Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Автор: Быкаў Васіль 
Жанр: Советская классическая проза, Проза 
Серия:  
Страниц: 98 
Год: 2006 
Круглянскі мост 1 Прачнуўся Сцёпка на золку. Абудзілі яго галасы — блізкая гамана людзей, смех, ранішні курэцкі кашаль, бразгат кацялкоў. Яшчэ не зусім асіліўшы ў сабе дрымоту, хлопец зразумеў, што гэта ішлі на сняданак — побач, у алешнічку, была сцяжынка да недалёкае кухні, пах дыму ад якой даўно ўжо даносіўся да яго лаўжа. Сцёпкаў галодны нюх некалькі разоў лавіў спакушальны пах смажанага, і тады Сцяпан нават у сне адчуваў згаладнелую знямогу ва ўсім целе. Але пра яду ён тут жа і забыўся. Разам з абуджэннем на хлопца хлынула плойма самых непрыемных думак і адчуванняў — учарашняе абрынулася ўсё адразу, і ён з тужлівай самотай адзначыў гэты пераход з санлявага забыцця ў надта турботны, нярадасны цяпер для яго свет. Болей ужо не заснуў. Свядомасць яго была цалкам ва ўладзе трывогі, на некалькі гадзін прыпыненай сном; зноў пацягнулася чаканне, у канцы якога, аднак, не прадбачылася нічога добрага. Сцёпка паварушыў галавой: шыя па-ранейшаму — не моцна, а неяк дакучліва-тупа — балела; скулы, здаецца, нарывалі ўсё болей; адна, разбітая ўчора, мабыць, падсохла і, скранутая цяпер, азвалася вострым болем. Было балюча варухнуць плячом, і ён пакутна паморшчыўся, думаючы, што скуллё, якое нядаўна яшчэ атручвала яму жыццё, цяпер не болей чым дробязь.

Интересное

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.