На вуліцы Сэн-Анарэ месціўся невялікі дамок, у якім з ласкі Людовіка XIV і маркізы дэ Мэнтэнон жыла Мадлен дэ Скюдэры, вядомая сваімі выкшталцонымі вершамі. Аднае позняе ночы — была восень 1680 году — нехта рэзка і моцна пагрукаў у дзверы гэтага дома, так што гучнае рэха прайшло па калідоры. Батыст, які быў у маленькай гаспадарцы кухарам, лёкаем і швейцарам у адной асобе, паехаў з дазволу гаспадыні за горад, на вяселле сваёй сястры, таму сталася так, што ў цэлым доме яшчэ не спала толькі пакаёўка Марціньер. Яна пачула паўторныя ўдары, ёй прыйшло на памяць, што Батыст з’ехаў і яны з мадэмуазэль засталіся ў доме адны без якой-кольвечы аховы, прыгадаліся ўсе злачынствы кшталту рабаўніцтва, крадзяжу і забойства, якія толькі калі-небудзь здзяйснялі ў Парыжы. Яна яскрава ўявіла, што цэлы натоўп латрыгаў, ведаючы пра самотнасць гэтага дома, шалее там звонку і прагне трапіць усярэдзіну, каб учыніць нешта благое супраць яе гаспадыні. Таму Марціньер засталася ў сваім пакоі, дрыжучы, вагаючыся і праклінаючы Батыста разам з вяселлем ягонай сястры. Тым часам грукат не сціхаў, і ёй здалося, што паміж ударамі нейкі голас гукае: «Ну адчыніце ж нарэшце дзеля Хрыста, толькі адчыніце!» Урэшце Марціньер, адчуваючы ўсё большы страх, схапіла падсвечнік і выскачыла ў калідор; там яна зусім выразна пачула голас начнога госця: «Дзеля Хрыста, адчыніце ж!»