Ферма

Оруэлл Джордж

Ферма
Автор: Оруэлл Джордж 
Жанр: Классическая проза, Проза, Повесть 
Серия:  
Страниц: 15 
Год:  
I Містэр Джоўнз, гаспадар фермы Мэнар, зачыніў на ноч курнікі, але ён быў такі п'яны, што забыўся пра куранячыя пралазы. Ідучы за кругам святла ад ліхтара, якое скокала з боку ў бок, ён прайшоў, хістаючыся, праз двор, скінуў боты каля тыльнага ўвахода, нацадзіў сабе апошнюю шклянку з бочкі ў каморы і падняўся ў спальню, дзе ўжо храпла місіс Джоўнз. Як толькі святло ў спальні згасла, ва ўсіх пабудовах на ферме пачалося варушэнне і розрух. Яшчэ ўдзень паўсюль разышлася чутка, што стары Маёр, дыпламаваны кныр сярэдняй белай пароды, прысніў папярэдняе ночы дзіўны сон і хацеў бы пераказаць яго іншым жывёлам. Было дамоўлена, што яны ўсе збяруцца ў вялікім гумне, як толькі ўпэўняцца, што містэр Джоўнз заснуў і не здолее ім перашкодзіць. Старога Маёра (так яго заўсёды называлі, хоць на сельскагаспадарчай выставе ён выступаў пад імем Уілінгдонскі Прыгажун) усе на ферме так глыбока паважалі, што кожны быў гатовы ахвяраваць гадзінаю сну, каб пачуць, што ён меўся сказаць. У адным канцы вялікага гумна, дзе было нешта накшталт прыўзнятай пляцоўкі, пад ліхтаром, што звісаў з бэлькі, ужо ляжаў Маёр, зручна ўладкаваўшыся на саламяным подсціле. Яму было дванаццаць гадоў, і за апошні час ён моцна растлусцеў, але гэта ўсё яшчэ быў самавіты вяпрук з мудрым і дабразычным абліччам, нягледзячы на тое, што яму ніколі не падрэзвалі іклаў. Ужо даўно пачалі прыходзіць і іншыя жывёліны, уладкоўваючыся, як каму зручней. Спачатку прыйшлі тры сабакі, Званочак, Джэсі і Пінчар, пасля свінні — яны разлегліся на саломе перад самай пляцоўкай. Куры паселі на падаконні, галубы заляцелі на кроквы, авечкі і каровы леглі за свіннямі і пачалі жваць жуйку. Двое цяглавых коней, Баксёр і Канюшынка, увайшлі разам, ступаючы вельмі павольна і асцярожна апускаючы свае вялікія кашлатыя капыты, каб не раздушыць якую малую жывёліну, што схавалася ў саломе. Канюшынка была мажная кабыла-жарабятніца сярэдняга веку, да якой пасля чацвёртага жарабення так ужо і не вярнулася яе колішняя зграбнасць. Баксёр быў вялізнаю жывёлінаю, амаль васемнаццаць далоняў вышынёю, і дужы, як два звычайныя кані разам. Белая паласа ў яго на носе надавала яму крыху дурнаваты выгляд, дый сапраўды, вялікім розумам ён не вылучаўся, але ўсе навокал паважалі яго за цвёрды характар і неверагодную цягавітасць. Пасля коней прыйшлі белая каза Мюрыэль і асёл Бэнджамін. Бэнджамін быў сама старою і сама сярдзітаю жывёлінай на ферме. Гаварыў ён рэдка, а калі і раскрываў рот, дык звычайна каб зрабіць якую цынічную заўвагу — напрыклад, ён казаў, што Бог даў яму хвост, каб адганяць мух, але хай бы лепш не было ні хваста, ні мух. Сярод усіх жывёлаў на ферме ён быў адзіны, хто ніколі не смяяўся. Калі ў яго пыталіся чаму, ён адказваў, што не бачыць, з чаго смяяцца. Тым не меней, не прызнаючы таго адкрыта, ён быў вельмі прыязны да Баксёра; абодва яны звычайна бавілі нядзелі разам на маленькім выгане за садам, там пасвіліся побач і ніколі не размаўлялі.

Интересное

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.