Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Гронкі гневу
Автор: Стейнбек Джон Эрнст 
Жанр: Роман, Проза, Классическая проза 
Серия:  
Страниц: 97 
Год: 1993 
Раздзел першы На чырвоныя землі і частку шэрых зямель Аклахомы апошнія дажджы падалі мякка і не размылі сухую, патрэсканую глебу. Плугі ўдоўж і ўпоперак прайшліся па канаўках — слядах дажджавых ручайкоў. Пасля дажджоў кукуруза хутка прарасла, на абочынах дарог сям-там вышугалі трава і бур'ян, і пад зялёным покрывам пачалі знікаць шэрыя і цёмна-чырвоныя фарбы. У канцы траўня неба зрабілася бялёсым, і аблокі, што ўсю вясну віселі кучкамі высока ў небе, паступова расталі. З дня ў дзень сонца апякала гарачымі промнямі падрослую кукурузу, і па краях зялёных расткоў пачалі праступаць карычневыя беражкі. Хмары наплывалі і хутка знікалі, а неўзабаве і зусім перасталі збірацца. Ратуючыся ад сонца, пустазелле набыло цёмна-зялёны колер і ўжо не перакідвалася на новыя ўчасткі. Паверхня зямлі запяклася ў тонкую цвёрдую скарынку, і па меры таго як выцвітала неба, выцвітала і зямля — чырвоная ружавела, а шэрая выгарала да белізны. У размывах, што засталіся пасля дажджоў, зямля асыпалася сухімі струменьчыкамі. Шмыгаючы па іх, суслікі і мурашкаеды абрыналі маленькія лавіны пяску. Дзень за днём жорстка паліла сонца, і лісце маладой кукурузы траціла пруткасць і прамізну — спярша ліст крыху прагінаўся пасярэдзіне, потым падоўжная жылка яго слабела і ён панікаў долу. У чэрвені сонца пачало пячы шалёна. Карычневыя палоскі па краях кукурузных лістоў шырэлі, падбіраліся да галоўнай жылкі. Пустазелле зморшчылася, яго бадыліны паніклі верхавінкамі да каранёў. Паветра зрабілася празрыстае, неба зусім зліняла, зямля таксама з кожным днём усё больш блякла.

Интересное

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.