Рша камен...

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Рша камен...
Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 
Жанр: Эссе, Проза 
Серия:  
Страниц: 
Год: 1991 
Гораду майму — дзевяцьсот. Не дужа шмат, але не так ужо і мала. Полацк, самы стары горад усходніх славян, вядома, старэйшы за яго, але многія — маладзейшыя. Дзевяцьсот… Усе гэтыя гады ляжыць ён на вышынях Беларуска-літоўскага ўзвышша, на ўвалах, над Дняпром і ягонымі парогамі. Пойдзеш некуды за Чарталле, сядзеш над празрыстымі водамі, паглядзіш на зарэчныя камяніцы і сады і адчуеш — радзіма. Хай сабе і не жылі тут твае продкі, а — радзіма. Тое самае, відаць, адчуваў і Купала, бо нездарма ж ён пасяліўся менавіта ў гэтых мясцінах. Усе мы пілі гэтую ваду. Карычневую, як чай, — з Аршыцы, мяккую і празрыстую — з Дняпра, вуглякісла-жалезістую — з Любавіцкіх крыніц. I ўсе мы, з часоў Усяслава-чарадзея, асядалі на гэтых стасажэнных гарбах, на Кабыліцкім вапняковым кліне, здабывалі тарпу і секлі лясы, палявалі на бабровых гонях, ішлі на звера і дзічыну, здабывалі балотную жалезную руду, каменнае масла (нафта дагэтуль точыцца ў ваду з берагоў) і непараўнальны наш вапняк. "Аршанцы-вапеннікі, на вапне любяцца, на вапне родзяцца і ў вапну кладуцца". Мы заўсёды былі народ прадпрымальны. Дзегцяры, цагельнікі, смаляры. Наваколле нашага горада заўсёды славілася садамі і пародным быдлам. Першыя на Беларусі плугі з'явіліся ў сялян — тут. I яшчэ — вытворчасць дроту, цвікоў, шкур. I ўсё гэта — на крутых і ізвілістых берагах, на шматлікіх "бітых дарогах", дужа старажытных (князь Расціслаў ішоў праз Оршу на Друцк — някепскай дарогай — яшчэ ў 1127 годзе). Пазней сталі мы параходным краем (пала параходства, а шкада!), а яшчэ пасля — краем чыгуначным.

Интересное

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.