Людзі на балоце

Мележ Иван

Людзі на балоце
Автор: Мележ Иван 
Жанр: Советская классическая проза, Проза 
Серия: Палеская хроніка [1] 
Страниц: 69 
Год: 1995 
Частка першая Раздзел першы 1 Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы. Вёска тулілася ля берага вострава — платы агародаў дзе-нідзе забягалі на куп'ё ўзболатка. З другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі да краю лесу палі, таксама скупыя, няўдзячныя, хоць у іх глебе і было менш пяску. З поўдня балоты зноў падбіраліся да саламяных, замшэлых радоў стрэх, але ў гэты бок ішла найбольш сувязь са светам, і тут па дрыгве была намошчана дарожка. Што гэта за дарожка, можна меркаваць хоць бы з таго, што ездзілі па ёй смела толькі ў маразы, калі і непралазная твань навокал рабілася цвёрдая, як ток, ці ўлетку, калі дарожка перасыхала. Большую частку года востраў быў як бы адасоблены ад іншых вёсак і мястэчак. Нават у непаганыя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся сюды ў паляшуцкай торбе нялёгка — каму было прыемна лазіць па гразі без вельмі важнай прычыны, — але і гэтая нямоцная сувязь са светам пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Восенню ці вясной яна перарывалася на цэлыя месяцы: багна, што страшна разбухала ад слоты і разводдзя, адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору. Многія дні людзі жылі, як на плыце, які злая нягода адарвала ад берага і занесла ў мора, — трэба чакаць адно, калі спадарожны вецер ці лёс зноў падгоніць да зямлі.

Интересное

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.