Канёк-гарбунок

Ершов Пётр Павлович

Канёк-гарбунок
Автор: Ершов Пётр Павлович 
Жанр: Сказки, Детские 
Серия:  
Страниц: 
Год:  
Пётар Яршоў Канёк-гарбунок Частка першая. Пачынаем баяць казку За гарамі, за лясамі, За шырокімі марамі У сяле жыў-быў адзін Стараваты селянін. Тры сыны былі ў старога, Большы розуму меў многа, Быў сярэдні сяк і так, Меншы - дурань ці прастак. Разам сеялі пшаніцу І вывозілі ў сталіцу, Бо ад горада сяло Як рукой дастаць было. Там пшаніцу прадавалі, Трохі грошай выручалі, Палічыўшы шмат разоў, Кіраваліся дамоў. Ды заўважылі аднойчы - Стаў прыходзіць нехта ўночы І ўчыняць з пшаніцы здзек. Ды страшэнны - мо за век Не зазналі горшай шкоды. Шкоднік хто? З такой нягоды Сталі думаць, меркаваць, Як падгледзець, як пазнаць. Дакумекалі, што варта Выстаўляць у полі варту. Кожны па чарзе ўначы Будзе поле сцерагчы. Толькі пачало змяркацца, Стаў старэйшы брат збірацца. «Дзе сякера? Дзе сахор?» - І пайшоў у свой дазор. Непагадзь якраз настала, На яго жуда напала. З віламі наперавес У гумно на сена ўзлез. І прахроп там да світанку! Развіднела - ён да ганку. На сябе вядро вады Шух! - і грукае тады. «Гэй вы, сонныя цяцеры! Адчыняйце брату дзверы! Як сабака, сёння змок З галавы да самых ног». Ну, браты ўпусцілі брата. «Дык расказвай... Як там варта? - Падступаюць да яго. - Ці не бачыў ты каго?» Вартавы наш памаліўся, На два бокі пакланіўся, Кашлянуў ён і сказаў: «Я ўсю ноч, браткі, не спаў. Бура з громам бушавала. Так ліло! Не дождж - навала! Я ж трымаўся да канца, Хоць і вымак да рубца, Ды паводзіўся харобра, І ўсё скончылася добра». Бацька сына пахваліў: «Ты, Даніла... Каб я жыў!.. Паказаў ты двум астатнім Добры прыклад, прыклад братні. Каб, як той казаў, у час Быў вось гэткім кожны з вас». Толькі пачало змяркацца, Стаў Гаўрыла ўжо збірацца. Ён сякеру ўзяў, сахор І пайшоў у свой дазор. Ноч халодная настала. Службу ён пачаў нядбала, Бо як выйшаў за сяло, Трэсці хлопца пачало. Дзёру даў назад хлапчына І пад плотам у дзяўчыны Да світанку прахадзіў, Потым хлопцаў разбудзіў: «Гэй вы, соні! Уставайце, Брату дзверы адчыняйце! Ноччу страшны быў мароз, Да пячонак я прамёрз». Дзверы брату адчынілі, У цяпло яго ўпусцілі. «Дык расказвай жа хутчэй, Хто пшаніцу нам таўчэ!» Вартавы перахрысціўся, На два бокі пакланіўся, Неахвотна працадзіў: «Я ўсю ночку прахадзіў... Не прысеў ні на хвілінку: Холад! Бегаў без спачынку, Нібы той у жыце драч... Не шанцуе мне, хоць плач. А ў пшаніцы было ціха, Абмінула сёння ліха». Бацька сына пахваліў, І Гаўрылу сон зваліў. Пачало ўжо зноў змяркацца, Трэба меншаму збірацца. «А Іван падзеўся дзе?» Ваня ж вухам не вядзе. Шум у хаце стаў вялікі, Сварка, лаянка і крыкі. Ваня ў цёпленькім кутку Спіну гладзіць вуркатку, З печы песні распявае, Пра сваю чаргу не дбае. Бацька з ласкай падышоў: «Дам гароху і бабкоў! Павартуй схадзі ў ахвоту, Хіба ж цяжкая работа?» Злез Іван нарэшце з печы, Малахай [1] уздзеў на плечы. Хлеб за пазуху кладзе, У паход-дазор ідзе. Вось і месяц узыходзіць, Поле наш Іван абходзіць. Азіраецца кругом І садзіцца пад кустом: Чэрствы хлеб грызе са смакам, Лічыць зоркі - драбней маку! Заіржаў у поўнач конь, Ваня глянуў пад далонь. Што такое? Мо памылка? Не! Чароўная кабылка! Белая, як свежы снег, Тут знайшла сабе начлег. Не кабыла - проста дзіва, Грыва - золата, не грыва. «Вось хто топча... Ай-яй-яй!.. Хто б падумаць мог... Чакай! Гэта ўжо зусім не жарты. Дакажу, чаго я варты! Падбяруся і цішком Ёй адпомшчу за пагром!» Да кабылкі падбягае, За даўжэзны хвост хапае, І на спіну спрытна - скок, Толькі тварам не ў той бок. А кабылка падбрыкнула, Шыю, як змяя, сагнула, Потым стала дубала І памчала, як страла, Круг за кругам над палямі, Завісала над равамі. А як трэсла па гарах, Самы большы меў ён страх. Ды Іван не паддаваўся І за хвост мацней трымаўся. Вось апошні ўжо віток, І галоп шалёны, скок Замарудзіла і стала. «Ну, Іван, - яму сказала, - Я звалюся хутка з ног. Раз на мне ўтрымацца змог, Так і быць, валодай мною. Толькі месца для спакою Мне знайдзі і даглядай, І тры дні гуляць пускай. Гэтак хочацца на волі Паскакаць па чыстым полі! А як скончацца тры дні, Два народзяцца кані. Гэткіх коней ты не бачыў. Дый ніхто! Яшчэ ў прыдачу Я малога нараджу... Будзе ён не прыгажун - Той канёк з двума гарбамі Ды з аршыннымі вушамі. Калі хочаш, тых прадай, А канька не аддавай Ні за пояс, ні за шапку, Ці якую, можа, бабку. На зямлі і пад зямлёй Ён таварыш будзе твой; Ён зімой цябе сагрэе, Летам ветрыкам абвее, Хлебам зможа накарміць, Смагу мёдам дасць запіць. І тады я зноў на полі Набяруся сілы-волі». «Добра, - думае Іван. - Пастуховы вунь будан». Там кабылку зачыняе, А зарніца ўжо іграе, Наступае новы дзень. Вартавы ў сяло ідзе І спявае - глухнуць вушы: «Эх, хадзіў-гуляў Ванюша!» Учыніў на ганку гром - Захістаўся нават дом. Пачала страха ўжо ехаць - Не да жартаў, не да смеху. Крык падняў на ўвесь базар, Быццам дзесь гарыць пажар. І браты з перапалоху Нарабілі «ахаў», «охаў»: «Ці не грукае баран?» - «Гэта я, ваш брат Іван!» Дзверы ў хату адчынілі, Дурня Ваню прапусцілі. На яго злуюць, крычаць: «Як насмеліўся пужаць?!» А Іван не распранаўся, Як стаяў, на печ падаўся. І адтуль пачаў расказ, Як у полі бавіў час, І пра ўсякія прыгоды, Дзівы, шкоды, невыгоды. «Я цалюсенькую ноч Не заплюшчыў нават воч. Аж да саменькага золку Ўсё лічыў на небе зоркі. Толькі месяц узышоў, Нехта сунецца - шорх, шорх... Д'ябал з мордаю кацечай! Вочы - зыркі вугаль з печы. Вусы ёсць і барада, Вы не бачылі - шкада. І пачаў той чорт падскокваць, Капытамі ўсё вытоптваць, Бегаць порстка напралом, Малаціць дабро хвастом. Не люблю я жартаў, сварак, Скокнуў я яму на карак. Ён цягаў мяне, цягаў, Голаў ледзь мне не сарваў. Ды сядзеў я, нібы ўшыты. Бачу: потам чорт абліты, Бачу: вываліў язык, Чую голас чортаў, крык: «Не звядзі Іван са свету! Цэлы год табе за гэта Абяцаю ціха жыць, Праваслаўных не муціць». Я, як дурань той, паверыў, Між вушамі больш не перыў». Тут расказчык пазяхнуў, Лёг на бок і ўраз заснуў. А браты не сердавалі, Толькі доўга рагаталі. «Ну й прыдумаў! Ну й дурны! Мо пра гэта бачыў сны?» І стары не мог стрымацца, Каб да слёз не пасмяяцца. Праўда, дзеду гэты смех Мо залічыцца як грэх. Многа дзён, а можа, мала З гэтай ночы прамільгала, Можа, больш за год праплыў, Я ніколі не лічыў. Хай бягуць і дні, і годы, Нас жа хай вядуць прыгоды. Казка хай далей ідзе, Хоць дабру быць, хоць бядзе. Ну дык вось... Сынок Даніла (Свята ў дзень той гаманіла) Выпіў нейкі дурнап'ян І забрыў у той будан. Бачыць цуд ён, бачыць дзівы - Коней двух залатагрывых. Каля іх канёк стаяў І паціхеньку іржаў. Смешны быў - з двума гарбамі І аршыннымі вушамі. «Го! Дык вось чаго Іван Бегаў спаць сюды ў будан!» - Кажа сам сабе Даніла. Хмель прапаў у здаравілы, Прыпусціўся ён бягом У стары бацькоўскі дом. «Эй, Гаўрыла! Ну і дзіва! Коней двух залатагрывых Дурань наш сабе дастаў І да часу прыхаваў!» І Даніла ды Гаўрыла Прыпусціліся штосілы Крапівою басанож, Быццам хочуць выйграць грош. Шмат разоў ляцелі потырч, Ледзь не выпаралі вочы, Гузакі і тут, і там. Адчыняюць той будан... Коні стукалі, іржалі, Вочы, нібы яхант, ззялі. З золата навіты хвост Аж струменіў на памост. Капыты былі з алмазаў, З перламі, як па заказу. На тых конях толькі цар, Іх краіны валадар, Мог сядзець. Лупілі б вочы Аж да самай да паўночы, Ды старэйшы брат сказаў: «Дзе наш дурань іх дастаў? Не даецца скарб спрадвеку Ў рукі проста чалавеку. Хоць ілбом сцяну прабі - Двух рублёў не зарабіць. Дурню ж скарб даецца скора. Возьмем коней-непакораў І ў сталіцу на кірмаш: Коні тут - і ўжо нямаш! Грошы ж роўненька падзелім. Эх, хутчэй прыйшла б нядзеля! Пагуляем, як паны. А Іван хай б'е ў званы, Толькі лопне, а не знойдзе, Коні дзе і дзе той злодзей». Рагатнуў сярэдні брат: «Пойдуць коні нарасхват!» І браты па добрай згодзе Абняліся ў асалодзе, Быццам грошы ўжо злічылі. Лбы сабе перахрысцілі І вярнуліся дамоў, Размаўляючы пра схоў, Пра тых коней незвычайных, Пра канька, пра Ваньку, тайну. А тым часам дні ідуць, Працы - не перадыхнуць! Вось нядзелі ўжо зарніца, Трэба ехаць у сталіцу, Каб тавар там свой прадаць Ды старанна распытаць, Мо з купцамі ўжо прыйшлі Па палотны караблі? А мо едзе цар Салтан Заняволіць хрысціян? У дадатак да малення Ў бацькі просяць блаславення. Коней вывелі тайком І паехалі цішком. Вечар ціха падбіраўся, На начлег Іван сабраўся. Вось па вуліцы ідзе, Хлеб жуе, пад нос гудзе. Дурню добра так ішлося, Вось і поле разляглося. Бачыць пастушкоў будан, З подскакам зайшоў, як пан. Што такое? А дзе коні? Тут стаялі, добра помніць! Толькі цацка-гарбунок Круціцца ў яго ля ног, Радасна стрыжэ вушамі, Дробна тупае нагамі. Абапёрся на будан І заплакаў наш Іван: «Ой вы, коні, мае коні! Вас пагналі за тры гоні. Як любіў, сябры, я вас! Як паіў-карміў у час! Каб ён здох, сабака злодзей, Покуль сонца сёння зойдзе! А як здохне, каб і там Быў слугою ўсім чарцям! Ой вы, коні, мае коні! Цяжка мне без вас сягоння...» Тут канёк малы заржаў. «Не тужы, Іван, - сказаў, - Бо тваё мінецца гора, Можа, нават вельмі скора. Кінь чарцей пад тры чарты! Коней выкралі браты. Балбатаць нашто пустое, Хутка будзеш у спакоі. На мяне хутчэй сядай, Вушы ў рукі - і трымай! Абганю каня любога, Нават чорта мо самога. Толькі трэба мне разгон», - Суцяшаў Івана ён. На зямлю канёк лажыцца, На канька Іван садзіцца. Сціснуў вушы яго так, Як зрабіць мог ён, прастак. Гарбунок канёк ахвоча На чатыры ножкі ўскочыў, Пад Іванаў гучны спеў, Як страла, ён узляцеў. Пыл пад імі толькі віўся І віхурамі насіўся. Не паспеў міргнуць разок, Як братоў нагнаў яздок. Нарабіў перапалоху - Колькі «ахаў» было, «охаў»! А Іван іх стаў «хрысціць»: «Вам не сорам будзе жыць? Абхітрыць мяне хацелі? Ці за дурня Ваню мелі? Я не ўкраў - сумленне ёсць, А сумленне ў вас - як госць!» «Ты даруй нам, брат Іваша, - Брат старэйшы гэтак кажа. - Вельмі ж горкае жыццё, Толькі ўстанеш - за выццё. Шмат пшаніцай засяваем, Толькі што з таго мы маем? Пан аброкі з нас бярэ, Спраўнік штрафамі дзярэ. Як агорне жаль-нудота, Хоць бяры скачы ў балота. Мы з Гаўрылам тую ноч Не заплюшчылі і воч, Доўга думалі-гадалі... Толькі коней мы не кралі. Каб лепш гора гараваць, Мы рашылі іх прадаць. Не сяло там, а сталіца, Там тавару - заваліцца. А як грошы будзем мець, Хай не золата, а медзь, То й табе, як кажуць людзі, У аддзяку нешта будзе. Што хацеў бы ты купіць, Каб ля дзевак пафарсіць? Скажам, шапку купім, боты Адмысловае работы. Ты ж наш самы лепшы брат! А пакуль ідзе не ў лад... Бацька ж - бачыў? - заняможыў, Працаваць ужо не можа... Ты ж разумны чалавек, Трэба ж неяк жыць свой век...» - «Што ж, прадайце... - Ваня кажа, - Раз рашылі - воля ваша. Толькі як жа без мяне? Гэтак шчасце вас міне!» І браты сказалі з жалем: «З намі едзь! Мы запрашаем!» А ўжо стала вечарэць І паветра халаднець. Каб з дарогі ім не збіцца, Парашылі прыпыніцца. Коней завярнулі ў лес Пад яловых лап навес. Там іх моцна прывязалі, Хто што меў, яду дасталі, Кроплю нейкую ўзялі І палеглі на зямлі. А Даніла раптам бачыць: Штосьці - блісь... Што гэта значыць? На Гаўрылу ён зірнуў, Левым вокам падміргнуў, Кашлянуў яшчэ шматзначна, Паказаў агонь ледзь бачны; І патыліцу паскроб, Пахрысціў прышчавы лоб. «Цёмна... Месяц не ўзыходзіць. Нам агеньчык не зашкодзіць, Начаваць было б лягчэй, Ноч прайшла б куды хутчэй. Але стойце! Мне здаецца, Што дымок вунь светлы ўецца... Ды дальбог жа! Так і ёсць... Моцна бліскае там штось. Ванька, дружа-непаседа, Ты ж бы злётаў і разведаў! Крэмень недзе я згубіў Ды і крэсіва забыў». Сам жа думае Даніла: «Каб цябе там прыдушыла!» А Гаўрыла прашаптаў, На агеньчык паказаў: «Мо разбойнікі начуюць? Ваньку схопяць, закатуюць». Не пачуў Іван яго: «Пагляджу пайду агонь!» Ах, канёчак-гарбуночак, Ты гатовы ўдзень і ўночы Несці Ваньку на сабе, З тропу чорт сам не саб'е. Міг - і ён без стомы-зморы Ўзвіўся, як страла, угору. Свішча, гікае Іван, А канёк - як ураган. Захрысціўся брат Гаўрыла: «Мо нячыстая ў ім сіла?» А святло зырчэй, зырчэй, Гарбунок усё бліжэй. Як удзень, відно ўсё ў полі. Прыпыніліся паволі... «Што тут можа гэтак ззяць? Тут святла на шапак пяць, - Наш Іван даецца дзіву: - Будзе розуму спажыва! - Ні цяпла, ні дыму тут... Вось праява! Вось дык цуд! Можа, чорт расклаў агонь?» - Ванька выставіў далонь. «Стой! - сказаў канёк на вушка: - Бач - ляжыць пяро Жар-птушкі. Ты не ўздумай яго браць, Давядзецца гараваць! Многа-многа неспакою Прынясе яно з сабою». «Скажаш ты... - бурчыць Іван. - Хочаш дурня ўвесці ў зман?» З лапця выцягнуў анучу, Стаў пяро Жар-птушкі ўкручваць. Спрытна ў шапку прыхаваў, Да братоў канька пагнаў. «Бачыў, - кажа, - пень гарэлы, Але цалкам не сатлелы. Там адзін вугельчык тлеў, Дык я дзьмуў - ледзь не самлеў. Думаў, лопну ад натуті, Гнуць лягчэй, здаецца, дугі. Думаў, выйдзе з мяне дух. Не раздзьмуў... Агонь патух». Два браты ўсю ноч не спалі, З хлопца-дурня рагаталі. Ваня ж брык пад воз, як сноп, І да раніцы прахроп. Паўставалі рана-рана, Паднялі з каньком Івана... Вось і горад... Конны рад Супраць каменных палат. А ў сталіцы гэткі звычай: Як не скажа гараднічы, То не можна прадаваць, Як не можна і купляць. Час абедні наступае, Гараднічы выязджае. Туфлі. Шапка з барсука. Тупат-цокат рысака. Сотня варты і вяшчальнік, Важны, нібы ён начальнік, Трубіць голасна ў трубу І крычыць на ўсю губу: «Госці [2] , крамы адчыняйце, Прадавайце і купляйце! А наглядчыкам сядзець Каля крамаў і глядзець, Каб усё ішло парадкам, Ціха, мірна, згодна, гладка, Бо як змогуць ашукаць - Ветру ў полі йдзі шукаць!» Госці лаўкі адчыняюць, Люд хрышчоны заклікаюць: «Падыходзьце ўсе сюды - У гандлёвыя рады! Калі ласка, тары-бары, Ёсць усякія тавары! Ёсць кітайка і атлас, Закупляйце ўсё ў запас! Людцы добрыя, панове! Рады будзеце абнове!» Пакупцы аж валам пруць, У купцоў тавар бяруць. Тыя грошы лічаць, лічаць, Пакупцам здароўя зычаць. А той соценны атрад Прыязджае ў конны рад. Бачаць столькі тут народу - Не прабіцца да ўваходу! Людзі проста аж кішаць, І рагочуць, і крычаць. Гараднічы задзівіўся: Бач, народ развесяліўся! Даў атраду ён загад Расчышчаць дарогу ў рад. «Басаногія вы чэрці! - Вусачы крычаць. - Да смерці Можам тут вас засячы!» - І пусцілі ў ход бічы. Тут народ заварушыўся Шапкі зняў і расступіўся. Бачыць коннай сотні раць: Побач два кані стаяць. Маладыя, вараныя, Грывы ўюцца залатыя. Гараднічы аж знямеў, Потым кажа нараспеў, Вочы лупячы на грывы: «Многа ў свеце ўсякіх дзіваў. Я шмат ездзіў і хадзіў, А такіх не бачыў дзіў!» І атрад увесь здзівіўся, Расступіўся, расхіліўся. Гараднічы злез далоў, Коней ціха абышоў. Загадаў: «Каб не куплялі, Рот на іх не разяўлялі! Паскачу я да двара З навіною для цара». Частку кінуў ён атрада І паехаў для даклада. «Бацька цар, памілуй нас! - І прыцішыў голас-бас, Пузам гэпнуў шчыра вобзем - Мо цара пакорай возьме? - Гаварыць мне загадай, За дзярзоту не карай!» Цар якраз быў у гуморы: «Ой, як доўга ты гаворыш!» - «Як умею, раскажу. Гараднічым я служу... Справу я раблю сумленна». - «Чулі гэта. Несумненна!» - «Сёння я падняў атрад, Каб наведаць конны рад. Прыязджаю... А наро-о-оду! Не прабіцца да ўваходу. Што рабіць? Я загадаў Плёткай гнаць, хто замінаў. Разагналі... Што ж я бачу? Нават цяжка растлумачыць. Конны рад... І два кані... Ды такія - як агні! Маладыя, вараныя, Грывы льюцца залатыя, Спрэс з алмазаў капыты, А па іх, па самым краі, Перлы ціхім бляскам граюць. Падхапіўся з трона цар: «Гэта проста боскі дар! Гэй! Падаць хутчэй карэту! Сам у конны рад паеду! Я лічу, мне гэткі цуд Мець загадвае статут!» Слугі ўраз цара сабралі І карэту падагналі. Стаў за ёй стральцоў атрад... Вось і ён, той конны рад. На калені людзі ўпалі, «Слава!» - бацьку закрычалі. Цар раскланяўся і сам Вылез з горам папалам. Ледзь не кінула ў гарачку, Як тых коней двух убачыў. Справа, злева абышоў, Маладзеючы душой. Са шчаслівай, добрай мінай Грывы гладзіў, лашчыў спіны... Коні - воч не адарваць, Аж гатовы цалаваць. Жарабцы дык жарабцы... «Гэй вы, хлопцы-малайцы! Гаспадар хто? Як пабачыць?» Ванька скеміў: «Нешта значу, Раз са мной гаворыць цар, Я не мошка, не камар!» Важна ўперад выступае, Рукі ў бокі падпірае: «Гаспадар на коні я, Гэта пара, цар, мая». - «У цябе я іх купляю. Прадаеш?» - «Не, цар, мяняю», - «Колькі даць за іх дабра?» - «Два-пяць шапак серабра». - «Дзесяць, значыць. Што ж, цудоўна!» Цар сказаў адважыць роўна, Але потым - шчодры цар! - Кінуў пяць рублёў у дар: У настроі быў, няйначай. Коней павялі гарачых Дзесяць конюхаў сівых. Пазументаў залатых Не злічыць на іх адзенні, З паясоў зіхцяць праменні, А хто ўбачыць іх бічы - Уцякай хутчэй, крычы. Коні гвалту не стрывалі І аброці ўшчэнт парвалі, Збілі з ног павадыроў І бягом да Вані зноў. Цар назад вярнуцца мусіў, Ваню так сказаў у скрусе: «Што ж, раз так - таму і быць, Да мяне ідзі служыць. У ядзе, піцці, адзенні - Заключаем пагадненне - Ты не знойдзеш і раўню. І канюшню аддаю Пад загад твой і апеку. Толькі доўга не кумекай, А згаджайся. Я прашу!» Загуло ў хлапца ўвушшу, Царскі жэст узрушыў дурня. Думае: «Вось гэта гульні! У палацы буду жыць? Буду ў золаце хадзіць, Як у свята адзявацца, Як у масле сыр качацца? Нават конны свой завод Аддае мне ў абарот? Дзіва: проста з агарода Стану царскі ваявода...» Кажа: «Добра! Так і быць, Буду, цар, табе служыць. Як не будзеш прыдзірацца І давацьмеш высыпацца, Будзе добра ўсё. А не - Толькі й бачыў ты мяне!» Скакунам адразу свіснуў, Пугай моцна ляснуў-хлыснуў, На ўсё горла заспяваў. Трапака канёк скакаў І дурэў, як жарабятка. Вараныя ж для парадку, Нібы лебедзі, плылі Па паветры ля зямлі. Так ішлі яны сталіцай, Хто хацеў, мог падзівіцца. У братоў жа клопат свой, Кожны быў, нібы герой. Хоць купілі па кілішку, Не спусціліся да лішку. Як вярнуліся дамоў, Падзялілі грошы зноў. Пазнаходзілі кабетак, Пажаніліся налета, Сталі жыць ды пажываць, Ды Івана ўспамінаць. Хай жывуць. Хай шчасціць людзям. А з Іванам мы пабудзем, Ёсць пра што яшчэ сказаць, Яго службу паказаць. Не, не мёдам стала служба, Дружба царская - не дружба. У наступнай скажам дзеі, Як папаў у чарадзеі, Злом плацілі за дабро. Потым - як праспаў пяро. Як схітрыў, злавіў Жар-птушку, Сеўшы ў сховань ля кармушкі. Як цар-дзеўку здабываў, З дна пярсцёнак даставаў, Як паслом пабыў на небе Па цар-дзеўчынай патрэбе, Вырваў у кіта са схоў Роўна трыццаць караблёў, Як у кіпені купаўся, Ледзь з жыццём не развітаўся, Стаў прыгожым малайцом І зрабіўся ён царом.

Интересное

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.