Сваякі

Быкаў Васіль

Сваякі
Автор: Быкаў Васіль 
Жанр:  
Серия:  
Страниц: 
Год:  
— Не! — сказала яна, стукнуўшы аб падлогу вілачнікам. — І не думайце! Седзячы ля стала, яны пераглянуліся. Старэйшы — высокі, худы, па-юнацку нязграбны Алесь адразу нахмурыўся і зацяўся ў сабе, а на зусім яшчэ хлапечым пухлаватым твары пятнаццацігадовага Сёмкі мільганула нешта ўпартае і злоснае. — Усё роўна пойдзем! — Паспрабуйце! Паспрабуйце, ірады! Бач, удумалі! Смаркачы няшчасныя! Я вам пакажу партызанаў! Гэта была пагроза, але ў ёй адчувалася не так сіла і ўпэўненасць, як бездапаможнасць, ад якой яна ўсхліпнула і з вілачнікам падскочыла да хлопцаў. Яны павінны былі б разбегчыся, як гэта рабілі заўжды дагэтуль, але цяпер нават не крануліся з месца, і гэта зусім раззлавала яе. Сёмка толькі ўзняў руку, яна выцяла яго некалькі разоў, не гледзячы куды, потым адзін раз — Алеся. Старэйшы прыняў яе ўдар з каменнай абыякавасцю на змрочным худым твары, нават не ўздрыгнуў, толькі мацней сцяў вусны, і яна зразумела, што ўсё гэта — дарма. Дарма ўвесь яе гнеў, яе лаянка, яе запазнелая спроба вярнуць сваю ўладу над хлопцамі. Роспач адразу падламіла яе і, кінуўшы вілачнік, яна выйшла ў сенцы. Некалькі пакутных хвілін яна корчылася на сундуку ад бездапаможнасці і крыўды, не ў стане зразумець, чаму яны такія ўпартыя ў гэтым відавочным і пагібельным сваім намеры? Яна разумела і нават апраўдвала, калі на гэта ішлі дарослыя — акружэнцы і свае мужыкі, але што ў той калатнечы магло прывабіць падлеткаў, амаль што дзяцей? Што яны зробяць у лесе, апроч як па-дурному загінуць, як загінуў той, што тыдзень назад з ночы ляжаў да поўдня на аколіцы, застрэлены нямецкай засадай, такі маладзенькі, прыгожы дзяцюк, у акрываўленай вайсковай сарочцы. Так і яны будуць валяцца дзе-небудзь, і на іх будуць страхавіта глядзець незнаёмыя людзі, і п'яныя паліцаі будуць перакочваць іх сваімі падкутымі ботамі, а на іх босых нагах будуць апантана бегаць прагныя веснавыя мухі…

Интересное

Copyrights and trademarks for the book, and other promotional materials are the property of their respective owners. Use of these materials are allowed under the fair use clause of the Copyright Law.