ДРАЎЛЯНЫ ДЗЯДОК І КАБЕТА ІНСЕКТА Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа. Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць. Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць адпачыць з дарогі да наступнага дня.