на стале тоўстую кнігу ў скураным пераплёце і доўга перагортвае лісты, пільна шукаючы нешта вачыма. Урэшце дастае з халата іголку і пачынае перапісваць іголкай на масле нейкія значкі з кнігі.

Дома я глытаў мудрасці татарскай кнігі «Кітаб» на хлебе з маслам. Не дапамог і «Кітаб».

Паўгода я быў матчынай нядоляй: кашляў, кашляў і кашляў.

. . . . . . . . . .

Маці збірае шчаўе ля бярэзніка. Я лаўлю матылькоў і стракоз. Пахне канюшынай, падасінавікамі і рознымі палявымі кветкамі. Балюча кусаюцца авадні. Самая касьба і ўборка сена. Тут жа блізка накладваюць сена на вазы. Мужчыны, жанчыны і падлеткі працуюць граблямі. Побач за лазовымі кустамі працуюць з граблямі ў руках нашы суседзі — стрыечныя браты Іосель і Гірша. Яны ціха перагіркваюцца. Бачу, як чырванеюць іх твары і вочы наліваюцца злосцю. З кожнай хвілінай іх галасы становяцца больш гучнымі і гнеўнымі.

— Мая мяжа! — кажа адзін.

— Мая мяжа! — кажа другі.

Слова «мяжа» мяняе інтанацыю. Ад лірычнага тону спачатку яно набывае ўрэшце музыку грымот. Гірша з Іоселем пераходзяць ад слоў да ўзаемнай спробы грабель на родных спінах. Граблі не вытрымліваюць — друзгаюцца на кавалкі. Тады яны мяняюць граблі на кулакі. Крывавяць адзін аднаму насы і качаюцца па зямлі, моцна абняўшыся. У бойку ўмешваюцца іх жонкі і дзеці. Сям'я Іоселя малоціць граблямі Гіршу. Гадунцы Гіршы лупцуюць граблямі Іоселя. Часам пры такім імпэце дзеці хвошчуць роднага бацьку. Тактыка бітвы ў Іоселя і Гіршы адна і тая самая. Сілы таксама аднолькавыя. Крыкі, лаянкі, плач, лямант. Прыпеўка адна:

Алфавит

Предложения

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.